19 апреля 2024, пятница, 5:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Велікодняе пасланьне айца Надсана

Велікодняе пасланьне айца Надсана

Апостальскі візытатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан зьвярнуўся зь велікодным пасланьнем да суайчыньнікаў.

Яго тэкст прыводзіць «Радыё Свабода»:

«Першыя крокі папы Францішка выклікалі шмат камэнтараў у сусьветнай прэсе. Не абышлося і бяз крытыкі, асабліва з боку некаторых царкоўных дастойнікаў, якім ня вельмі быў даспадобы ягоны сьціплы спосаб жыцьця, а таксама ягоная любоў да бедных, якая не сканчаецца толькі словамі, і ў якой некаторыя хацелі б бачыць паказуху.

А між іншым, папа не зрабіў і ня робіць нічога, чаго не рабіў Той, чыім намесьнікам на зямлі ён зьяўляецца, і які сказаў: «Лісы маюць норы, птушкі нябесныя - гнёзды свае, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць» (Лк 9:58). Ягоная асоба і навучаньне не супадалі з уяўленьнем чаканага Збаўцы сярод тых, якія ўважалі сябе духоўнымі праваднікамі і настаўнікамі свайго народу. Сапраўды, «Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не пазналі» (Ян 1:11); і ня толькі не пазналі, але адкінулі і ўзьненавідзелі, і сталі прычынаю Ягонай крыжовай сьмерці. І ў гэтым вялікая трагедыя абранага народу.

Але магіла і сьмерць не маглі ўтрымаць Таго, хто сказаў пра сябе «Я — уваскрасеньне і жыцьцё» (Ян 11:25). Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос устаў зь мёртвых на трэці дзень, абнавіўшы сваім устаньнем увесь сусьвет і даючы нам дарогу да вечнага і непрамінальнага жыцьця з Богам.

Вялікдзень — доказ усёабдымнай Божай любові да людзкога роду, любові несумяшчальнай зь ніякімі праявамі злосьці ці нянавісьці да каго-колечы. Узгадаем малітву Хрыста за тых, што яго ўкрыжавалі: «Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць» (Лк 23:34). Гэтыя словы даюць нам шмат да роздуму.

Пра гэта гаворыцца і ў песьні, якую сьпяваем падчас Велікоднай службы:

«Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем; cкажам «браты» і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так: «Хрыстос уваскрос зь мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў».

Фото: photo.bymedia.net

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях