25 апреля 2024, четверг, 15:53
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Байцоўскі ген: Мода на беларускую мову

43

Яшчэ адзін беларускі баец міжнароднага ўзроўню пачаў карыстацца родным словам.

Пакуль нашы футбольныя клубы абмяркоўваюць, ці пісаць прозвішчы гульцоў па-беларуску, ініцыятыву перахопліваюць байцы, піша Budzma.org.

Першым на роднай мове па тэлебачанні прамовіў Віталь Гуркоў — чэмпіён свету па тайбоксе і заслужаны майстар спорту.

І вось яшчэ адзін баец, Павел Турук, вызначыўся сваімі прабеларускімі поглядамі.

Павел адмыслова замовіў у дызайнераў шорты з надпісам “Адно жыццё — адзін шлях”.

— Гэта дадае мне матывацыі і падкрэслівае нацыянальную асаблівасць, — тлумачыць Павел Турук свой моўны выбар. — Пісаць на шортах нешта рускамоўнае было банальна. Таму вырашыў зрабіць надпіс па-беларуску і па-англійску. Калі падчас баёў нас, беларусаў, блытаюць з расіянамі — гэта не вельмі прыемна. На рынгу спартсмены ператвараюцца ў ворагаў. І кожнаму хочацца ўздымаць свой сцяг. Беларуская мова — гэта наша адрозненне. А для мяне — яшчэ і дробны ўнёсак у раскрутку сваёй мовы.

Паўлу Туруку 26 год. Ён ужо панюхаў пораху ў байцоўскіх баталіях: сустракаўся з самымі топавымі спартсменамі планеты. Трэба дадаць, што трэніруецца баец у мінскім клубе “Патрыёт”, а тэхніку класічнага бокса ставіць у зале бокса Акадэміі фізвыхавання. Турук вылучаецца адкрытай і блізкай манерай вядзення двубою. Двубоі Павел праводзіць пераважна за мяжой, ён ужо перамагаў у ЗША, Славакіі, Расіі, Польшчы і Аўстрыі.

Былі і паразы, але накаўтаваць напорыстага Турука вельмі складана. Праблемы ён можа скласці любому топаваму байцу свету сваёй вагавай катэгорыі.

— Трэба сказаць, што з тае пары, як я змясціў на сваёй байцоўскай амуніцыі надпіс “Адно жыццё — адзін шлях”, я здабыў тры перамогі запар, — зазначае Павел. — Буду імкнуцца падтрымліваць традыцыю ў будучым.

Як і Віталь Гуркоў, Турук не размаўляе ў жыцці выключна па-беларуску. Але прыемная культурная тэндэнцыя ў нашай файт-індустрыі дае спадзевы на лепшае.

Адметна, што беларускай мовай ахвотна карыстаюцца і іншыя значныя асобы ў байцоўскім асяродку. Гэта, да прыкладу, Канстанцін Маханькоў (адзін з найлепшых у Беларусі спецыялістаў па боксе) і Юрый Булат (старшы трэнер нацыянальнай каманды па муай-тай). Яны ахвотна даюць журналістам інтэрв’ю на роднай мове.

Таму не здзіўляйцеся, калі новыя пакаленні нашых байцоў яшчэ больш пашыраць моду на беларускае.

Написать комментарий 43

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях