28 марта 2024, четверг, 17:09
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Коласаўскі ліцэй: 10 гадоў у падпольлі

9

15 студзеня чарговы дзень нараджэньня адзначае Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

Выкладчыкі і навучэнцы Коласаўскага ліцэю зладзілі імправізаваную лінейку ў двары суду, дзе колісь месьціўся ліцэй, перадае «Радыё Свабода».

Менавіта 15 студзеня 1992 году навучальнай установе быў афіцыйна перададзены будынак па вуліцы Кірава, 21, і ўжо на наступны дзень там адбыліся першыя заняткі. Апрача гэтай даты, сёлета ў ліцэістаў яшчэ адна нагода згадаць мінулае: у 2013-м спаўняецца 10 гадоў ад таго моманту, як на загад Міністэрства адукацыі ліцэй быў зьліквідаваны.

Адразу пасьля імправізаванай лінейкі пад канец імпрэзы пад вокнамі былой альма-матэр быў выкананы ліцэйскі гімн. Такім чынам ліцэісты запачаткавалі сэрыю мерапрыемстваў, прымеркаваных да 10-годзьдзя свайго падпольля.

Апавядае нязьменны дырэктар навучальнай установы Ўладзімер Колас:

«Два дзясяткі гадоў таму зьдзейсьніўся адзін з цудаў, якія тады яшчэ зьдзяйсьняліся. Гэта сапраўды была эпоха цудаў, калі неверагоднае раптам пачало рабіцца верагодным. Спачатку мы здабылі незалежнасьць, потым над краінай залунаў бел-чырвона-белы сьцяг, нацыянальным гербам стаў наш гістарычны герб «Пагоня». І ўрэшце рэшт наш ліцэй, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, па новых праграмах, атрымаў гэты будынак. Зрэшты, атрымаў яго гэтаксама не без праблемаў. Як шмат хто памятае, тут быў ня тое што бой, але мы мусілі настояць на сваім. Мусілі пазмагацца, пабіцца за тое, каб усё ж гэты будынак паводле закону быў перададзены нашаму ліцэю. Тут ужо шмат было розных устаноў камэрцыйнага кшталту, паколькі мінулая камуністычная ўлада пачала выкарыстоўваць яго для сваіх сапраўдных мэтаў — то бок, нажывацца. Таму ім вельмі хацелася «прыхватызаваць» гэты будынак».

Праблемы ў ліцэістаў пачаліся ад сярэдзіны 1990-х, разам з усталяваньнем новай улады. Міністэрства адукацыі з падачы прэзыдэнцкай адміністрацыі распачало атакі на ўстанову, якая выбівалася з агульнага кантэксту дзяржаўнага выкладаньня. І хоць канчаткова ліцэй зачынілі ў 2003 годзе, першыя спробы ціску, як згадвае намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі, выкладчыкі і вучні адчулі значна раней:

«Увогуле гэта была доўгая гісторыя. Першы раз будынак забіралі ў 1997 годзе, перадаўшы яго адміністрацыі прэзыдэнта. Пры гэтым нават не паінфармавалі кіраўніцтва ліцэю — усё было зроблена чыста бюракратычным мэтадам. Цэлае лета віравалі акцыі пратэсту, і ўрэшце рэшт бакі пагадзіліся: будынак пераходзіць да адміністрацыі, але ліцэй у ім захоўваецца. Потым быў 1998 год, калі нас хацелі далучыць да ліцэю БДУ і, адпаведна, зноў будынак забраць. Гэтаксама пратэсты прывялі да таго, што ліцэю ўдалося — са зьмененай назвай — але яшчэ пяць гадоў праіснаваць. Такім чынам, правучыліся мы ў гэтым будынку да канца навучальнага году 2003-га: выпускная вечарына адбылася 17 чэрвеня, а 25 чэрвеня было сумна вядомае распараджэньне Савету міністраў пра ліквідацыю ліцэю. Хоць яшчэ да пачатку верасьня 2003 году гэты будынак так ці іначай заставаўся ў распараджэньні ліцэю».

Час ад часу ліцэісты ў сваю ўстанову ўсё ж трапляюць. Праўда, не з параднага ўваходу. Некалькі гадоў таму ў экспрапрыяваны будынак заехаў суд Цэнтральнага раёну сталіцы, і цяпер за палітычную дзейнасьць тут судзяць, у тым ліку былых і цяперашніх навучэнцаў. Тым ня меней Уладзімер Колас выказаў перакананьне, што ліцэісты ў свой будынак абавязкова вернуцца — і зусім ня ў якасьці падсудных:

«У 2003 годзе, то бок роўна 10 гадоў таму, адбылася такая прыкрая зьява, што наш ліцэй зьліквідавалі. Зьліквідавалі менавіта тыя сілы, якія былі супраць гэтай справы. Але, нягледзячы на тое, што ліцэй быў афіцыйна зачынены і мы мусілі пакінуць гэты будынак (сіла была ўжо не на нашым баку, ужо не былі дэпутатамі нашы людзі, а так званымі дэпутатамі былі папросту прызначаныя пэўныя асобы паводле сыстэмы, паводле якой яны і цяпер прызначаюцца), мы выжылі. Так, мы мусілі пакінуць свой будынак, бо сіла, яшчэ раз кажу, тады была не на нашым баку. Але ўсё ж праявай сілы, моцы гэтай ідэі было тое, што наш ліцэй ня зьнік, і 10 гадоў, нягледзячы ні на што, мы існуём. Ніхто ня верыў. Нават некаторыя з выкладчыкаў ня верылі, што мы будзем трымацца. Але мы трымаемся, у тым ліку дзякуючы і вам, дзякуючы тым, для каго гэтая ідэя дарагая. Таму сёньня мы сьвяткуем, фактычна тым самым толькі распачынаем наша сьвяткаваньне».

Ужо дзесяцігодзьдзе Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа працуе ў падпольлі. Але попыт на адукацыю, пазбаўленую празьмернай дзяржаўнай заідэалягізаванасьці і арыентаваную на вывучэньне гістарычнай спадчыны беларусаў, застаецца стабільна высокім. У ліцэй прыходзяць новыя вучні, якія спадзяюцца, што іх навучальная ўстанова раней ці пазьней зноў верне свой легальны статус. Апошнія выпускі істотна пашырылі і без таго шырокую геаграфію беларускай прысутнасьці ў сьвеце. Польшча, Літва, ЗША, Нідэрлянды, Італія, Нарвэгія, Індыя — у гэтых ды іншых краінах ліцэісты працягваюць адукацыйны працэс.

Написать комментарий 9

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях