29 марта 2024, пятница, 16:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Высокі сезон безнадзейнасці

4
Высокі сезон безнадзейнасці

Вялікая падзея ў Беларусі – надыходзіць восень. Тая самая, якой даўно чакалі. Час верагодных пераменаў.

Адмысловы палітычны сезон, калі кожны грамадзянін набывае рэальную магчымасць паўплываць на лёс краіны. І ўласны таксама. Калі таго захоча. Калі адолее нязбыўны страх і звыклае зданцвенне.

Нічога іншага, больш значнага, на беларускім даляглядзе пакуль што не прадбачыцца. Вось адскачаць ахвочыя пад цяжкім поглядам амапаўцаў на дажынках, святкуючы чарговую перамогу правадыра ў бітве за ўраджай, і ўсё. Глухая пара лістападу. Нічога, акрамя выбараў. Якія так недарэчы зваліліся на галаву і тых хто «за», і тых, хто «супраць». Сітуацыя амаль што патавая. Але даўно вядомая. Хаця б па тым падручніку, па якім вучыўся некалі знакаміты тутэйшы гісторык. «Нізы не могуць, а вярхі не хочуць». А таму ўсім давядзецца ламаць галаву ў пошуках выйсця.

Зразумела, выбары – не навіна. І тэхналогія іх адпрацавана дасканала. І майстры «элегантнай перамогі» ў добрай форме і на сваіх месцах. Аднак ніколі раней у краіне так моцна не пахла палёным. Першым на нечаканае набліжэнне небяспекі адрэагавала ўлада. Замітусіўся не толькі той, хто абяцаў са зброяй у руках бараніць рубеж свайго кіруючага крэсла. Але нават і простыя вертыкальшчыкі раптам адчулі, што недзе ў нетрах гэтай надзіва стабільнай краіны адбываюцца непрадказальныя тэктанічныя зрухі. Адпаведная рэакцыя была імгненнай і рашучай.

І вось ужо галоўны абласны начальнік квітнеючай Міншчыны аддае бескампрамісны загад: кіраўнікам райвыканкамаў без ягонага асабістага дазволу тэрыторыю падуладных раёнаў не пакідаць. Толькі што рапартавалі, як усё цудоўна ў краіне, а тут амаль ваенны стан. З якой нагоды?

І гэта толькі кветачкі. Адзін з надзвычай ініцыятыўных начальнікаў увогуле запатрабаваў ад свайго апарату спісы «ўсіх сапраўдных лукашыстаў». Не, зусім не ў абразлівым сэнсе. А менавіта тых, адданых асабіста. Беззаганных. Між іншым, надзвычай карысныя спісы. Калі ўсё раптам ляснецца, можна будзе такой інфармацыяй падзяліцца і з новай уладай. І ўвайсці ў лік змагароў з дыктатурай. У поўнай адпаведнасці з нормамі вертыкальнага кодэксу гонару.

Але ўсё гэта дробязі. Праявы звычайнага чынавенскага побыту. А галоўныя захады наконт мандата на чацверты тэрмін кіравання прымаюцца, як і раней, на самым версе. Але і там усё няпэўна і неадназначна. Удача, якую ўжо ледзь не залічылі ў штат, раптам кудысьці знікла. Бесклапотны лядова-палацавы перыяд адыходзіць у мінулае. Наперадзе – новая газавая вайна. І халодная, надзвычай непрыемная зіма. Непазбежнае падвышэнне цэнаў. А тут яшчэ нявыкрутка з грашыма. Сродкаў на шчодрыя перадвыбарчыя падарункі электарату ўжо няма. А ён гэткай крыўды ніколі не даруе.

І таму афіцыйны міт пра дзяржаву для народа і яе нястомнага кіраўніка і здабытчыка даводзіцца падтрымліваць ужо нейкім іншым чынам. Вось пагналі сталічнае чынавенства ў масы. Трэба тэрмінова стварыць ілюзію прамых кантактаў простага чалавека і высокай улады. Пачаўся гэтак званы маніторынг працы дробных вертыкальшчыкаў з просьбамі і скаргамі звычайных грамадзян. Яшчэ зусім нядаўна жанчын, якія неслі калектыўную скаргу, дубінкамі збівалі на подступах да самага сакральнага будынка. А тут вось найвышэйшая ўлада павярнулася нечакана тварам да народа. Разблытвае крыўды шаснаццігадовай даўніны. І шукае вінаватых у ЖЭСах. Знаходзіць і карае жорстка. Але эфект ужо зусім не той. Усё зноў упіраецца ў сродкі. Людзі патрабуюць замяніць іржавыя трубы дапатопнага вадаправода, адрамантаваць дзіравы дах. А ім дэманструюць пакаранага чыноўніка. Слабое суцяшэнне перад выбарамі. І так на ўсіх напрамках яшчэ нават не абвешчанай кампаніі. Спадзяванні на тое, што далей будзе лепш, пакідаюць нават безнадзейных аптымістаў. Рэжым даўно прайшоў пік свайго шалёнага ўзлёту.

І ўжо нават у шыхтах чынавенства ранейшай маналітнасці няма. Яны яшчэ па даўняй звычцы дэманструюць шчырую адданасць. Але ўпотай глядзяць ужо «Хроснага бацьку». І азіраюцца па баках – куды бегчы ў выпадку раптоўных пераменаў. Яшчэ ніколі рэжым не падыходзіў да галоўнай выбарчай кампаніі ў такіх неспрыяльных варунках.

Скарыстацца б гэтым момантам. Сабраць сілы. Згуртавацца. Не пра адзінства апазіцыі размова – не з нашым шчасцем. Але хаця б скаардынаваць неяк перадвыбарчую стратэгію дзеля агульнай мэты. І найперш адмовіцца ад даўняй звычкі бэсціць адзін аднаго. Нікому гэта аўтарытэту не надае. Толькі адштурхоўвае магчымых прыхільнікаў. Нішто так не спрыяе махлярствам рэжыму і абыякавасці выбарцаў, як гэтае абрыдлае самаедства.

Здаецца вось ўжо і пачынаецца нешта. Нейкія спробы дамовіцца. І раптам новы ўсплёск. Нечаканая ідэя. Хто б мог падумаць, гэтым разам бязлітаснай чысткай апазіцыйных шыхтоў вырашыла заняцца партыя БНФ.

Высветлілася раптам, што ўсходнія суседзі на гэтых выбарах могуць падкінуць нам свайго вылучэнца. Як Нямеччына Расіі ў семнаццатым. У апламбіраваным вагоне. З грашыма і ўсім адпаведным рыштункам. І якое ўжо тут змаганне з дыктатурай, калі неадкладна трэба ісці партызанскімі сцежкамі на рэйкі. Ратаваць краіну.

Але ж нездарма партыя своечасова змяніла кіраўніцтва. Прыйшло маладое, крэатыўнае. І гэты заблытаны вузел развязала імгненна. Не трэба нічога выдумляць. Проста збіраемся ўсе, як адзін, і неадкладна ідзем капаць роў паміж Оршай і Смаленскам. А хто не пагодзіцца з ідэяй або прыйдзе без рыдлёўкі – той і ёсць верагодны вылучэнец. Тэст, названы «лакмусавай паперкай», сапраўды беспамылковы. Пільнае кіраўніцтва партыі ўжо здолела назваць агаломшанаму грамадству імёны першых падазроных. Варта толькі пачаць. Далей будзе болей.

Ды што там гаварыць, выдатная ідэя. І своечасовая – іншых клопатаў няма. Толькі вось адна бяда. Гэтай сцежнкай ўжо хадзілі. У дзевяноста чацвертым Беларускі Народны Фронт быў самай уплывовай і аўтарытэтнай палітычнай партыяй краіны. І яе лідэр быў не роўня сённяшнім. Але выбары прайграў звычайнаму калгасніку з амбіцыямі раённага наменклатуршчыка. Не варта зноў наступаць на тыя ж граблі. На гэтыя эксперыменты ўжо не засталося часу.

Выбары пакуль што нават не абвешчаныя. Можна выправіць шмат якія хібы. І калі няма ніякіх іншых ідэй, акрамя самаедства, ці не лепш проста пастаяць у баку. Адпачыць. Папіць піва. І не перашкаджаць тым, хто ў гэтай глухой краіне яшчэ хоць на нешта здатны.

Інакш у нас і сапраўды можа з’явіцца адзіны кандыдат. Усё той жа. Дасведчаны і незаменны. З шаснаццігадовым стажам здзеку над краінай. А можа, суцішымся, панове? На нейкі час амбіцыі закінем у цёмны кут. Не варта ператвараць гэту цудоўную восень у маркотны сезон безнадзейнасці.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях