19 апреля 2024, пятница, 14:29
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Тыя, хто смяяўся ворагам у твар

3
Тыя, хто смяяўся ворагам у твар

Дзве гісторыі паўстанцаў 1863 года.

Я далёкі ад ідэалізацыі ненатуральнай і нават гераічнай смерці, паколькі любая смерць – гэта трагедыя. У выніку смерці знікае асоба, жыццё якой так патрэбна гэтаму свету для яго ўдасканалення, для працы на карысць роднага народа і роднай зямлі. Пры гэтым я безумоўна захапляюся гэтымі вобразамі і сілай духа тых людзей.

З усмешкаю на твары ішоў на смерць 25-гадовы камандзір паўстанцкага атрада Баляслаў Калышка. Нават расейскія салдаты казалі “храбро шел”.

Напярэдадні Міхаіл Мураўёў замяніў рашэнне суда аб расстрэле павешаннем, пацвердзіўшы тым самым сваю мянушку.

На Лукішскай плошчы ў Вільні падчас зачытвання прыгавора расейскі салдат перадаў Баляславу загад афіцэра зняць канфедэратку. У адказ пачуў: “Абыдзецца!”.

Тады адзін з шэрагоўцаў канвоя сам скінуў з галавы Калышкі капялюш. Баляслаў толькі ўсміхнуўся і нахіліўся долу. Адной рукой падняў галаўны ўбор, а другой ухапіў жменю коўзкай, мокрай ад нядаўняга дажджу зямлі і кінуў тою ў афіцэраў, якія стаялі побач. Пасля ж спакойна ўсклаў канфедэратку на галаву і прамовіў: "Апрача сябе, не бачу тут нікога годнага".

Баляславу завязалі рукі, падвялі да шыбеніцы. Ён падняўся на лаву. І як толькі кат надзеў на шыю Калышкі пятлю, паўстанец сам дзыгнуў з лавы з вяроўкаю на шыі. У гэтае імгненне ўсе ахнулі. Тым часам вяроўка абарвалася і Калышка паляцеў уніз.

Баляслаў Калышка

...Пасля таго, як эфект ад нечаканасці прайшоў, а паўстанец трохі аддыхаўся, яго зноў пачалі вешаць. На гэты раз пад пільным наглядам салдат, якія прытрымлівалі паўстанца, пакуль кат адзяваў таму на шыю вяроўку. У другі раз расейская пятля не падвяла свайго гаспадара-ката: Баляслава не стала.

У афіцыйных "Виленских ведомостях" (№ 57) па загаду М. Мураўёва з'явілася дапаўненне да газеты наступнага зместу: "Вильно, 28 мая [9 чэрвеня па новым стылі - В.Г.]. Дворянин Лидского уезда, Виленской губернии, Болеслав Колышко, по произведенному над ним, по полевым уголовным законам, военному суду, оказался виновным в принятии начальствования над вооруженною мятежническою шайкою и в действиях с нею против войск; сверх того он изобличен в разграблении сельских правлений, захвате общественных денег и повешении должностных лиц земской полиции. За преступления эти Колышко, согласно утвержденного приговора суда, подвергнут смертной казни – повешением, 28 числа месяца, в 10-ть часов утра, в Вильне, на торговой площади".

1864 год. Сакавіцкі ранак. Вільня. Надвор’е, халоднае, але яснае. Да Лукішскай плошчы з розных куткоў горада і ваколічных вёсак брыдуць людзі, утвараючы бліжэй да плаца суцэльны натоўп. Адныя з іх пахілілі галовы ў жалобе. Другія – ледзь валакуць ногі: на іх тварах адначасова і разгубленасць, і спалох, быццам толькі цяпер зразумелі, што згубілі нешта, страчанае ўжо даўно, - хіба надзею?

Трэція свецяцца прадчуваннем блізкага відовішча. Чацвертыя выпраменьваюць чорнае святло нянавісці. Але ўсе прысутныя стомленыя чаканнем гэтага Рубікону, фіналу расцягнутай трагедыі пад назваю "Паўстанне".

Пасярод людскога мора месціцца лысіна з адзінокатырчэлай у яе цэнтры шыбеніцай, парыпваючай маладым дрэвам, ад якога так прыемна пыхкае. І толькі салдаты не даюць магчымасці жывым хвалям з ўсё падыходзячых і падыходзячых людзей паглынуць гэты астравок смерці.

Раптам па людскіх шэрагах паляцелі сарваныя з чыіхсці вуснаў словы: “Круль Літвы, Круль Літвы». З боку Дамініканаў рухаўся вялізны канвой, распіхваючы людзей, а тыя позіркамі шукалі дзесьці сярод іх абрысы ўжо амль легендарнага “Яські гаспадара с-пад Вільні”.

Кастусь Каліноўскі

І якім жа было расчараванне натоўпу, калі на памост шыбеніцы ўзышоў сярэдняга росту малады чалавек, з лёгку растрапанымі, зачасанымі назад валасамі. Такі падобны на тых, хто глядзелі на яго вялізнымі вачамі, яшчэ чакаючы нейкіх цудаў.

Няўжо гэта ён, хто прымушаў працаваць усю паліцыю краю, кінутую на яго вышук? Няўжо ён, хто трымаў у страху здраднікаў? Няўжо ён, хто падтрымліваў апошняе вуголле згаслага паўстання?

Каліноўскі стаў тварам да шыбеніцы, раз за разам адпраўляючы доўгія позіркі ў людское мора, быццам кагосьці шукаючы. Ці не сваю каханую?

Загучалі барабаны. Натоўп ахапіла цішыня. Пачуліся словы прысуду, якія Каліноўскі разбаўляў сваімі кароткімі каментарамі і ў канцы на “Дваранін Вікенцій Каліноўскі” прамовіў вечныя “У нас няма дваран, усе роўныя!”.

Чытанне прысуда скончылася. Каліноўскаму на шыю надзелі вяроўку. Кастусь глядзеў на натоўп, з нейкай ўпэўненасцю і веданнем чагосьці, пакуль яшчэ недасяжнага гэтым людзям. Якія думкі былі ў галаве кіраўніка Паўстання?

Магчыма, ён згадаў напісаны незадоўга да арышту ліст да свайго сябры Длускага, у якім пракрэсліў: “Пакуль Бог ахоўвае, а калі прыйдзецца павіснуць, дык хай будзе на пацеху ўсім літоўскім панам і прасветлай Маскве”. І на памяць нам. Было тое, 22 сакавіка 1864 года, а 10-й раніцы, у Вільні, на Лукішскай плошчы…

Васіль Герасімчык, «Гістарычная праўда»

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях