Візіт Пуціна ў Кітай паказаў слабасць Расіі
- 24.05.2026, 17:22
Пекін выкарыстоўвае залежнасць Крамля дзеля ўласнай выгоды.
Візіт расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна у Кітай прадэманстраваў не толькі публічнае сяброўства паміж Масквой і Пекінам, але і ўсё больш глыбокую залежнасць Расіі ад Сі Цзіньпіна на фоне вайны супраць Украіны і канфрантацыі з Захадам. Пра гэта піша аглядальнік The Times, брытанскі палітолаг Марк Галеоці.
Падчас сустрэчы лідары чарговы раз гаварылі пра «мнагапалярны свет» і стратэгічнае партнёрства. Пуцін заявіў, што адносіны паміж краінамі «дасягнулі па-сапраўднаму беспрэцэдэнтнага ўзроўню», а Сі Цзіньпін назваў супрацоўніцтва «гістарычным максімумам усебаковага партнёрства».
Аднак за дыпламатычнымі ўсмешкамі, як адзначаюць аналітыкі, хаваецца ўсё больш няроўны баланс сіл.
Адным з ключавых чаканняў Масквы была дамоўленасць аб газаправодзе «Сіла Сібіры-2», які мусіў забяспечыць маштабныя пастаўкі расійскага газу ў Кітай.
Аднак пасля перамоваў пагадненне так і не падпісалі. Кітай працягнуў пазбягаць канкрэтных абавязацельстваў, а акцыі расійскага «Газпрама» пасля саміту ўпалі на 3,5%.
Пекін, нягледзячы на энергетычныя рызыкі ў свеце, не спяшаецца рабіць стаўку толькі на расійскія рэсурсы і паралельна нарошчвае закупкі звадкаванага газу з іншых краін.
Расія ўсё больш залежыць ад Кітая
На фоне вайны супраць Украіны Расія ў значнай ступені абапіраецца на кітайскія тэхналогіі і тавары. Ідзе гаворка пра мікраэлектроніку, кампаненты для беспілотнікаў і ракет, грамадзянскія FPV-дроны, шыны і нават матэрыялы для вытворчасці артылерыйскіх боепрыпасаў.
У той жа час Кітай, усведамляючы залежнасць Масквы, вядзе жорсткія перамовы і атрымлівае значныя эканамічныя перавагі.
У прыватнасці, Пекін купляе расійскі газ па цэнах, якія, паводле ацэнак экспертаў, на 20–30% ніжэйшыя, чым для іншых пакупнікоў. Акрамя таго, Кітай умацоўвае свае пазіцыі ў Арктыцы і атрымлівае доступ да новых гандлёвых маршрутаў.
У Маскве расце занепакоенасць
Нягледзячы на афіцыйную рыторыку пра «сяброўства без межаў», у расійскіх элітах усё часцей гавораць пра рызыкі празмернай залежнасці ад Кітая.
Расійскія спецслужбы фіксуюць актывізацыю кітайскага шпіянажу, бізнес скардзіцца на выцісканне мясцовых вытворцаў таннымі кітайскімі таварамі, а вайскоўцы баяцца ўзмацнення КНР паблізу агульнай мяжы.
Асобную трывогу выклікае перспектыва будучага кіраўніцтва Кітая пасля Сі Цзіньпіна — у Маскве не ўпэўненыя, што наступны кітайскі лідар будзе гэтаксама прагматычным у дачыненні да Расіі.
Пекін падтрымлівае Маскву, але на ўласных умовах
Аналітыкі адзначаюць, што Кітай не зацікаўлены ў паражэнні Расіі, аднак супрацоўнічае з Крамлём выключна дзеля ўласнай выгоды.
Сі Цзіньпін дэманструе Пуціну дыпламатычную падтрымку і дазваляе яму захоўваць вобраз «сусветнага лідара», асабліва пасля спробаў Захаду ізаляваць Расію. У той жа час Пекін не спяшаецца рабіць крокі, якія маглі б пашкодзіць кітайскім інтарэсам. Галеоці піша:
«Пекін ведае, што мае перавагу, і адпаведна таргуецца».
Вайна змяніла баланс
Эксперты лічаць, што менавіта вайна супраць Украіны рэзка ўзмацніла залежнасць Расіі ад Кітая. З-за санкцыяў, страт на фронце і эканамічных праблем Крамлю ўсё больш патрэбныя кітайскія рынкі, тэхналогіі і палітычная падтрымка.
Пры гэтым для Пуціна галоўным застаецца працяг вайны і захаванне ўлады, нават калі гэта азначае балючыя кампрамісы з Пекінам.
Галеоці падсумаваў:
«На дадзены момант кітайска-расійскія адносіны, хоць наўрад ці з’яўляюцца «сяброўствам без межаў», як іх абвяшчалі Пуцін і Сі, працуюць. За кулісамі яны адзначаны ўзаемнай падазронасцю і непрыхаваным эгаізмам. Аднак пакуль Пуцін і Сі, з уласных прычын, лічаць, што дамінуючы сусветны парадак створаны Захадам дзеля ўласнай выгоды і зручнасці, у іх ёсць усе падставы працаваць разам, калі могуць, і рабіць выгляд, што не заўважаюць сваіх разыходжанняў, калі гэта неабходна».