19 апреля 2024, пятница, 10:25
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларусь пачынаецца з Плошчы

43
Беларусь пачынаецца з Плошчы

Правіцель баіцца. На снежаньсіх выбарах усё пайшло зусім не так, як ім было спланавана.

Трыумфальнае шэсце да новых вышыняў не ўдаецца. Чацверты тэрмін не гарантаваны. І выйсце бачыцца толькі адно. Страхам сваім падзяліцца з народам. Усім навязаць адчуванне жахлівай пагрозы, якая навісла над краінай. Інакш на пасадзе не ўтрымацца. Нават адданая вертыкаль заўважае глыбінныя тэктанічныя зрухі – набліжаецца Плошча.

Гісторыя дала гэтай уладзе выдатную магчымасць. Правесці бездакорныя дэмакратычныя выбары. Адкрыта падлічыць галасы. І ў выніку магчымай паразы сысці спакойна. Не, не скарысталіся.

Еўрапейскія суседзі спрабавалі фокуснікаў перавыхоўваць. Цярпліва тлумачылі ім перавагу выбараў сапраўдных над тым, што адбываецца тут звычайна. Часам здавалася нават, што гэтым разам пераможа здаровы сэнс. Усё ішло нібыта па правілах. Да таго часу, пакуль не зразумелі, што могуць свае крэслы страціць. І тут яны сарваліся. Толькі пачатак датэрміновага галасавання чаго варты. У першыя два дні ажно паўмільёна галасоў! Яшчэ ніколі такой масоўкі не было.

Назіральнікі нядоўга цешыліся разгулам тутэйшай дэмакратыі. Зноў зарыпеў стары іржавы механізм фальсіфікацый. Урны з бюлетэнямі застаюцца нанач пад аховай самага затурканага з усіх службоўцаў – міліцыянта. І калі начныя фокусы з галасамі выбарцаў не здолеў у свой час прадухіліць прынцыповы падпалкоўнік той самай міліцыі, то чаго чакаць ад якога-небудзь сержанта або шэрагоўца.

Не ўтрымаліся. Рызыкнулі нават доўгачаканай магчымасцю прызнання. Будучай легітымнасцю. Ды што яна ў параўнанні з пагрозай рэальнай страты ўлады.

Толькі спадзявацца на шалёную ўдачу пакуль яшчэ зарана. І яны гэта ведаюць. А таму робяць усё, каб толькі прадухіліць выхад народа на Плошчу. Уся іх тупая прапаганда, уся моц прымітыўнага рэжыму кінутыя на гэта. Бедныя палахліўцы! Ніколі ў жыцці не чыталі яны нават уласнай канстытуцыі. І не ведаюць, што суб’ектам, вытокам улады тут быў і застаецца беларускі народ. Выбар – ягонае права. І абарона выбару – таксама. Дык чаго ж так усхваляваўся правіцель? Чаго раскрычалася чэлядзь? Дзе і ў чым яны ўбачылі экстрэмізм?

Адзін з кандыдатаў збіраў ужо на плошчы, да таго ж ва ўтульнай залі, сваіх аднадумцаў. І тры гадзіны запар распавядаў суполцы аматараў мікрахвалёвак пра тое, як хочацца яму і надалей кіраваць дзяржавай. А цяпер, каб не парушаць раўнавагі электаральнага працэсу, і іншыя кандыдаты сустракаюцца там са сваімі выбарцамі. Не ў залі. Пад адкрытым небам. Каб разам дачакацца абвяшчэння вынікаў падліку бюлетэняў. Каб не дазволіць скрасці нашы галасы.

Дык у чым праблема? Чаго так нервуецца той крыкліы кандыдат? Не хочацца пакідаць Дразды? Трэба чытаць усё тую ж канстытуцыю. Там чорным па белым пазначана права народа на выбар. І ён можа нават і не такую прысоску адарваць ад крэсла. У поўнай адпаведнасці з Законам.

Не варта ўвязвацца ў змаганне з народам. Безнадзейная справа. Плошча адбудзецца. Народ ніхто не спыніць. Не наша віна, што краіна дайшла да таго, калі толькі Плошча можа абараніць народны выбар. Правіцель заседзеўся. Запазніўся. Вычарпаў рэсурс улады. Даўно і безнадзейна. Найлепшым напамінам пра тое ўсёй краіне будзе Плошча.

Мы надта доўга спадзяваліся, што нехта дапаможа развязаць наш недарэчны вузел. Спадзяванні марныя. Усе, хто дамогся свабоды, прайшлі нялёгкі шлях. Гэтак жа, як мы цяпер, стаялі на сваіх плошчах чэхі, літоўцы, палякі. І сілы былі няроўныя. І бралі пратэстоўцаў у ачапленне аўтаматчыкі, і ўжо нават танкі бачыліся за імі. Супраціў здаваўся безнадзейным. А людзі не сышлі. І свабода, уражаная гэткай мужнасцю, да іх далучылася.

У сакавіцкі дзень 2006 года, калі мы на гурбах шэрага снегу перад помнікам Янку Купалу, слухалі чарговага прамоўцу, чакаючы няведама чаго, хтосьці ў натоўпе прамовіў з горыччу даўно знаёмыя словы. “Далёка нам яшчэ да Беларусі…” І тое было праўдай. Давялося чакаць яшчэ пяць год. І нават болей. Можа, досыць?

У гэтыя дні свет зноў з надзеяй глядзіць на нашу Плошчу. Выйдуць ці не выйдуць беларусы? Выстаяць і здабудуць волю? Напэўна ж у гэтую снежаньскую ноч з неабсяжных далячыняў будуць глядзець з трывогай і надзеяй і тыя, хто сваім жыццём хоць на імгненне наблізіў дзень свабоды. Касінеры ўсіх нашых паўстанняў. І няйначай Кастусь Каліноўскі. І жаўнеры Случчыны – першае войска Вольнай Беларусі. І ўсе тыя, хто верыў, змагаўся і да гэтага дня не дажыў. Уладзімір Караткевіч. Алесь Адамовіч. Васіль Быкаў.

Да той Беларусі, якая ім бачылася, ужо недалёка. Хіба не да яе ішоў люд паспаліты ў магутных калонах дзевяностых гадоў, выходзіў на Плошчу ў дзве тысячы шостым? Дык чаго ж мы спыніліся раптам? На што спадзяваліся?

Да Беларусі зусім недалёка. Пройдзем разам гэты шлях.

Ён пачынаецца з Плошчы.

Написать комментарий 43

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях