9 июня 2026, вторник, 10:29
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Коммерсантъ»: Мы не ўпісаліся ў інфармацыйную карціну Беларусі

3

Кіраўніцтва расійскай газеты “КоммерсантЪ” упэўненае ў тым, што выключэнне шэрагу расійскіх газет з падпіснога каталогу РУП “Белпошта” звязанае з незадавальненнем беларускіх уладаў асвятленнем у выданнях “КоммерсантЪ”, “Новая газета”, “Московский комсомолец” і “Независимой газете” беларускіх падзеяў.

У інтэрв’ю Радыё Рацыя намеснік галоўнага рэдактара газеты “КоммерсантЪ” Азер Мурсаліеў адзначыў, што яго здзіўляе не той факт, што цяпер у Беларусі немагчыма будзе падпісацца на гэтыя выданні, а тое, што гэта можна было рабіць раней.

- Мяркую, што прычына ў тым, што гэтыя выданні не ўпісваюцца ў інфармацыйную карціну, якую фармуюць у Беларусі.

Паводле Мурсаліева, гэта не першыя першкоды, з якімі сутыкаецца “КоммерсантЪ” на тэрыторыі Беларусі.

- У нас перыядычна здараліся і здараюцца праблемы ў такіх краінах, як Беларусь. Праблемы былі ў нашых карэспандэнтаў. У нашага адмысловага карэспандэнта і фотакара, якія ўваходзяць у крамлёўскі пул. Падчас візіта Пуціна ў Беларусь нашых карэспандэнтаў спрабавалі не пусціць на прэс-канферэнцыю.

Як нагадаў Рацыі журналіст крамлёўскага пула Андрэй Калеснікаў, гэткі лёс на саміце кіраўнікоў краін СНД у Мінску тады напаткаў не яго аднаго.

- Калі вы памятаеце, менавіта журналісты гэтых выданняў былі выключаныя з ліку журналістаў, якія могуць наведаць саміт СНД у Менску. Быў вялізны скандал. Амаль усе журналісты крамлёўскага пула дэманстратыўна выйшлі тады з залі на знак пратэсту.

Гэты выпадак, як згадвае Азер Мурсаліеў, быў “у фокусе” і таму атрымаў вялізны розгалас. Але бываюць у карэспандэнтаў “Коммерсанта” прыгоды і “драбнейшыя”. Такія, напрыклад, як прысуджэнне беларускаму карэспандэнту ў чэрвені мінулага году штрафу. Быццам бы за лаянку ў грамадскім месцы.

- Мы прызвычаіліся да гэтага, бо таксама працуем у большасці краінаў Сярэдняй Азіі. Такога плану падзеі, на жаль, нас ўжо перасталі здзіўляць.

У эканамічную немэтазгоднасць падпіскі на выдаленыя з каталога расійскія выданні Адрэй Калеснікаў таксама не верыць і толькі спачувае беларускім чытачам.

- Яны крыху розныя, але ў цэлым чытаемыя ў Маскве і не толькі газеты. Вельмі шкада.

Азер Мурсаліеў запэўніў, што для іх важны кожны чытач, пазбаўлены магчымасці чытаць газету у Беларусі, а таму камерцыйныя і юрыдычныя службы выдавецкага дома “КоммерсантЪ” абавязкова разгледзяць магчымасць паўплываць на пазіцыю “Белпошты”.

Застаецца нагадаць, што ў чэрвені 2005 года ў пракуратуры Беларусі разглядалі магчымасць прыцягнення да адказнасці газеты “Московский комсомолец” за апублікаваны ў красавіку артыкул “Лукаблудие”, дзе, на думку дэпутата Віктара Кучынскага, меліся выказванні, абражаючыя як нашу краіну, так і асабіста Аляксандра Лукашэнку.

Тады магчымасці прыцягнуць расійскіх журналістаў да адказнасці не знайшлі. Але вольнасці слова, як высвятляецца зараз, не даравалі.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях