19 апреля 2024, пятница, 12:57
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Менскі каталіцкі каледж будзе беларускамоўным

8
Менскі каталіцкі каледж будзе беларускамоўным

У суботу ў касьцеле сьвятых Сымона і Алены ў Менску адбылася ўрачыстасьць, з нагоды пачатку навучальнага году ў Менскім тэалягічным каледжы.

Навучаньне там будзе весьціся па-беларуску.

Гэта новая навучальная ўстанова ў каталіцкім касьцеле, якая будзе займацца падрыхтоўкай выкладчыкаў рэлігіі і іншых спэцыялістаў.

Першы дзень новага навучальнага году распачаўся ўрачыстай малітвай з удзелам сьветароў-выкладчыкаў і студэнтаў.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў сьвяточную імшу, паведаміў «Радыё Свабода»: «Дагэтуль ў нас быў цэнтар падрыхтоўкі катэхізатараў. Каледж мае шырэйшыя мэты перад сабою: катэхізацыйнай працай дзейнасьць касьцела не абмяжоўваецца. Мы таксама ведаем, што ўсе большую ўвагу сьвет зьвяртае на мэдыі, яны маюць усе большую ролю ў жыцьці сучаснага грамадзтва, у тым ліку і касьцела. Таму патрэбныя каталіцкія спэцыялісты, а таксама могуць атрымліваць адпаведныя веды і сьвецкія журналісты, якія працуюць у сьвецкіх СМІ.

Таксама неабходна сацыяльнае навучаньне. Мы бачым колькі праблемаў у сьвеце, у кожным грамадзтве, у тым ліку і ў нашым. Далей — сям’я, справы дабрачыннасьці і гэтак далей. Я спадзяюся, што тыя адмыслоўцы, якія выйдуць з нашага каледжу — яны найперш будуць дапамагаць пры касьцельных структурах, але таксама яны павінны быць у грамадзтве».

Тадэвуш Кандрусевіч спадзяецца, што дзяржаўная рэгістрацыя Менскага тэалягічнага каледжу паспрыяе адкрыцьцю ў Беларусі вышэйшай духоўнай навучальнай установы.

Дзяржаўная рэгістрацыя азначае, што каледж прызнаецца дзяржавай як навучальная ўстанова, сказаў сакратар каледжу, ксендз Юры Санько: «Пакуль заняткі будуць праходзіць на базе Чырвонага касьцела. Але плянуем пашырэньне, маем надзею, што будзем мець свой будынак. Ну і натуральна тое, што выкладаньне і ўся дакумэнтацыя будзе весьціся на беларускай мове. Бо мы жывем, навучаемся, духоўна ўзрастаем у Беларусі, таму іншага быць ня можа».

Выкладчыкамі новага каледжу пераважна зьяўляюцца каталіцкія сьветары, але таксама і сьвецкія асобы. На першы курс Менскага тэалягічнага каледжу селета прыняты 21 студэнт — людзі рознага ўзросту і заняткаў. Пра падзею яны кажуць гэтак: «Мяне зваць Алена, маю сям’ю і дваіх дзяцей. Натуральна, што ўзрост — далекі ад школьнага. А тут такая шыкоўная магчымасьць ня толькі атрымаць веды, але і дзяліцца імі зь іншымі людзьмі — радасьць, вялікая радасьць».

З нагоды новага навучальнага году ў Менскім тэалягічным каледжы таксама адбылася прэзэнтацыя друкаванага выданьня першай энцыклікі папы рымскага Францішка, якая атрымала назву «Сьвятло веры».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў даклад аб зьмесьце энцыклікі, а таксама асабіста ўручыў яе беларускамоўныя друкаваныя асобнікі кожнаму першакурсьніку.

Фото: Jury Maliareuski

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях