Хто насамрэч вінаваты ў праблемах «Камволя»?
2- 9.06.2026, 15:06
- 1,550
На завод чамусьці не кідаюцца ткачыхі з Польшчы або Літвы.
Беларусы зноў не ўгодзілі лукашэнкаўскім кіраўнікам. Гэтым разам кіраўніца мінскага «Камволя» Таццяна Лугіна у эфіры дзяржТБ паскардзілася на нізкую інтэнсіўнасць працы суайчыннікаў, якая нібыта негатыўна адбіваецца на паказчыках прадпрыемства, піша «Салідарнасць».
«Калі мы прыходзім на працу, мы спачатку пап'ём чай, раскажам суседцы, як мы заквасілі капусту, а на працы як мінімум хаця б 8 гадзін трэба працаваць», — сказала яна.
@charter97.org Кіраўніца «Камволя» абвінаваціла беларусаў у нізкай працоўнай дысцыпліне #беларусь #новости #тренды #тикток #работа #зарплата #люди #обсуждение #вирусно #топ ♬ оригинальный звук - Хартия97
І прывяла ў прыклад замежных работнікаў:
Я ўсім кажу: працуем мы шмат часам не таму, што кіраўнікі прымушаюць заставацца, у суботу выходзіць, а таму што мы проста нават 8 гадзін часам не адпрацоўваем. Інтэнсіўна, напружана, сканцэнтравана, уважліва.
Таму вось у нас ёсць эфіопы, якія, па нашых мерках, за прымальны ўзровень аплаты выконваюць гэтую працу і адчуваюць сябе выдатна. І першы час, зноў жа, казалі: «Дайце больш працы, дайце больш працы». То бок людзі з тых краін працуюць вельмі шмат.
Эфіопаў кіраўніцы «Камволя» здалося мала, і яна распавяла пра размову з «бізнесменам сусветнага маштабу» з Індыі, уладальнікам тэкстыльнай фабрыкі.
Паводле яе слоў, суразмоўца адмовіўся дасылаць сваіх супрацоўнікаў у Беларусь для абмену досведам: «Вы працуеце па 8 гадзін, у нас працуюць па 12. У вас усе працуюць павольна. Я не хачу, каб мае людзі запаволілі тэмп».
І, напэўна, каб уперадзіць магчымыя пярэчанні, чыноўніца нагадала пра «сацыяльна арыентаваную дзяржаву». Дадаўшы, што «не кожны да канца разумее, у якім шчасці мы жывём, працуючы па 8, а то часам і менш гадзін, і ведаючы ўсе ўмовы працы, якія нам павінны забяспечыць».
Адным словам, раздзягайцеся і працуйце, пажадана па 12 гадзін.
Папракнуўшы беларусаў у чарговым граху, як гэта заведзена ў беларускіх чыноўнікаў, Таццяна Лугіна «забылася» на некалькі важных дэталяў ва ўсёй гэтай гісторыі.
Напрыклад, пра ўзровень заробкаў у Эфіопіі, дзе ў сталіцы добрым заробкам лічыцца пара сотняў долараў, а ў правінцыі даводзіцца задавольвацца сумамі ў разы меншымі.
Нядзіўна, што, убачыўшы далёка не самы вялікі мінскі заробак, эфіопскія работнікі папрасілі больш працы. Дарэчы, пра заробкі на «Камволі»: як даведалася «Зеркало», у сярэднім яны ў 1,5, а то і ў 2 разы ніжэйшыя, чым па Мінску.
Акрамя таго, на мінскі «Камволь» чамусьці не кідаюцца ткачыхі з Польшчы або Літвы. Нешта не вабіць іх шчаслівае жыццё ў нашай «сацыяльна арыентаванай дзяржаве».
У Індыі насамрэч працуюць па 12 гадзін, а то і больш. Але ці гатовая Лугіна плаціць сваім работнікам звышурочныя? А выдзяляць дадатковы аплатны адпачынак?
І зноў пытанне: чаму мы павінны арыентавацца менавіта на гэты прыклад, а не на досвед блізкіх нам еўрапейскіх краін, што ўзялі курс на скарачэнне працоўных зменаў?
І самае галоўнае. Як так атрымалася, што прадпрыемства, якое коштам бюджэтных мільёнаў нібыта асабіста выратаваў Лукашэнка, сёння патанае ў даўгах?
Чаму Лугіне праз паўтара дзясятка гадоў пасля «ратавальнай аперацыі» зноў даводзіцца «выцягваць» галіну?
Але наўрад ці мы пачуем адказы на гэтыя пытанні. Бо куды прасцей абвінаваціць ва ўсіх грахах секанд-хэнды і беларусаў, што не спяшаюцца працаваць і ахвотныя да замежных брэндаў.