29 марта 2024, пятница, 8:44
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Стары Менск з арабскім акцэнтам

8
Стары Менск з арабскім акцэнтам

Гэта няпраўда, што ў дыктатара няма сяброў. Проста іх знайсці даволі цяжка. Вось і яшчэ аднаго адшукала нястомная тутэйшая дыпламатыя.

Далёка за морам. У сыпучых пясках аравійскай зямлі. І гэта не абы хто – султан Аману.

Візіт чынавенскай дэлегацыі ў экзатычны султанат афіцыйная прэса падае ў якасці неверагоднага прарыву на галоўным стратэгічным напрамку. Сапраўды, дзівосныя ўзнікаюць перспектывы. Беларускія тавары паляцяць туды, нібы смецце ў пыласос. Гэта ж не Заходняя Еўропа з яе спрадвечнымі прыдзіркамі. То якасць кагосьці не задавальняе, то правы чалавека пачынаюць патэнцыйных пакупнікоў надта хваляваць. А тут, можна сказаць, свае па духу. Султанат. Усё як у нас, толькі сваё, аравійскае. Аднак надзіва зразумелае. Найвышэйшы орган – дзяржаўны савет – прызначаецца султанам. А таму стабільнасць, як у нас. І нават сцяг тых жа самых колераў. Крышку белага, астатняе – чырвонае з зялёным. Поўная адпаведнасць. Незразумела нават, як яны раней адзін без аднаго жылі.

Правіцель Беларусі яшчэ з савецкіх фільмаў засвоіў добра, што “восток – дело тонкое”. І падначаленых паслаў у далёкую краіну не з пустымі рукамі. Як усхвалявана паведаміла ўсё тая ж прыдворная прэса, пасланцы павезлі туды не драўляных зубраў ды саламяных конікаў, а Указ нумар дзевяноста тры. Тым указам дазвалялася новым сябрам набыць у прыватную ўласнасць ладны кавак беларускай зямлі. У самым цэнтры сталіцы. Паміж Свіслаччу, вуліцамі Янкі Купалы і Багдановіча. Насупраць опернага тэатра. Там, дзе месціцца вядомы ўсім выставачны павільён. Ды яшчэ гарадскі шпіталь. Некалькі карпусоў якога – цудам ацалелыя будынкі славутага некалі базыльянскага кляштару. Архітэктурныя здабыткі сямнаццатага - пачатку дзевятнаццатага стагоддзяў. У нас жа іх так многа захавалася. Можна шчодра раскідаць.

І што ўжо выглядае зусім фантастычна, дык гэта тое, што здзелку з новымі аднадумцамі рэжым лічыць сваім бясспрэчным камерцыйным поспехам. Бо арабы не толькі адвалілі жывыя грошы, але ж яшчэ і пагадзіліся, будуючы на тым месцы “многофункциональный комплекс”, не разбураць самае святое. Алею дружбы і дошку гонару, на якой адзначаны ўсе найлепшыя РУПы і ПУПы. А калі ўжо надта пашанцуе, то не выключана, што захаваецца і які-небудзь будыначак са старога кляштару.

Аднак і гэта яшчэ далёка не ўсе дасягненні. За вялізную дзялянку ў цэнтры сталіцы ўдалыя гандляры ўзялі ажно 10 мільёнаў даляраў. І паведамілі пра тое з непрыхаваным гонарам. Сапраўды, цуд. Гэткага дэмпінгу не зведаў пакуль ніводзін тутэйшы тавар. А тут зямля, гістарычны цэнтр. Ды адзін толькі від з Траецкай гары на белыя вежы касцёлаў каштуе нашмат даражэй. Але што тут рабіць? Рэжым у ізаляцыі канчаткова страціў уяўленне пра сапраўдныя каштоўнасці.

І ўвесь час цешыць сябе і адданы свой электарат недарэчнымі пражэктамі. Вось пасябруем з Кітаем і ўмомант скіруем туды ўвесь наш магутны экспарт. Пасябравалі моцна. Аднак з экспартам штосьці не пайшло. Знайшлі новага сябра – Ахмадзінеджада. І там аблом. І брат Уга ў якасці пакупніка тут адзначыўся не надта. А таму знайшлі новы напрамак – Аман. Там жа рынак – усходняя казка. Праглыне ўвесь металалом, які іржавее на таварных пляцоўках гігантаў нашай індустрыі.

Толькі падобна на тое, што ўдалыя камерсанты зноў штосьці безнадзейна пераблыталі. Аман зусім не Кувейт. Там ужо на сыходзе прыродныя запасы нафты. Ва ўсёй краіне, большая частка якой – безнадзейная пустыня, жыве крыху больш за тры мільёны чалавек. Бедуінам-вандроўнікам наўрад ці спатрэбяцца белазы ды камбайны. А тых, хто някепска ўзбагаціўся за кошт нафты, ужо даўно і паспяхова абслугоўваюць гандляры з Нямеччыны, Японіі ды Аб’яднаных арабскіх эміратаў. Наўрад ці яны ахвотна пусцяць на свой год ад году ўсё больш сціплы рынак кагосьці з брэндам “Гарызонт” і палымяным заклікам “Купляйце беларускае!” А ўвогуле, нічога новага. Чарговая бурбалка недарэчнага рэжыму.

Шкада толькі горад. Ён у выніку гэтых намаганняў усё больш выразна набывае рысы ўсходняга. Пазалота. Эклектыка. Беснадзейная чынавенская дурасць.

Пагадзіліся легкадумна на вялізную замежную дулю на ускрайку Кастрычніцкай плошчы. Хутка яна ўзнімецца ў неба, прыдушыць увесь цэнтр. Гэта незваротна – там ужо капаюць катлаван. А чаго вартая Няміга. Некалі чароўная, яна ўпэўнена ператвараецца ў вуліцу-пачвару. Людзі з усходу апанавалі гістарычны цэнтр. І вось рыхтуецца ўжо новая адпаведная дамінанта – на Траецкай гары. Кажуць, нічога страшнага. Да жабракоў прыедуць багатыя людзі. І “сделают нам красиво”. Нават адновяць занядбаныя базыльянскія муры.

Так, наконт іх метадаў рэстаўрацыі помнікаў еўрапейскай архітэктуры сапраўды можна ўжо не хвалявацца. У краіне новых сяброў пануе самая жорсткая плынь ісламу – ібадызм. Яе прыхільнікаў вызначае фанатызм і нецярпімасць да іншаверцаў. Да таго ж галоўным імамам там з’яўляецца султан. Цікава было б убачыць тамтэйшага прадпрымальніка, які наважыцца заняцца рэстаўрацыяй архітэктурных помнікаў чужой рэлігіі.

Зусім верагодна іншае. І заўважыць не паспеем, як услед за Траецкай гарой пойдуць на продаж і іншыя прывабныя куткі старога Менску. Прыватная ўласнасць на зямлю – гэта ўласнасць насамрэч. А размытае паняцце “многофункциональный комплекс” дазваляе рабіць там што заўгодна.

Сапраўды, усход – гэта ўсход. Размова за кубачкам арабскай кавы цячэ лагодна і павольна. І напэўна, калі да высокай тутэйшай дэлегацыі перакладчык давёў яе сэнс, чынавенства было проста ўражана. Гасціныя гаспадары і наш рэжым глыбока паважаюць, і нашы сеялкі ды веялкі лічаць лепшымі ў свеце. А таму пытанне пра бакшыш, інакш кажучы, матэрыяльны знак чынавенскай ветлівасці, набыло адпаведныя рысы. Малінаўка ці Каменная горка адразу адпала. І ў сухой рэшце засталася Траецкая гара.

У адрозненне ад герояў старога савецкага фільма пасланцы РБ напэўна не ведалі, што да сказанага за кавай на ўсходзе ставіцца трэба прыкладна гэтак жа, як да гісторый тысячы і адной ночы. Але як бы там ні было, табу парушана. Фамільнае срэбра беларусаў пушчана на продаж. Стары Менск не надта вялікі.

А што далей?

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях