«Вы думаеце, я не сплю проста так?»
3- 9.06.2026, 14:52
- 2,030
Жыхары памежжа на Гомельшчыне абураюцца пастаяннымі пралётамі расійскіх дронаў.
Расійскія баявыя беспілотнікі працягваюць рэгулярна заўважацца ў памежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласці. Пацвярджанні такім выпадкам «Флагшток» знаходзіць у сацсетках. Бачна, што сітуацыя ўжо так дастала жыхароў, што некаторыя не баяцца рэпрэсій, здымаюць і выкладваюць відэа з моцным гулам пралёту дрона.
На роліках выразна чутны гук «Шахеда». Аўтары відэа і каментатары абураюцца шумам і кажуць, што БПЛА ляцяць у бок Украіны. У адным з населеных пунктаў днямі паведамлялі, што за адзін раз бачылі мінімум пяць пралётаў беспілотнікаў.
У каментарыях таксама адзначаюць, што БПЛА ляцяць на вельмі нізкай вышыні. Гэта робіцца для таго, каб ускладніць іх выяўленне радарамі.
Адно з апошніх такіх відэа — з Лоеўскага раёна. Аўтар, які выклаў ролік 8 чэрвеня, эмацыйна і нецэнзурна абураецца тым, што БПЛА з гучным гукам пралятае ў 4 гадзіны раніцы. Судзячы па яго выказваннях, гэта адбываецца не ўпершыню.
«Вы думаеце, я не сплю проста так? Яны гудуць так, што вібрацыя па сценах ідзе», — напісаў аўтар у каментарыях.
Дакладна невядома, ці было ў тых выпадках парушана паветраная прастора Беларусі. Маніторшчыкі і Узброеныя сілы Украіны фіксуюць толькі пастаянныя перасоўванні груп расійскіх БПЛА ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх запускаюць з Бранскай вобласці курсам на захад.
Як распавядаў «Флагшток», гэта тактыка накіраваная на ўскладненне працы ўкраінскай супрацьпаветранай абароны і выкарыстанне беларускай паветранай прасторы ў якасці прыкрыцця. БПЛА ляцяць калонай (ланцужком) паралельна мяжы, каб пазбегнуць ранняга выяўлення і прарвацца ў глыб заходніх або цэнтральных абласцей Украіны.