23 апреля 2024, вторник, 17:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Досыць нам ужо гэтай лухты

6
Досыць нам ужо гэтай лухты

Заўсёды цікава назіраць за рэакцыяй суайчыннікаў, якія ўпершыню ідуць у назіральнікі за нашымі “выбарамі”.

Так, мая знаёмая дызайнерка Таццяна, пабачыўшы, як нахабна фальсіфікуюць настаўніцы з той школы, куды яна вадзіла сваіх дзяцей, потым катэгарычна адмаўлялася паўтараць гэткі траўматычны для ейнай псіхікі досвед. А ў майго серабранскага сябрука Юры, з якім гуляем у футбол, пасля прагляду сцэнкі “падліку” галасоў камісіяй з “Планара” ўзніклі асацыяцыі з іншай гульнёй: “Дык гэта ж, - кажа, - шулеры!”

А 6 верасня мы ўрачыста адправілі на фронт (выбарчы пункт) жончыну сваячку – цётку Проню. Цётка – звычайная кабета з Серабранкі, нарадзілася ў палескай вёсцы, усё жыццё адпрацавала на менскай фабрыцы за канвеерам. На першых прэзідэнцкіх выбарах галасавала за Лукашэнку, а на апошніх – супраць яго, пасля чаго дзівавалася: ”У нас у доме за яго ніхто не галасаваў, а ён – зноў прэзідэнт”. Такім чынам, звычайная апалітычная беларуская пенсіянерка з сярэдняй адукацыяй, “ляхтарат”, як той казаў. І вось гэтая недасведчаная ў выбарчых маніпуляцыях жанчынка трапляе на перадавую лінію барацьбы за сумленныя і празрыстыя выбары. А камісія пачынае абстрэл з усіх гармат ужо ў першы дзень: тут табе і апячатванне скрыні пластылінам (а дзверы ў памяшканне увогуле не пламбуюцца падчас перапынку, але ўнутры застаецца пабочная асоба з МУС), і самы цымус на дэсэрт у пратаколе: 105 выдадзеных бюлетэняў. Цётка Проня, ведама ж, не мае ўніверсітэцкай адукацыі, але злічыць да 10 здольная. І налічыла яна за дзень 9(дзевяць) выбарцаў, якім пашчасціла засунуць паперкі ў шчыліну. 11,67 – неблагі каэфіцыент ашукі!

Наступнае раніцы небарака доўга і ўзбурана нам усё гэта пераказвала. Свой аповед падрахавала шчыра, па-пралетарску: “Дык гэта ж х..ня нейкая!” Сапраўды, цётухна, поўная лухта! Ледзь умалёгалі яе выйсці на другі дзень.

Некалі публіцысты пісалі, што ўсіх беларусаў трэба вывезці за заходнюю мяжу, каб яны паглядзелі, як людзі там па-людску жывуць, дый самі зажадалі гэтак жыццё наладзіць. Дык ужо ж наездзіліся – першае месца ў свеце ў колькасці шэнгенскіх віз: сотні тысяч штогод выдаюцца. Дык тутэйшыя кантрабандысты і турысты за мяжу сцягаюцца, паназіраюць за людскай жыткай, вяртаюцца, а тут іх чакае нейкая х..ня. Яны на тую х..ню пазіраюць маркотна і… ні халеры не робяць, каб нешта змяніць. Можа, лепш замест віз ці ў дадатак выдаваць накіраванні ў выбарчыя камісіі? Каб прыйшлі хаця б 100 тысяч назіральнікаў у тыя камісіі, паглядзелі, сказалі: “Досыць нам ужо гэтай лухты!”

А пакуль мадам Ярмошына варыць свой боршч, ён гусцее, вада спакваля выпарваецца, рондаль прыгарае, у паветры разлягаецца смурод. Хто яшчэ скажа: “Дык гэта ж нейкая…!?”

Сяргей Мудрачэнка, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях