19 марта 2024, вторник, 11:53
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Выратаваць!

68
Выратаваць!

Я ведаю труслівую сутнасць турэмшчыкаў – злодзеяў у пагонах.

Мы пазнаёміліся з Яўгенам Васьковічам напярэдадні кампаніі-2010, калі я прыехаў у ягоны родны Бабруйск.

Ходзячы па заснежаным горадзе мы размаўлялі пра тое, што няма сілаў больш цярпець, што мы занадта шмат дазволілі ворагу. Яўген уразіў мяне сваёй перакананасцю ў перамозе, спакоем і нахняльнай ўсмешкаю. Не скажу, што мы сталіся такімі ўжо сябрукамі, але тое-сёе зрабіць разам паспелі.

Пра тое, што Яўген асуджаны на 7 год я даведаўся ў жодзінскай турме. І найбольш мяне ўразілі апошнія ягоныя словы, якія паўстаюць перада мною заўсёды, калі думаю пра Яўгена. “Жыццё кароткае, а радзіма – вечная!” – сказаў ён атрымоўваючы той жахлівы вырак у 7 год…

Што такое атрымаць 7 год, калі цябе ўзялі ў 20? Што такое правесці ў зоне/турме лепшыя гады жыцця, калі чалавек мог бы атрымаць адукацыю, стварыць сям’ю, заняць сваё пачэснае месца ў дзяржаве?.. У нармальнай дзяржаве. А ў такой варя’цкай, як беларуская, Яўген шукаць месца пад сонцам не жадаў і не жадае. Таму раз за разам і адмаўляецца нешта там падпісваць. Хаця просяць яго ўжо ўсе разам: напішы што заўгодна, але вырвіся з таго пекла!.. Ён жа адказвае ўсім: жыццё – кароткае, Бацькаўшчына – вечная!..

І такая пазіцыя не можа не прыводзіць у шаленства злачынны беларускі рэжым і злачынны рэжым турэмны. Таму кіраўніцтва магілёўскай турмы ўзялося за Яўгена па поўнай. Ці можа гэта сабе хто ўявіць: з 15 месяцаў знаходжання ў “магілёўскай крытай” Яўген узяў 8 месяцаў у ізалятары!

Я аб’езьдзіў кучу турмаў і зонаў, і ніколі, ніколі не сустракаўся з такім беспрэцэндэнтным гвалтам! Ці разумее хто-небудзь, што такое 247 сутак турэмнага ізалятара толькі за апошнія 15 месяцаў? Ці разумее хто-небудзь, што такое турэмны ізалятар? Турэмны ізалятар беларускай турмы – гэта ўзаконены антычалавечы (слова антыгуманны тут гучыць нават смешна!) механізм катавання.

Я, напрыклад, для таго, каб не здохнуць у ізалятары ад холада, быў вымушаны падымацца 5 разоў за ноч на паўгадзінную зарадку: прысядаў, адціскаўся, махаў рукамі – рабіў што толькі можна, каб троху сагрэцца і гадзінку якую, пакуль не астынеш, паспець кімарнуць. Калі я падымаўся 4 разы – гэта лічылася вельмі ўдалаю ноччу. Калі ў такім рэжыме я прасядзеў аднойчы месяц, мне здавалася: яшчэ сутак 10 – і можна выносіць байца. А я ж адседзеў недзе толькі паўгода з першых двух год зонаўскіх матанняў. Яўген жа сядзіць бязвылазна – кожны месяц па 10 – 20 сутак ШІЗА, і наперадзе ў яго яшчэ 4 жахлівыя гады!

На ўсе просьбы агучыць інфармацыю аб катаваннях Яўген адказвае цвёрдымі адмовамі. Ён раз за разам просіць не казаць, што яму забараняюць атрымоўваць незалежныя газеты, што да яго не прапускаюць большасць лістоў, што ён не вылазіць з ізалятараў. Яўген абгрунтоўвае гэта тым, што інфармацыя толькі нашкодзіць.

Свет цеснаваты, а Беларусі – і падаўна. І вось днямі стала мажлівым даведацца ад людзей, каторыя сядзелі разам з Яўгенам, што кіраўніцтва магілёўскай турмы пагражае Яўгену Васьковічу давесці ягоных родных да інфарктнага стану, а яму самому – стварыць невыносныя ўмовы адбыцця пакарання, калі інфармацыя аб здзеках над ім патрапіць у незалежныя СМІ.

Я ведаю труслівую сутнасць турэмшчыкаў – злодзеяў у пагонах – яны будуць датуль здзеквацца над табою і пагражаць табе роднымі, пакуль ты не агучыш гэтую інфармацыю галосна. Злачынцы баяцца адкрытасці, злодзей не мае мажлівасці зладзейнічаць пры святле.

Таму сёння я крычу аб тым, што ў магілёўскай турме №4 катуюць Яўгена Васьковіча! І калі мы ўсе разам не ўздымем свой голас, гэтага мужнага хлопца проста закатаюць у бетон. Начальнік турмы Дзімітраў Аляксандр павінен ведаць, што ягоныя злачынствы не застануцца непакаранымі. Магілёўскія турэмшчыкі павінны чытаць свае прозвішчы ў незалежных СМІ штодня, каб гэтым злачынцам страшна было высунуць на вуліцу свае лычы.

Наша зброя – гэта праўда і галоснасць. Разам мы можам выратаваць Яўгена – гэтага самаахвярнага героя, для каторага жыццё – кароткае, а радзіма – вечная.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 68

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях