Бацька ўладальніка аднаго з самых папулярных футбольных клубаў свету нарадзіўся ў Беларусі
3- 9.06.2026, 14:10
- 4,178
Фота: bloomberg.com, ru.wikipedia.org
Архівісты выявілі цікавыя звесткі.
Футбольным клубам «Манчэстэр Юнайтэд», адным з самых папулярных у свеце, валодае сям'я бізнесмена Малкольма Глейзера. Як высветлілі беларускія архівісты, яго продкі родам з беларускага горада Паставы.
Бабуля Малкольма Глейзера, Бейля Абрамаўна Свірская, нарадзілася ў Паставах у 1866 або 1872 годзе. Яе бацька, Абрам Лейбавіч Свірскі, прыкладна 1839 года нараджэння, меў у Паставах уласны дом і належаў да Свірскага мяшчанскага таварыства Свянцянскага павета (цяпер Свір — гэта гарадскі пасёлак у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці). Акрамя дачкі Бейлі, у яго было як мінімум трое сыноў — Шлема, Ёсель і Моўша.
У Паставах Бейля пазнаёмілася з Моўшам-Іцэкам Глезерам і прыкладна ў 1887—1888 гадах выйшла за яго замуж. Адкуль ён быў родам, пакуль не высветлена (магчыма, з Антопаля на Кобрыншчыне). Каля 30 гадоў сужэнцы жылі ў Паставах. У іх доме на вуліцы Віленскай (цяпер Савецкая) Бейля трымала невялікую крамку з гаспадарчымі драбязамі. У пары нарадзілася каля дзесяці дзяцей, з якіх выжылі, не памершы ў раннім узросце, шасцёра.
У 1912 годзе адзіны вядомы сын Моўшы-Іцэка і Бейлі, Абрам Глезер, які нарадзіўся ў 1890 годзе, самастойна перабіраецца ў ЗША — магчыма, каб пазбегнуць прызыву ў войска. Сын Абрама Малкольм Глейзер (Malcolm Glazer, 1928−2014) стаў буйным бізнесменам, а ў сярэдзіне 2000-х набыў футбольны клуб «Манчэстэр Юнайтэд». Цяпер камандай валодаюць яго сыны.
Лёс Глезераў, што засталіся ў Беларусі, склаўся сумна. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны яны перабраліся з Пастаў у Глыбокае. Бейля з дачкой Маняй займалася гандлем, дачка Міра вучылася, дачка Фаня выйшла замуж за Оўсея Хейфеца з Зембіна Барысаўскага павета. Яшчэ дзве дачкі, Соня і Берта, жылі ў Панявежы (цяпер Літва), першая памерла ў 1917 годзе.
Апошняе вядомае згадванне Бейлі Глезер сустракаецца ў 1938 годзе: яна значылася ў спісах выбаршчыкаў у парламент Польшчы як жыхарка Глыбокага, гаспадыня дома па вуліцы Замкавай, 64 (цяпер вуліца Леніна). Разам з ёй па гэтым адрасе значыліся дачка і зяць Фаня і Оўсей Хейфецы, якія перанялі яе гандлёвую справу, і іх дзеці.

Усё перакрэсліла Другая сусветная вайна. У 1941—1943 гадах яўрэйскае насельніцтва Глыбокага мэтанакіравана знішчалася нацыстамі, колькасць ахвяр дасягнула некалькіх тысяч. Амаль уся сям'я Хейфец загінула пры канчатковым знішчэнні глыбоцкага гета ў 1943-м. Вядомая толькі адна выжыўшая — унучка Бейлі Глезер, дачка Фані, Роза Аўсееўна Хейфец. Яна была ўдзельніцай розных партызанскіх атрадаў у ролі медсястры і кухаркі, захаваўся яе асабісты лісток па ўліку партызанскіх кадраў.