24 траўня 2026, Нядзеля, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мінску выпускнікі сарвалі спектакль у тэатры

1
У Мінску выпускнікі сарвалі спектакль у тэатры

Гледачы і акцёры абураныя паводзінамі школьнікаў.

Пасля спектакля «Не пакідай мяне» ў Драматычным тэатры Беларускай арміі гледачка пад нікам Vole4k паскардзілася на паводзіны выпускнікоў 9-х класаў. Паводле яе слоў, школьнікі крычалі, хадзілі па зале, свяцілі ліхтарыкамі і заміналі акцёрам граць, піша «Салідарнасць».

«Дзецішчы прабілі дно! Сёння было жахліва.

90% залы — выпускнікі 9-х класаў. Гэта сарамота! Каму напісаць, каб не вадзілі гэтыя «кветкі жыцця» ў тэатры. Асабліва на такія спектаклі. Галоўнаму герою давялося імправізаваць і рабіць гэтым «кошычкам» заўвагі са сцэны.

Яны раўлі, яны ржалі, яны хадзілі туды-сюды і ляпалі дзвярамі, яны свяцілі ліхтарыкамі. А педагогам было ўсё роўна. Гэта такое татальнае непаважанне да акцёраў і тэатра! Даведалася б, якая гэта школа і якія настаўнікі.

Вадзіце іх у цырк або заапарк і ў клеткі саджайце. Яны свісталі, пляскалі і раўлі кожны раз, як гас свет, не важна, сумна ці смешна. Што казалі акцёры, не было чуваць праз шум.

Кіраўніцтва тэатра, навошта вы аддаеце школам пад выкуп драму? Няхай ходзяць на камедыі. І было б нармальна пазначыць для гледачоў, што ў зале будзе балаган невыхаваных дзяцей.

Акцёрам рэспект. Я б спыніла спектакль. Такога непаважання я не сустракала. Спектакль цудоўны, прыйшлі другі раз, але паглядзець яго не ўдалося. На жаль».

У каментарыях да допісу адгукнулася актрыса Валерыя Якубоўская, якая падзякавала аўтарцы за разуменне і выказала шкадаванне, што так сталася. Паводле яе слоў, акцёры самі былі шакаваныя, і такое з імі здарылася ўпершыню.

«Мы, акцёры, сапраўды хочам папрасіць прабачэння за гэтую сітуацыю! Вядома, не ад нас залежыць, хто прыйдзе на спектакль, але нам, праўда, вельмі шкада, што сёння здарылася тое, што здарылася… Мы пастараемся зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб такіх сітуацый не было!» — напісала актрыса.

«Вось што бывае, калі ў тэатр прыходзяць прымусова», — адзначыў адзін з тых, хто прачытаў допіс.

У абмеркаванні таксама пішуць, што «дно прабілі не дзецішчы, а тыя, хто прыдумаў прымусовы патрыятызм», падкрэсліваючы, што ў тэатр трэба хадзіць па жаданні, а не па прымусе і разнарадцы.

Адгукнуўся на допіс чалавек, які працуе ў тэатры гукарэжысёрам:

«У нас прыкладна такая ж карціна на спектаклях, куды дзяцей прыганяюць цэлымі класамі кожны раз. Стада бабуінаў, што раве так, што ў мяне магутнасці апаратуры не хапае, каб перабіць гэты віск.

Але вось калі на спектаклі ідуць дзеці з бацькамі або хлопцы старэйшыя, але самастойна, то ў зале цішыня. Выснова — прымусова загнаныя дзеці проста выказваюць свой пратэст. Я не віню іх у гэтым) Гэта іншае пакаленне, яны будуць пратэставаць».

На думку часткі аўдыторыі, тое, што адбылося, — пракол сістэмы адукацыі.

«Спытайцеся ў Міністэрства адукацыі, навошта яны сілай зганяюць дзяцей на спектаклі, якія ім нецікавыя».

«Тэатр не вінаваты. Гэта прымус, санкцыянаваны ўладамі ў межах насаджэння перамогабессе і ўра-патрыятызму. Перш за ўсё, гэта прыніжэнне самога тэатра і артыстаў, якія вымушаныя выдзяляць па квотах білеты для школ».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках