19 апреля 2024, пятница, 16:05
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Убогія гульні бітых шасцёрак

7
Убогія гульні бітых шасцёрак

Усе ўчынкі маюць свае наступствы. Тым болей тут, у Беларусі.

Не паспелі прывезці сюды Бакіева, а ў Мінску ўжо выразна запахла пеклам. На вуліцы выйшлі патрульныя з аўтаматамі. Што за ваяўнічая дурасць? Каго яны так навязліва вартуюць?

А нікога. Дэсант кіргізскіх парашутыстаў з мэтай выкрадання высокапастаўленага ўцекача бліжэйшым часам не чакаецца. Пра гэта добра ведае ведае і сам уцякач, і для ягонага заступніка тое таксама зусім не таямніца. Ды і гаротны лёс раптоўнага госця яго наўрад ці хвалюе. А патрэбна яму гэта валтузня вакол зрынутага валадара толькі ў якасці казырнай карты ва ўласнай гульні. Даволі цёмнай і сумніўнай.

Некаторыя аглядальнікі пачалі раскручваць версію пра бішкекскія мільёны, якія нібыта моцна ўсхвалявалі прагную да грошай тутэйшую ўладу. Але падобна на тое, што варыянт тут крыху іншы. Падзеі ў Кыргызстане для начальніка Беларусі – сапраўдны падарунак лёсу. Лепшую страшылку для палахлівага электарата і прыдумаць цяжка.

Ніхто пакуль не ведае дакладна, калі ў нашай краіне будуць прызначаны прэзідэнцкія выбары. Зразумела, што ў самы зручны і спрыяльны для рэжыму час. Пад чарговы крэдыт якога-небудзь дабрадзея. Пры першай магчымасць падмацаваць хоць чым-небудзь шчодрыя абяцанні. І кінуць нейкую костку пенсіянерам. Аднак улада адчувае, што гэтага занадта мала.

Так, галасы лічыць яны ўжо навучыліся. І свае людзі ў іх расстаўлены дзе трэба. І выбарчыя тэхналогіі апрабаваныя неаднаразова. Уся сістэма працуе бездакорна. Аднак дыктатура сама па сабе рэч даволі ненадзейная. Здаецца, усё наладжана, але раптам дзесьці адбываецца нечаканы збой. І высвятляецца тады, што неверагодная моц і хвалёная непахіснасць – звычайная лухта.

Якім спрыяльным быў для ўлады 2006 год. На ўсіх скрыжаваннях тады чыноўнікі крычалі, што перамога будзе непазбежнай і пераканаўчай. А нейкі падсвядомы страх прымушаў мітусіцца і ўпадаць у істэрыку. Прыдумалі нарэшце, чым можна напалохаць уласны электарат. Злосная апазіцыя падрыхтавала дыверсантаў, якія збіраюцца дохлага пацука падкінуць у гарадскі водаправод. Каб усіх атруціць разам. А калі зразумелі нарэшце, як насамрэч з той сенсацыйнай навіною выглядаюць, пачалі адкрыта і подла пагражаць усім, хто наважыцца пратэставаць. Было абвешчана, што кожны, хто выйдзе на плошчу, будзе лічыцца тэрарыстам. Арышты і затрыманні актывістаў выбарчай кампаніі набылі масавы характар. Аднак нішто не дапамагло. На плошчу выйшла некалькі дзесяткаў тысяч.

Досвед той выбарчай кампаніі, зразумела, нікім у высокм кіраўніцтве не забыты. Яны даўно прыйшлі да высновы, што іх выратаваць можа толькі апора на тупую сілу і бязмежны страх у грамадстве. А таму ўжо загаддзя пачалося тэставанне менавіта гэтага метаду ўтрымання ўлады падчас самай вялікай небяспекі – прэзідэнцкіх выбараў. Ужо на Дзень Волі, калі і сабралася на святкаванне ўсяго толькі тысячы дзве, начальнік мінскай міліцыі асабіста выпрабоўваў новую ідэю – папярэджанне аб расійскіх тэрарыстах, якія нібыта на мітынг прынеслі выбухоўку. З гэтай нагоды прывялі нават сабак.

Ідэя самім вынаходнікам надта спадабалася. І ўжо на Чарнобыльскі шлях падрыхтавалі і ўвогуле штосьці ідыёцкае. Збіраюцца прыцягнуць да месца абвешчанага збору стацыянарныя металашукальнікі. Будуць кожнага правяраць на наяўнасць зброі і выбухоўкі. Ведаюць цудоўна, якое гэта рэліктавае глупства. Аднак будуць старанна напампоўваць краіну страхам і вар’яцтвам. Каб усе ведалі і памяталі, што тут на кожным кроку тэрарысты і злаўмыснікі. І гэта дзеля бяспекі саміх жа грамадзян трэба праходзіць дактыласкапію, вытрасаць кішэні перад металашукальнікамі, а яшчэ лепей ціхенька сядзець дома. Аднак на гэтым накірунку уладзе спачування дачакацца пакуль не давялося. Масавы псіхоз гарачай падтрымкі ў народзе чамусьці не знаходзіць. А рашучыя мардавароты на сталічных вуліцах замест замілавання даўно ўжо выклікаюць пачуцці супрацьлеглыя.

І тут, нібы сляпой курыцы зерне, трапляе рэжыму пад руку гэты самы Бакіеў. Герой і пакутнік. Крыўдзяць яго там, у Кыргызстане. Пазбаўляюць законнага права страляць ва ўласны народ. Забіта і паранена недзе каля тысячы. Але гэтаж не знарок. Ён уладу бараніў. Сваё кіруючае крэсла. Святая справа. “Только смерть меня остановит”.

Для тутэйшага акасцянелага рэжыму гэты непахісны стралок – тое, што трэба. А таму паспяшаліся як найхутчэй вывезці яго ў Мінск. У якасці надта дарагога і надзвычай ганаровага госця. І будуць старанна зберагаць ў гэткім статусе да пераможнага канца прэзідэнцкай кампаніі. Як узор барацьбы за прыватызацыю ўлады. Яна ж, улада, калі ўдумацца, як і само жыццё. Даецца толькі аднойчы. І проста грэх з-за нейкіх выбараў яе раптоўна страціць.

Бішкекскага героя будуць увесь час паказваць народу. І распавядаць неверагодныя гісторыі пра тое, якія жахі могуць напаткаць нашу цудоўную краіну, калі яна раптам страціць свайго незаменнага і мудрага правіцеля. А дарагі і шматпакутны госць будзе пераканаўчым аргументам на карысць таго, што ніякіх пераменаў нам не трэба.

Ім ўжо здаецца, што вялікая гульня прадвызначана. Застаецца толькі прыручыць народ да надзвычайшчыны. Да аўтаматчыкаў на вуліцах. Да канцлагерных аўчарак. А ў выпадку, калі недзе збярэцца раптам больш за трох, праявіць рашучасць і учыніць яшчэ адзін Бішкек. Выступаючы ў палатцы, правадыр грымотна папярэдзіў усіх нязгодных: “Мала не пакажацца!”

Але падобна, яны ў сваіх убогіх гульнях самі сябе перахітрылі. Пасаж з Бакіевым нічога ім не дасць, акрамя сапсаваных ушчэнт стасункаў з Кыргызстанам. І бязмежнай ганьбы ў свеце. Аднадумцы тых, хто любіць пастраляць у свой народ, павагаю нідзе не карыстаюцца. Пустыя надзеі на вялікі выйгрыш. Зрынуты чыноўнік – ніякі не джокер. Бітая шасцёрка. І дарэмна ён сюды прыехаў. Стары конь тутэйшай дыктатуры не вывезе дваіх.

Написать комментарий 7

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях