24 сентября 2017, воскресенье, 4:34

«У школьнікаў з гораду беларуская мова лепшая, чым у вясковых дзяцей»

У Магілёве правялі традыцыйнае «Беларускае пяціборства».

У Магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова Таварыства беларускай мовы правяло інтэлектуальнае спаборніцтва для школьнікаў «Беларускае пяціборства». Спаборнікі спраўджвалі свае веды па пяці школьных дысцыплінах — матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, а таксама па літаратуры і мове. Свае адказы яны меліся падаваць на беларускай мове, якасьць якой улічвалася падчас падвядзеньня вынікаў, перадае «Радыё Свабода».

Сёлета «Пяціборства» абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы правяла 16-ы раз. У ім узялі ўдзел 32 старшаклясьнікі. Нямала спаборнікаў прыехалі з райцэнтраў і вясковых школаў Магілёўшчыны. Заўчасна сышлі са спаборніцтва двое ўдзельнікаў. 30 змагаліся за перамогу.

Ініцыятар правядзеньня «Беларускага пяціборства» Міхась Булавацкі прагназуе, што ўзровень веданьня ўдзельнікамі беларускай мовы застанецца невысокім. Тым ня менш ён трымаецца аптымістычнай пазыцыі, бо беларускае інтэлектуальнае спаборніцтва працягвае зьбіраць немалую аўдыторыю школьнікаў.

«Радуе тое, што не цураюцца школьнікі беларускай мовы. Амаль усе яны вучацца ў расейскамоўных школах і спрабуюць пры гэтым даваць адказы па матэматыцы на беларускай мове. Наагул спрабуюць гаварыць на той мове, якой іх ня вучаць», — кажа Міхась Булавацкі.

На ягоную думку, у школах вывучэньню беларускай мовы не надаецца належнай увагі.

«Гэтая дысцыпліна — адчэпная, — кажа ён. — Калі вучань нешта спрабуе казаць, дык гэта ўжо добра для настаўніка. І такі вучань ужо чакае высокай адзнакі».

Апошнія некалькі год гарадзкія спаборнікі «Беларускага Пяціборства», кажа суразмоўнік, паказваюць лепшую мову, чым вясковыя. «Гараджане ў мове перамагаюць. Напрыклад, леташні пераможца Ільля Касакоў паказвае настолькі цудоўную мову, настолькі ён начытаны ў беларускай літаратуры, што іншы настаўнік ня ведае таго, што ведае гэты хлопец. Да яго былі дзьве школьніцы з Бабруйску — Наста і Ангеліна Жыркевіч. Яны цяпер вучацца ў БДУ. Наста і Ангеліна добрыя матэматыкі, але і беларускай мовай валодалі цудоўна. Гаварылі на ёй. Тэндэнцыя, што гараджане хіляцца да мовы, мяне радуе», — сказаў Міхась Булавацкі.

Пераможцаў пяціборства вызначаць пазьней. Яны атрымаюць ганаровыя граматы ды рэдкія кнігі на беларускай мове.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Рэкордная колькасьць удзельнікаў на пяціборстве была два гады таму. У 2015 годзе на спаборніцтва сабралася 45 чалавек.