Лукашэнка нарываецца на адказ «Мадзяра»
4- 27.05.2026, 13:36
- 2,406
Беларускія НПЗ рэзка павялічылі продажы бензіну ў Расіі.
Наступствы ўкраінскіх атак на нафтапераапрацоўчую інфраструктуру Расіі даюць пра сябе ведаць. У маі рэзка ўзраслі продажы бензінаў з Беларусі на Пецярбургскай біржы.
Продажы бензіну беларускіх НПЗ на Пецярбургскай біржы 1–22 мая павялічыліся да 17,34 тыс. тон супраць 0,3 тыс. тон за той жа перыяд годам раней, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага біржавога цэнавага агенцтва. Рэалізацыя беларускага паліва за 18–22 мая ўзрасла да 8,88 тыс. тон, што амаль у чатыры разы перавышае паказчык мінулага тыдня (2,28 тыс. тон). З гэтага аб’ёму было прададзена 6 тыс. тон АІ-92, 2,4 тыс. тон — АІ-95, 0,48 тыс. тон — АІ-100, піша «Коммерсантъ».
Попыт на беларускае паліва захоўваецца, нягледзячы на высокую прэмію да прапаноў расійскіх НПЗ, а цэны дэманструюць рост, вынікае з агляду. Паводле слоў удзельнікаў рынку, якіх цытуюць аналітыкі, ва ўмовах пазапланавых рамонтаў на НПЗ пакупнікі праяўляюць цікавасць да імпартнага паліва з улікам «фактычнай наяўнасці рэсурсу і тэрмінаў пастаўкі на месцы». Пры гэтым кошт беларускага бензіну заўважна перавышае кошт расійскага
Варта адзначыць, што камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт «Мадзяр» Броўдзі заявіў, што Кіеў ужо вызначыў першыя 500 мэтаў, па якіх будзе нанесены ўдар, калі Лукашэнка працягне ўцягвацца ў вайну РФ супраць Украіны.