28 марта 2024, четверг, 19:25
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Крумкачы

55
Крумкачы

Сайт charter97.org пачынае друкаваць артыкулы палітвязьня Змітра Дашкевіча з турмы.

Зміцер Дашкевіч піша з гарадзенскай турмы спецыяльна для газеты “Народная воля” і сайту charter97.org. Першае апавяданне - “Крумкачы”.

“Я ўсякае бачыў, і думаў, што нішто мяне ўжо не здзівіць у гэтай сістэме, але ніколі не кажы ніколі, бо такога неадэквацтва я яшчэ не сустракаў”, – тлумачыў я старэйшаму лейтэнанту, прадстаўніку Дэпартамента выканання пакаранняў, каторы прыехаў праводзіць праверку, па заявах у маю абарону ад Настачкі, якая змагаецца за мяне 2 гады (ды якія там два!), спадарыні Марыны, якая змагаецца за Міколу Статкевіча, і пастара маёй царквы, Антося Бокуна.

І пачалося ўсё ў першы ж дзень прыезду майго ў Мазыр, па першым жа выкліку да начальства. Як толькі начальнік калоніі пачуў, што я пратэстант, яго ажно перасмыкнула: “Што, баптыст?! А я-та думаў, там мазгі якія ёсць, а ты проста баптыст – ізгой, здраднік праваслаўю, бацькам, веры дзядоў! Цяпёр усё зразумела!” “Чаму гэта я здрадзіў?” – нягледзячы на такую са старту агрэсію, спакойна запытаўся я. “А таму, што секты вашыя насаджаюцца Захадам, каб супрацьстаяць ісцінай веры праваслаўя!” – выбухнуў начальнік, чаргуючы ці не кожнае слова адборнейшай зэкаўскай мацяршчынай. “Я таксама веруючы, вось”, - і палкоўнік ляснуў сябе па медалях, - “праваслаўны ордэн за веру атрымаў – пабудавалі мы царкву ў зоне, асвячаць якую сам Мітрапаліт Філарэт прыязджаў. А вас, сектантаў, я ніколі на парог не пускаў, хаця і ходзяць тут да мяне некаторыя з Бібліямі, у зону просяцца. Не пройдзе ніхто, пакуль я тут, я не дазволю заразе гэтай у зоне распаўсюджвацца!” “Я не жадаю даказваць Вам, што я нейкі там “ісцінны”, але што датычна пратэстантаў, дык Салжаніцын, каторы не адзін лагер прайшоў, бачыў многае і многіх, у тым ліку і веруючых, так і піша ў “Архіпелагу”: “Калі і былі ў лагеры праведныя людзі, дык гэта толькі баптысты і нам, праваслаўным, трэба браць у іх прыклад веры”. “Я такога не чытаў,” – махнуў рукою зонаўскі камандзір. “Дык пачытайце”, – працягваў я спакойна. “Мне не трэба!” – гаркнуў адказ. - “Салжаніцын праваслаўю не здраджваў, не прадаваў дзядоў сваіх”.

“Я таксама не прадаваў нікога, я проста веру ў Ісуса Хрыста”, – не адступаўся і я, але мяне абаронца “ісціннае веры” ўжо не слухаў і звярнуўся да галоўнага аператыўніка, каторы прысутнічаў тут жа: “Ты ведаеш, Іваныч, у свеце 1100 гэтых сектаў. На нашую зямлю панаехалі яны, каб разбураць славянскую расу…” “Пры чым жа тут расы?” – запытаў я. “З табою ніхто не размаўляе. Я вось, з Іванычам гутару, а ты слухай і матай на вус”, – дэманструючы сваю пагарду выціснуў начальнік. “Дык во, Іваныч, 1100 сектаў, якія распаўсюджваюцца тут ворагамі славянскай еднасці, каб расу нашую разбураць, каб разбэшчваць нашую моладзь хапунамі сваімі. Ведаеш, як яны збіраюцца на ха… “Вы бачылі “хапуны” тыя?!” – рэзка перапыніў я, бо гэтую шызу пра оргіі ў хрысціянскіх храмах слухаць не мог. І, па наіўнасці сваёй, быў перакананы, што гэтым пытаннем заганю радзецеля славянскае расы ў кут, але што Вы думаеце, ён мне адказаў?” – запытаў я ў правяраючага, які мяне ўважліва слухаў. “Што?” – перапытаў ён.

“Што бачыў! Вы можаце сабе ўявіць такое? Бачыў ён! Дык мо няхай бы пракуратура правяла праверку па гэтых заявах? Калі начальнік калоніі бачыў масавыя сэксуальныя вычварэнні ды яшчэ ў царкве, дык дзе гэта было, калі?” “Мы не маем такой кампетэнцыі” “Канешне, я ведаю, што не маем. Ды і пытанне гэта рытарычнае, наўрадці начальнік мог нешта бачыць, бо каб бачыў, дык даўно заявіў бы ў адпаведныя органы. Вырыгае проста бясоўскія блюзнерствы, ды мо думае яшчэ, што гэтым Богу служыць”. “А што было пасля гэтае сустрэчы?” “У прынцыпу, у заявах”, - і я паказаў на паперы, што ляжалі на стале, побач з маім экзаменатарам, - “усё сказана. Я пацвярджаю праўдзівасць дадзенай інфармацыі. Які тут сэнс паўтараць усе тыя абразы: “Алкаш двойчы кадзіраваны! Гамасек! Даўн!” і г.д., і г.д. Я хіба толькі яшчэ раз зазначу, што такога дзікунства не сустракаў нават сярод тых зэкаў, каторыя маглі і сядзець па год 20-30 і адукацыі мець пару класаў. А тут: маёры, падпалкоўнікі і палкоўнікі – перадгенеральскія чыны! – эліта міліцыі, пасля ўнівераў і акадэміяў ды каб такое!”

“Вы ж павінны разумець”, - з сумнаю ўсмешкаю адказаў малады старлей, каторы і сам, відаць, толькі Акадэмію МУС скончыў, - “людзі працуюць тут доўгімі гадамі і прасякаюцца гэтаю субкультураю”. Тлумачэнне такое, трэба прызнацца, уразіла мяне. “Я разумею, не першы год катаюся”, – прамовіў я з гэткаю ж сумнаю ўсмешкаю і падумаў: “А што, гэты мо і сапраўды дабярэцца да праўды?”

* * *

“Па выніках праведзенай праверкі з выездам у ПК-20 высветлена, што довады, змешчаныя ў зваротах аб перадузятым стаўленні да асуджанага Дашкевіча Д.В., з боку супрацоўнікаў ПК-20 на рэлігійнай падставе, якія выявіліся з абразах і пагрозах апошняму, неабгрунтаванага прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці і стварэння невыносных умоваў адбыцца пакарання, свайго пацверджання не знайшлі. /…/ Довады… маюць аднабаковы абвінаваўчы ўхіл, заснаваны толькі на заявах асуджанага…” , – паведаміў мне адказ з Упраўлення ДВП МУС РБ па Гомельскай вобласці.

* * *

Не, здзвівіўся я не гэтаму адказу. Бо што такое праверка па-беларуску, хай сабе тое праверка ў зоне, калгасе ці міністэрстве? Гэта прафанацыя. Паперапсаванне. Вынішчэнне лясоў.

Дазволю сабе патлумачыць падрабязней, як “праводзяцца” праверкі з гэтага боку нашай агульнай зоны. А праводзяцца вельмі проста, па наступнай тэхніцы:

- Ход №1: зэк піша заяву

- Ход №2: адміністрацыя дадае да заявы г.зв. “суправадзілаўку”, у якой тлумачыцца: зэк брэша.

- Ход № 3: дэпартамент бярэ дадзеную “суправадзілаўку”, называе яе праверкаю і адказвае зэку што-небудзь накшталт: довады маюць аднабаковы абвінаваўчы ўхіл і свайго пацверджання не знайшлі і г.д.

З такою тэхнікаю я сустракаюся заўжды, калі імкнуся пашукаць справядлівасці з гэтага боку. Пішу я, да прыкладу, з жодзінскай турмы пра тое, што мне забараняюць размаўляць на пакуль што дзяржаўнай, роднай мове (ход №1), адміністрацыя тлумачыць у “суправадзілаўцы”, што гэта брахня і, нават, дадае паказанні нейкіх сукамернікаў маіх (ход №2), дэпартамент адказвае мне: праведзена праверка і далей па тэксце (ход №3). Я, праўда, сустракаю, потым па этапах і зонах сукамернікаў гэтых і яны сведчаць: “Так, выклікаў опер, браў тлумачэнні, я пацвердзіў, што забаранялі табе па-беларуску.” Але каго гэта цікавіць? Каму гэта дакажаш, калі словы супрацоўніка турмы/зоны – ісціна ў апошняй інстанцыі, якая не падлягае пераправерцы і крытычнаму аналізу? Крумкач крумкачу не выдзяўбе вока.

Але, бываюць асечкі нават у такой, гадаміі адшліфаванай тэхніцы. Я адну такую зафіксаваў. Справа разгортвалася так. Вясна 2010, я сяджу на Валадарцы і заўважаю па нумарацыі лістоў, якія атрымоўваю (сам я нумарую ўсе лісты, што дасылаю і многія, хто мне дасылае, таксама нумаруюць свае), што каля 15-20 да мяне не дайшло. Я, ясная справа, раблю ход №1 – пішу заяву спачатку начальніку Валадаркі, а потым, не дамогшчыся нічога, у дэпартамент. Адміністрацыя турмы робіць ход №2. Дэпартамент робіць ход №3. Вынік заўсёдны: я, па-першае, дурань, а па-другое, хлус.

І тут, вясна 2011, я сяджу ў ізалятары глыбоцкай калоніі, выклікае мяне аператыўнік і ўручае пакунак са Следчага камітэту. У пакунку ж – тыя 22 лісты, якія не дайшлі да мяне на Валадарку год таму. “У чым прыкол?” – запытваю я. Опер тлумачыць мне, што Следчы камітэт знайшоў гэтыя лісты падчас ператрусу ў А.Б., з каторым я паўмесяцы сядзеў у адной камеры ў менскай турме. Спачатку я слаба разумею, што да чаго, але потым складваю наступную карціну: мяне пераводзяць з адной камеры ў іншую, жанчына на пасадзе “выхавацельніцы” (нешта накшталт паштальёна) працаваць не любіць і прыносіць пошту маю ў старую камеру і проста кідае яе ў кармушку, адзін з арыштантаў захоўвае лісты і мо спадзяецца перадаць іх мне як-небудзь, пасля ж умудраецца нейкім чынам вызваліцца і захоўвае карэспандэнцыю маю дома, але на небараку ўзбуджаюць іншую крыміналку, прыходзяць з ператрусам, знаходзяць гаротныя лісты мае і высылаюць іх мне ў Глыбокае.

Самае ж паказальнае ва ўсім гэтым аповедзе што? Тое, безумоўна, што дэпартаментам “была праведзена ”праверка, было “дакладна ўстаноўлена”, што ўсю пошту я атрымаў. Вось за такую працу паперапсавальнікі атрымоўваюць грошы айчынных падаткаплацельшчыкаў!

Канешне, па выхадзе з ізалятара я напісаў скаргу ў пракуратуру з патрабаваннем разабрацца і, ў рэшце рэшт, выратаваць лясы беларускія, якія пераводзяцца на макулатуру – на пустыя адпіскі. Аднак адміністрацыя глыбоцкай калоніі палічыла, што дрэваў зашмат расце на прасторах нашае Бацькаўшчыны і заяву маю не выпусцілі. Крумкач крумкачу...

* * *

Не, здзівіўся я не гэтаму адказу. Ісціну у нашай зоне прамаўляе той, хто робіць ход № 3, а я маю права толькі на № 1. Я здзівіўся іншаму. Найперш, гэткай трусасці эліты сілавых структур Беларусі. Калі я для вас вораг народа, ізгой, сектант, разбуральнік славянская расы і здраднік “ісцінай веры”, дык заявіце гэта адкрыта і напіщыце гэта у сваіх “суправадзілаўках”! Адкуль страх гэты, калі апроч павелічэння прэміальных, новых зорачак і ардэноў, вам нічога не пагражае? Не, яны баяцца. І прычынай таму тое, што крумкачы толькі у зграй могуць кідацца, беснавацца, адзін перад адным спаборнічаць у абразах, аплёўванні, здзеку. А як толькі з’яўляецца нехта смелы і кажа: “Кыш!“, крумкачы спужана разлятаюцца, бо крумкач птушка хоць і драпежная, але ж надта труслівая.

І што самае жахлівае, я ніяк не магу даць рады, як гэта спадзяецца нехта, што такія труслівыя ваякі будуць бараніць “стабільнасць“ у выпадку не дай Бог (чытаць: дай Бог!) чаго? Гэта тыя, каторыя лягуць касьцмі за тройчы змененую Канстытуцыю і Гаранта гэтых зменаў? Зараз я вам прадказваю, як будуць разгортвацца падзеі: выходзяць шукаючыя праўду, не ведаю шмат іх ці няшмат, але, відавочна, што ўсе людзі смелыя, грукаюць нагою па бетоннаму бруку і прамаўляюць кодавае слова “Кыш!“ - і крумкачы спужана разлятаюцца, бо крумкач птушка хоць і драпежная, але ж надта труслівая.

Зміцер Дашкевіч, Гародня, турма №1

Написать комментарий 55

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях