Прададзены самы дарагі дом у Мінскай вобласці
2- 9.06.2026, 14:16
- 2,282
Кошт — $1,2 мільёна.
Будаўніцтва гэтага катэджа непадалёк ад пляжу №3 Заслаўскага вадасховішча пачалося ў 2022 годзе. Жылы комплекс Miruar Spa-Hotel & Villas размясціўся на ўчастку, які ў савецкі час займаў рэстаран «Заслаўе», піша realt.by.
Нягледзячы на тое, што новае паселішча ўзнікла побач з вёскай Зарэчча-1, афіцыйна яно адносіцца да аграгарадка Ждановічы. Увесь комплекс складаецца з 44 віл плошчай 290—650 квадратных метраў.
Як пазначана на сайце праекта, у кожным доме прадугледжаны басейн, хамам, сауна і трэнажорная зала. На ўчастку абяцаюць ландшафтны дызайн з аўтаматычным палівам і падсветкай, а таксама зону барбекю.
Акрамя таго, на тэрыторыі будзе Spa-Hotel, салон прыгажосці, трэнажорная зала і кафэ-рэстаран. Зараз адна частка, бліжэй да вёскі, яшчэ будуецца, а частка комплексу, размешчаная сярод лесу і недалёка ад пляжу Мінскага мора, ужо гатовая.
І менавіта тут (на вуліцы Прыбярэжнай) у маі купілі самы дарагі дом. Ім стала віла 2025 года пабудовы плошчай 597 квадратных метраў. За яе аддалі 1,2 мільёна долараў. Дарэчы, год таму падобны катэдж абышоўся пакупніку крыху танней — мільён долараў.