3 ноября 2023, пятница, 13:24
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

«Сапраўдны беларускі канцэрт» у Re:Public

Увечары 26 мая ў Re:Public быў вечар прэм’ераў.

Свае новыя праграмы і кліпы прадстаўлялі гурты Green Pills і ili-ili, а хэдлайнеры вечара гурт Amaroka – новы альбом “Pastka”. Імпрэзу правяла “Арт-сядзіба”, якой таксама было чым пахваліцца, піша budzma.org.

“Мы рыхтаваліся да гэтага канцэрту з пачатку года”, – заявіў вядоўца імпрэзы Павел Белавус. Ён з’яўляецца адным з кіраўнікоў “Арт-сядзібы” і вечарыну ў Re:Public называе “справаздачнай” – перад сабой, музыкамі ды гледачамі. Творчая суполка, што аб’ядналася пад шыльдай “Арт-сядзіба” за гэты час спрыяла выданню альбомаў і здымкам кліпаў новай генерацыі беларускага року. Першая з прадстаўленых праграмаў належала маладому гурту Green Pills, якія выклалі напярэдадні канцэрту свой міні-альбом “Шызафрэнія” ў сеціва ды ўразілі музычную грамадскасць заявай пра тое, што падчас яго запісу ў гурце змянілася ажно дзевяць бубначоў. Музыкі выглядалі надзвычай упэўнена, як для свайго першага сур’ёзнага выступу. Вакаліст Ян Верабей казаў са сцэны пра “пакаленне дэбілаў і пакаленне без сілаў” і часам нагадваў маладога Яна Маўзера, асабліва, калі ставіў нагу на комбік. Месца “маўзераў” на беларускай незалежнай сцэне вакантнае, Green Pills маглі б яго заняць, каб на гэта накіраваліся, навучыліся зладжана гучаць ды кінулі граць акустыку са скрыпкай.

«Сапраўдны беларускі канцэрт» у Re:Public

Кліп на песню “Шызафрэнія” грамадзе анансаваў яго рэжысёр Аляксандр Крупіна, які выказаў спадзеў, што яго праца не будзе “чарговым абы-што ў беларускім кліпмэйкерстве”. Гэты ролік, роўна як і кліп наступных выступоўцаў ili-ili на песню “Танчыць”, дэманстраваліся ўпершыню. На вялікім экране паказалі таксама ролік “Культура паляпшае жыццё” ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Перад выхадам ili-ili на сцэне жартавалі з нагоды перакладу назвы гурта на беларускую. “А гэта не па-расейску”, – весела адрэагавалі на кпіны музыкі і сказалі, што гэта выпадковы і вельмі музычны збег літараў на няіснай мове. Гурт, заснаваны акторамі Купалаўскага тэатру, прадстаўляў сваю беларускую праграму. Дзве песні з яе “Сэрцы” і “Танчыць” музыкі ўжо запісалі і выдалі сінглам. Адзін з вакалістаў гурту Павал Яскевіч заявіў, што наступнай можа быць запісаная “Малая мядзведзіца”, душараздзіральная рок-балада. Яна задумвалася, як дуэтная кампазіцыя са спявачкай Настай Шпакоўскай, але Яскевіч мусіў выканаць яе самастойна, бо Наста ў гэты вечар мела спектакль у сваім тэатры. На кампазіцыі “Восень як вясна” ili-ili канчаткова разгайдалі залю, а Зміцер Ясеневіч павесяліў усіх, калі з засцярогай зазначыў пасля яе выканання: “У мяне ўсяліўся Лепс!”.

Хэдлайнерамі вечара стаў гурт Amaroka, які працуе ў жанры пазітыўнага панк-року. Музыкі прадстаўлялі новы альбом “Pastka”, які быў выдадзены практычна дзень у дзень з канцэртам. Павел Белавус зазначыў, што ў гэты вечар здзейснілася іх мара. 10 год хлопцы ішлі да таго, каб іх канцэрт рэкламаваўся на бігбордах у метро ды іх прыйшоў паслухаць цэлы Re:Public. Сваім сэтам Зміцер Афанасенка з калегамі сапраўды засведчылі, што вартыя гэтага. Ён выдатны шоўмэн, някепскі тэкставік, добра адчувае настрой сваёй публікі, а яго гурт грае пераканаўча і зладжана. “Панк-рок назаўжды!”, – ускрыквае лідар Amaroka і танцпляц з ахвотай адгукаецца ды ладзіць шалёныя скокі. У каманды пакуль няма хітоў, якія б падхапілі ўсе, але гэта справа нажыўная.

Найбольш эфектна мусіць выглядала выкананне песні “Пульс”. У ролі другога вакаліста нечакана паспрабаваў сябе выдавец Алесь Мазанік, а ў падтанцоўку пайшлі самыя актыўныя гледачы. Часам у музыкаў ірваліся струны, шнуры, у Змітра падала гітара, але яны самі рэагавалі на непаладкі нязмушана, таму магло падацца, што гэта абавязковая частка шоў. Акром новых песень Amaroka згадалі і некаторыя свае даўнія рэчы, як “Траблы” з альбому пяцігадовай даўніны ці песню “Людзі” – самы першы твор гурту. Падчас яе выканання на вялікім экране паказалі архіўныя кадры аднаго з першых канцэртаў. Amaroka некалі гучна стартавалі, сыграўшы сумесны канцэрт з N.R.M.

Перад заслужаным бісам, на сцэну Re:Public выйшла немалая каманда “Арт-сядзібы”, дзякуючы якой адбыўся канцэрт. Хлопцы і дзяўчаты паабяцалі і далей рухаць наперад беларускую культуру ды заклікалі заходзіць на новы інтэрнэт-партал, які запрацуе літаральна на гэтым тыдні.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях