29 марта 2024, пятница, 10:02
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Гэта нават не банда, а шайка ўблюдкаў

59
Гэта нават не банда, а шайка ўблюдкаў

На папрокі, што я не жадаю бачыць «тое добрае, што робіцца пры Лукашэнку» («Не всё только плохое связано с известным Адольфом…»), у тым ліку, і што моладзь (частка яе) размаўляе па-беларуску, адказваю наступнае.

За тое, каб людзі гаварылі на сваёй мове, мы ў свой час і змагаліся (і як заканадаўцы ў ВС, і ў тым да ВС былі зьбітыя «Альфай» – менавіта за беларускую мову). І на мяжы 1980-90-х мы прагматычна ўсьведамлялі: тое, што закладаецца (праз беларускія падручнікі, праз школы, праз выданьні), калі-небудзь абавязкова дасьць плён. І хаця ня ўсё пасьпелі мы зрабіць – падмурак быў пакладзены нагэтулькі моцны, што трымаеца і цяпер. У мяне песымістычны прагноз на каротка - і сярэднетэрміновую пэрспэктыву, але аптымістычны – на доўгатэрміновую. І я перакананы, што ня хутка, але гадоў праз 30-40 у Беларусі абсалютная большасьць насельніцтва будзе размаўляць па-беларуску. У гэтым я перакананы гэтак жа, як у тым, што пасьля аўторка надыходзіць серада, а не панядзелак.

Сытуацыя з мовай (як і з усім іншым) нармалізавалася б даўно – калі б не нацыянальная трагедыя, якая здарылася ў 1994 годзе. Да ўлады прыйшла шайка ўблюдкаў (за рэдкім выключэньнем); ніколі не пагаджуся з вызначэньнем іх як «банды»: у бандзе ёсьць якія ні якія, але «паняцьці», «прынцыпы», а у гэтых быў адзін прынцып: красьці. З цягам часу «маладых ваўкоў» замянілі вопытныя афіцэры спэцслужбаў, але розьніца толькі ў тым, што красьці пачалі ў большых памерах; каля для ранейшых марай быў «свячны заводзік» ды катэдж пад Менскам, дык для гэтых рэальнасьць – міжнародныя кампаніі ды вілы ў Альпах. Ну і, канешне, цяперашнія больш энэргічна рыхтуюць краіну да ўступленьня ў склад РФ. Як і раней, ружовай марай Лукашэнкі застаецца Крэмль; пры гарантыі ўвайсьці ў яго гаспадаром ён здасьць Беларусь за тры сэкунды. Умовай інкарпарацыі – галоўнай умовай – ёсьць поўнае зьнішчэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці, што робіцца плянамэрна, пасьлядоўна і няўхільна.

«Ён цалкам парабаціў гэты народ», – сказаў пра Лукашэнку Васіль Быкаў трынаццаць гадоў таму. Што-небудзь зьмянілася ў характары Лукашэнкі да лепшага за гэты час?

І я не чакаю ніякіх крокаў ад улады на карысьць беларускага народа.

Канешне, улада вымушана падтрымліваць сацыяльную сфэру, мэдыцыну, адукацыю – павінна ж быць нейкае насельніцтва для абслугоўваньня «трубы» і ўсяго таго, з чаго адкладаюць свае мільярды сартрап і ягоная хеўра. Я разумею, што ў краіне ёсьць таленавітыя лекары, добрыя настаўнікі, інжынэры, зьявілася пакаленье высокакваліфікаваных IT-адмыслоўцаў – але ад чынавенцтва, ад дзяржаўных службоўцаў, паўтараю, ня можа быць ніякіх станоўчых імпульсаў (пры гэтым я разумею, што зьмена кіраўніцтва, зь вялікай верагоднасьцю, можа адбыцца не праз «рэвалюцыю апазыцыі», а – праз «палацавы пераварот», іншымі словамі, рукамі таго самага чынавецтва, найхутчэй – ваенізаванай яго часткі. Што зусім не ідэальна, але рэальна).

У савецкія часы пра сапраўднае становішча ў СССР трэба было пытацца не экскурсавода, які паказваў архітэктурныя шэдэўры Судаля і Кіцежа, а Андрэя Сахарава, якога гэбісты ў Горкім прымусова выводзілі з галадоўкі - зондам у горла. Не палітаглядальнікаў газэты «Правда», а палітзэкаў у мардоўскіх лягярах. І куды больш аб’ектыўна пра «росквіт нацыянальнай беларускай культуры» маглі сказаць не міністэрскія чыноўнікі, а ўдзельнікі падпольнай суполкі «На паддашку» Зянон Пазьняк ды Яўген Кулік, сябры забітага ня без удзелу чэкістаў Лявона Баразны.

І я б хацеў пачуць, што «жить стало лучше, стало веселее» ад майго калегі па ВС-12 Сяргея Антончыка - лідэра легендарнага красавіцкага страйку-91, аднаго з тых, хто 25 жніўня 1991 года галасаваў за Незалежнасьць. Але пакуль я чую, што пасьля таго, як па суду (за «паклёп» на бліжэйшых хаўрусьнікаў Лукашэнкі) ў яго канфіскавалі маёмасьць, і ён уладкаваўся шоферам на нейкую прыватную фірму, ўладальнік фірмы даведаўся, што шоферам у яго былы дэпутат Апазыцыі БНФ – і зрабіў Сяргею такі шыльны графік працы, што не прадыхнуць («Сяргей, мы ў свой час абаранялі гэтых прадпрымальнікаў – дык вось дарэмна мы гэта рабілі», – сказаў мне Антончык. Я тут не пагаджуся з Сяргеем, для прадпрымальніцтва трэба было ствараць умовы, і мы іх стваралі – але псыхалагічна я яго разумею).

Пра станоўчыя бакі жыцьця пры Лукашэнку я хацеў бы пачуць ад Ірыны Халіп, якой трэба тлумачыць сыну, чаму бацьку ён бачыць толькі па скайпу. Ад маці і бацькі Натальлі Радзінай, для якіх цяпер, пэўна, самыя шчасьлівыя дні – ня дома ў Беларусі, а ў чужой сталіцы, з дачкой. Ад Насты Палажанкі, для якой самы сьветлы дзень – вясельле – прайшоў за кратамі. Ад Алены Каваленкі, якая ў дні вар’яцкага «славянскага базару», гэтага апафэозу імпэрскай пошласьці, выходзіла на пікеты ў абарону мужа. І, канешне ж, дзесяткаў маці, жонак, дачок, блізкіх цяперашніх палітвязьняў. Пры ўсёй іх рознасьці ў партыйных ды палітычных прыхільнасьцях, усіх вышэйназваных аб’ядноўвае адно: менавта яны могуць даць найбольш аб’ектыўнае сьведчаньне становішча пры Лукашэнку.

І вось калі я пачую ад гэтых людзей «добрае» пра жыцьцё пры Лукашэнку, тады мяне нічога не застанецца, як прызнацца сабе самому, што – так, сямнацаць гадоў эміграцыі замуцілі, сказілі мой погляд на Беларусь, і абэрацыя ўспрыманьня не дазваляе мне бачыць рэальнасьць такой, якая яна ёсьць ў сапраўднасьці.

Пакуль жа мы чытаем у «Салідарнасьці» словы супрацоўніц «Дываноў Брэста»: «Мы ямо шэры хлеб - з супам і на дэсерт. Здаем кроў, каб выжыць. Нашы дзеці засталіся без падарункаў на Новы год».

Пры Лукашэнку нават коштам донарскай крыві бацькі ня могуць пакласьці дзецям падарункі ад ёлку.

Сяргей Навумчык

Написать комментарий 59

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях