Аляксандра Герасіменя пра рашэнне МАК: Дзеля чаго зняцце гэтых санкцый?
3- 9.06.2026, 10:42
- 2,938
Рэпрэсіі не спыненыя, людзі сядзяць у турме.
Шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні, уладальніца трох алімпійскіх медалёў Аляксандра Герасіменя падзялілася ў эфіры «Звычайнай раніцы» меркаваннем пра рэкамендацыю Міжнароднага алімпійскага камітэта зняць абмежаванні з беларускіх спартсменаў.
– Я як спартсменка цудоўна разумею, што кожны спартовец у сваёй кар’еры хоча дасягнуць максімуму, і ў яго няма магчымасці зрабіць у гэтым паўзу. Калі ты спыніўся, то, у прынцыпе, спазніўся, свой цягнік прапусціў.
І я як спартсменка выдатна разумею тых спартсменаў, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, хочуць выступаць, працягваць сваю спартыўную кар’еру, быць найлепшымі.
Але давайце глядзець на сітуацыю больш глабальна. Давайце глядзець на тое, што адбываецца ў Беларусі.
Хіба рэпрэсіі спыніліся? Хіба нешта змянілася? Хіба тыя людзі, якія сядзяць у турмах за сваю пазіцыю, а некаторыя, магчыма, нават выпадкова туды трапілі, заслугоўваюць таго, каб там быць?
Бо дзеля гэтага, уласна, і накладваюцца санкцыі — каб гэтыя людзі мелі магчымасць выйсці на волю. Мы цудоўна разумеем, што адбываецца ў нашай краіне. Мы выдатна бачым, як гандлююць людзьмі, у тым ліку тымі, якія сядзяць у турме.
І, вядома, для мяне гэтае рашэнне проста жудаснае. Рэпрэсіі не спыненыя, людзі сядзяць у турме. Дзеля чаго зняцце гэтых санкцый? Што змянілася ў нашай краіне?
– Так, іх уводзілі не за рэпрэсіі. Афіцыйная цытата: «Немагчыма забяспечыць бяспеку на турнірах з удзелам зборных Беларусі і Расіі».
– А хто ўвогуле ўводзіў якія-небудзь санкцыі супраць таго, што Расія пачала агрэсію супраць Украіны, і Беларусь была ў гэтым замешаная? Былі нейкія спосабы.
Добра, ці хто-небудзь уводзіў санкцыі з-за таго, што ў Беларусі былі рэпрэсіі, з-за таго, што людзі пакутавалі? Не. Усе знаходзілі нейкія іншыя прычыны: самалёт пасадзілі, яшчэ нешта больш глабальнае. Ніхто не мог ясна і канкрэтна сказаць, што ў нашай краіне знішчаюць уласны народ.
Усе былі вельмі занепакоеныя, але ніхто так і не ўвёў канкрэтна санкцыі менавіта за гэта. І натуральна, як яны могуць накласці санкцыі за тое, што яны нават агучыць баяцца? – сказала Герасіменя.