Што прынясе Беларусі наймацнейшы за 140 гадоў супэр-Эль-Ніньё?
2- 9.06.2026, 15:51
- 2,676
Тлумачыць кліматыёлаг.
Метэаролагі і кліматыёлагі папярэджваюць, што ў 2026–2027 гадах можа адбыцца наймацнейшы за апошнія 140 гадоў супэр-Эль-Ніньё, які прынясе павышэнне тэмпературы паверхні акіяна, а разам з тым – нестабільнае надвор'е і экстрэмальныя кліматычныя з'явы. Што гэта такое, адкуль бярэцца, якую небяспеку нясе, як да яго падрыхтавацца, і якія наступствы ён можа мець для Беларусі? У размове з «Белсатам» тлумачыць кандыдатка геаграфічных навук, кліматычная экспертка, прадстаўніца альянсу «Зялёная Беларусь» Ганна Скрыган.
У чым сутнасць Эль-Ніньё?
Эль-Ніньё — гэта глабальная кліматычная з'ява, калі тэмпература павярхоўнага слоя вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна анамальна павышаецца. Гэта парушае звыклыя атмасферныя патокі і правакауе рэзкія змены надвор'я (засухі, паводкі і тэмпературныя рэкорды) па ўсёй планеце.
Гэта перыядычны працэс (ўзнікае раз на 2–7 гадоў, цягнецца ад дзевяці да 12 месяцаў) у акіяне, звязаны з асаблівасцямі цыркуляцыі вады ў ім, тлумачыць Ганна Скрыган. Пачынаецца ён звычайна ля берагоў Паўднёвай Амерыкі. Там дзьмуць вятры трапічных шырот, якія называюцца «пасатамі». Яны дзьмуць у Ціхім акіяне ад Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі ў бок Азіі.
«Назіраецца такая з'ява, як знос вады — вецер перамяшчае павярхоўныя воды. Тады атрымліваецца, што ля берагоў Паўднёвай Амерыкі вады становіцца быццам бы менш. Гэтая сітуацыя спрыяе таму, што з глыбінь вада падымаецца на паверхню — гэтая з'ява называецца «апвелінг». Вада ў глыбіні халаднейшая ў параўнанні з паверхняй. І таму ля берагоў Паўднёвай Амерыкі ў норме існуе халоднае Перуанскае цячэнне. Яно не дазваляе выпадаць дажджам у пустыні Атакама і дазваляе збіраць велізарныя ўловы перуанскага анчоўса, бо халодная вада багатая кіслародам, што спрыяе размнажэнню рыбы», — тлумачыць экспертка.
Паверхневая цёплая вада прыбіваецца пасатамі да берагоў Азіі і там назапашваецца на працягу некалькіх гадоў.
«Як пуховая коўдра збіраецца масіў гэтай цёплай вады. Ён робіцца большым у глыбіню і ўшыркі, а раз на некалькі гадоў адбываецца перазагрузка гэтай сістэмы — калі пасаты сціхаюць і цёплая вада перастае перамяшчацца ад Паўднёвай Амерыкі да Азіі. Тады халодныя цячэнні знікаюць — халоднай вадзе няма сэнсу падымацца ўверх, бо цёплая ўжо не здзьмухваецца. І вось гэты момант, калі халоднае Перуанскае цячэнне знікае, называецца Эль-Ніньё», — кажа кліматыёлаг.
Што прынеслі папярэднія супэр-Эль-Ніньё?
Гэта звычайна адбываецца на Божае Нараджэнне. Там, дзе вада звычайна халодная, яна робіцца цёплай. У бязводнай пустыні Атакама ідуць дажджы. Гіне рыба — той самы перуанскі анчоўс, бо ён адчувальны да тэмпературы і фактычна не вытрымлівае цёплай вады. Яго ўловы рэзка падаюць: калі звычайна вылоўліваюць 8–9 млн тон, то ў год Эль-Ніньё — толькі каля 2 млн тон.
«Сціханне пасатаў рыкашэтам уплывае на ўсю зямную сістэму, і тады на працягу наступнага года па ўсёй планеце назіраюцца розныя анамаліі. У Сахары пачынаюць выпадаць дажджы, дзе-нідзе наадварот з'яўляюцца рэзкія тайфуны, дзе-нідзе — засуха. Надвор'е становіцца анамальным», — кажа экспертка.
Супэр-Эль-Ніньё з'яўляцца, калі тэмпература паверхні ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна становіцца анамальна высокай, вышэйшай, чым падчас звычайнага Эль-Ніньё. Так бывае раз на 10–20 гадоў.
Моцныя супэр-Эль-Ніньё адбываліся ў 1982–1983, 1997–1998 і 2015–2016 гадах.
Супэр-Эль-Ніньё выклікаюць:
паводкі ў Перу і Эквадоры;
моцныя засухі ў Інданезіі і Аўстраліі;
неўраджаі ў шэрагу краін;
масавае абясцвечванне каралаў;
рэкардна высокія глабальныя тэмпературы.
Напрыклад, Эль-Ніньё 1997–1998 гадоў выклікаў маштабныя паводкі на ціхаакіянскім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі. Яго лічаць адной з самых разбуральных кліматычных падзей ХХ стагоддзя.
Супэр-Эль-Ніньё 2015–2016 гадоў прывёў да беспрэцэдэнтнага павышэння глабальнай тэмпературы, справакаваў рэкордныя хвалі спякоты, маштабныя засухі, неўраджаі і лясныя пажары ў адных рэгіёнах, а таксама разбуральныя ліўні і паводкі — у іншых. 2016 год прызнаны адным з самых гарачых у гісторыі метэаназіранняў.
Супэр-Эль-Ніньё 2026–2027 гадоў можа быць яшчэ мацнейшым.
Эль-Ніньё і глабальнае пацяпленне
Ганна Скрыган параўноўвае Эль-Ніньё з вентылятарам:
«Уявіце, што Ціхі акіян — гэта велізарны пакой. А пасярэдзіне стаіць вентылятар. Вентылятар працуе — цяпло ў Азіі, холад у Амерыцы, рыбакі ў Перу задаволеныя. Гэта норма. Вентылятар на максімуме — цяпло назапашваецца, як каля батарэі. Гэта Ла-Нінья. Вентылятар зламаўся — батарэя разраджаецца. Цяпло вырываецца ў атмасферу. Рэкорды тэмператур. Засухі. Паводкі. Гэта Эль-Ніньё».
Важны нюанс, пра які мала гавораць, — кожны наступны Эль-Ніньё «разраджае батарэю» пры больш высокай глабальнай тэмпературы, адзначае экспертка. Планку паднімаюць кліматычныя змены.
«Эль-Ніньё сам па сабе не вінаваты ў кліматычным крызісе — ён проста ўзмацняе тое, што ўжо ёсць. Менавіта таму супэр-Эль-Ніньё 2026 года можа стаць наймацнейшым за 140 гадоў. Яго амплітуда будзе ад пачатку высокая. Акрамя таго, ужываючы эканамічны тэрмін, ён “накладваецца на высокую базу” — на перагрэтыя воды акіяна, — кажа Скрыган. Тэмпература халоднага цячэння цяпер вышэйшая, чым павінна быць у норме. Эль-Ніньё вызваляе велізарную колькасць цяпла з акіяна ў атмасферу. І калі гэта адбываецца на фоне клімату, які ўжо пацяплеў, наступствы могуць быць сапраўды маштабнымі і непрадказальнымі».
Паводле звестак Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, Эль-Ніньё сёлета, хутчэй за ўсё, сфармуецца летам — у чэрвені–жніўні (80%) і з верагоднасцю 90% захаваецца да канца года. Большасць мадэляў паказвае, што пік прыйдзецца на восень і пачатак зімы ў Паўночным паўшар'і — з верасня па снежань 2026 года.
Найбольш прыкметныя наступствы для глабальнай тэмпературы праявяцца не сёлета, а праз некалькі месяцаў, і асноўны кліматычны эфект прыйдзецца на 2027 год.
Кліматыёлагі і метэаролагі занепакоеныя, што ўплыў гэтага супэр-Эль-Ніньё можа быць мацнейшы, чым раней, бо тэмпература паверхні ў усходняй частцы Ціхага акіяна ўжо як мінімум на 1,5°C вышэй за сярэднюю, а сярэдняя тэмпература Зямлі — на 1,3°C вышэй за ўзровень даіндустрыяльнай эпохі.
Падчас супэр-Эль-Ніньё 1997–1998 гадоў наша планета была прыкладна на 0,4–0,5°C халаднейшая, чым сёння. Таму цяпер такі ж Эль-Ніньё, як у 1997-м, можа мець больш сур'ёзныя наступствы, бо стартавая тэмпературная кропка ўжо вышэйшая.
Чаго чакаць у Беларусі?
Паколькі Эль-Ніньё ўплывае на ўсю планету, ён закране і Беларусь, падкрэслівае Скрыган.
Ужо на пачатку года было бачна, што змяняецца зімовая цыркуляцыя атмасферы, і арктычнаму паветру лягчэй трапіць у нашу краіну. Вясна была занадта сухой. Нягледзячы на вялікую колькасць снегу ўзімку, рэкі і азёры ўсё адно не дадалі вады. У наступным годзе, паводле слоў эксперткі, можна будзе ўбачыць паглыбленне веснавой засухі з-за недахопу ападкаў.
Паводле яе слоў, чэрвень у Беларусі выдаўся даволі тыповым — з прахалодай і дажджамі.
Хаця беларускія сіноптыкі абяцалі, што першы летні месяц сёлета будзе цяплейшы за норму.
Паводле прагнозу, які даў сіноптык Дзмітрый Рябоў, у чэрвені сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 1–2 градусы вышэй за кліматычную норму, якая складае ад +15°C на паўночным захадзе краіны да +18°C на паўднёвым усходзе. Гэта амаль на 4°C вышэй, чым у маі. Чэрвень абяцае дзённую тэмпературу ад +20°C да +25°C, а ў асобныя дні нават да +26–30°C.
А ўжо ў ліпені нас могуць чакаць хвалі спякоты і, магчыма, непрадказальныя і экстрэмальныя з'явы надвор'я.
Ведаючы пра ўплыў Эль-Ніньё на сусветны клімат, да наступстваў можна падрыхтавацца, кажа Скрыган. Напрыклад, на выпадак засухі можна мець на дачных участках ёмістасці для збору вады ў перыяд дажджоў.
«Калі казаць у маштабах краіны, варта змяняць структуру пасяўных плошчаў, чаргаваць сельскагаспадарчыя культуры. Напрыклад, паводле прагнозаў польскіх спецыялістаў, гідралагічная засуха ўдарыць па ўраджаі ягадавых культур. У Польшчы гэта закране перадусім вырошчванне голубікі і трускаўкі. Падобнага можна чакаць і ў Беларусі і загадзя прымаць меры — апрацоўваць трускаўку каліем, напрыклад, што дапаможа захаваць ураджай, нягледзячы на засуху і спёку, у якой гэтай ягады давядзецца спець», — тлумачыць суразмоўніца «Белсата».
Пік анамалій надвор'я прыйдзецца на 2027 год, бо свайго максімуму Эль-Ніньё дасягне напрыканцы снежня — на каталіцкае Божае Нараджэнне. Гэта можа справакаваць цёплую зіму, аднак Скрыган падкрэслівае, што цяпер дакладна гэта прадказаць немагчыма:
«У цэлым прагнозы далей чым на сем тыдняў наперад не маюць сэнсу. Іх верагоднасць вельмі нізкая. Улічваючы тое, як цяпер ламаецца кліматычная сістэма і якія незваротныя працэсы ў ёй адбываюцца, адзінае, што сёння можна з упэўненасцю сказаць, — што надвор'е абсалютна непрадказальнае і можа быць усё што заўгодна», — падсумоўвае кліматыёлаг.