20 октября 2018, суббота, 3:52
Нам нужна ваша помощь
Рубрики

Symbal.by і «Арт Сядзіба» распачалі кампанію #БНР100

2

У межах кампаніi ўзноўленая ўнікальная, дынамічная і неверагодна прыгожая «Пагоня».

Symbal.by і «Арт Сядзіба» разам з мастаком Максам Пякарскім распрацавалі фірмовы стыль для адзначэння 100-годдзя БНР, а таксама серыю сувенірнай прадукцыі, якая ўжо прадстаўлена на сайце Symbal.by ў раздзеле «БНР — 100».

«Спадзяемся, што ўзноўленая намі ўнікальная, дынамічная і неверагодна прыгожая «Пагоня» і фірмовы стыль са словамі Максіма Багдановіча «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць» з верша «Пагоня» будуць актыўна выкарыстоўвацца ў межах усіх мерапрыемстваў і акцый, прысвечаных гэтай важнай падзеі ў гісторыі Беларусі.

Для гэтага мы размясцілі макеты ў добрай якасці для шырокага выкарыстання. Пампуйце іх, стаўце на аватаркі, рабіце шпалеры для тэлефонаў і кампутараў, распрацоўвайце банеры, расцяжкі, плакаты, афішы, уласныя дызайны, буклеты і паштоўкі. Вынікі вашай творчасці, калі ласка, таксама дасылайце нам на скрынку symbalby@gmail.com.

Выява Пагоні, якая выкарыстана ў гэтым дызайне, знойдзена намі ў Беларускай эміграцыйнай калекцыі. Яна сустракаецца на пячатках, бланках і разнастайных дакументах Рады БНР, Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі ды шматлікіх іншых арганізацый па-за межамі Беларусі з 50-х гадоў 20 стагоддзя», - паведамляюць арганiзатары.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта адна з галоўных датаў у гісторыі нашай краіны, пачатак доўгага і складанага працэсу фарміравання сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

5 снежня 1917 г. — у Менску пад бел-чырвона-белымі сцягамі пачаўся першы Усебеларускі з’езд, які абвесціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду.

19 лютага 1918 — бел-чырвона-белы-сцяг узняты над будынкам губернатарскага палаца ў Менску пасля выгнання з горада бальшавікоў.

21 лютага 1918 г. — Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага кангрэса звярнуўся да народа Беларусі з 1-ай Устаўной граматай, у якой аб’явіў сябе ўладаю ў Беларусі.

9 сакавіка 1918 г. — адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады кангрэса, дзе была прынятая Другая Устаўная грамата. У ёй Беларусь была аб’яўлена народнай рэспублікай, а Выканаўчы камітэт — Радай БНР. У межах Беларусі былі абвешчаны свабоды слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе. 

25 сакавіка 1918 г. —  Рада БНР у Мінску прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, у якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. У нашыя дні гэтая дата адзначаецца як Дзень волі.

Вясна-лета 1918 г. — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг зацверджаны дзяржаўнымі сімвалам БНР, а беларуская мова — дзяржаўнай мовай Рэспублікі. Выпушчаны пашпарты грамадзян БНР з гербам «Пагоня» на вокладцы.

Восень-зіма 1918 г. — кіраўніцтва БНР не здолела ўмацаваць і захаваць сваю ўладу, абараніцца ці дамовіцца з Савецкай Расіяй і Германіяй пра далейшы лёс краіны.

Снежань 1918 г. — Чырвоная Армія ўступіла ў Мінск, большая частка сяброў Рады БНР пакінула горад.

У далейшым большасць беларускіх дзеячаў БНР вярнуліся ў БССР, а пасля сталі аднымі з першых ахвяр сталінскіх рэпрэсій. 

Ад 1919 г. Рада БНР дзейнічае ў выгнанні, прадстаўляючы інтарэсы Беларусі ў вольным свеце.

Ад 1997 г. – Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.