20 апреля 2024, суббота, 0:05
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларусь у магдэбургскім праве

Беларусь у магдэбургскім праве

Як на Беларусь прыходзiлi традыцыi самакiравання.

Магдэбургскае (майдэборскае, саксонскае, нямецкае, тэўтонскае) права – адна з найболей вядомых сістэм феадальнага гарадскога права – склалася ў XII-XIII стст. у нямецкім горадзе Магдэбургу (цэнтры архіепіскапства) на падставе розных юрыдычных крыніц: прывілеяў, выдадзеных галавой архіепіскапства гарадскому патрыяту (1188 г.), «Саксонскага зерцала», пастаноў гарадскога суда і інш. Яно трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гарадской улады, суда з яго кампетэнцыяй і парадкам судаводства, пытанні зямельнай уласнасці ў гарадскіх межах, парушэнні ўладання, захопу нерухомасці; устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў, у тым ліку і маральныя правіннасці і г. д.

Пад патранатам гэтага права знаходзіліся гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Магдэбургскае права юрыдычна замацавала поспехі гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць – правы і свабоды на самакіраванне, уласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі былых павіннасцей, пiша tio.by.

Паводле магдэбургскага права, перасяленне чалавека ў горад з сельскай мясцовасці рабіла яго вольным ад прыгнёту, вызваляла ад шматлікіх феадальных абавязкаў. Чалавек гэты ў пэўным сэнсе, праўда, у значна аблегчаным варыянце, нагадваў калгасніка, якому ўдалося ўцячы ў горад са сталінскага калгаса. Але і сталінскі горад быў таксама апірышчам феадалізму, а то і рабства.

Магдэбургскае права атрымала шырокае распаўсюджанне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а менавіта яно было перанята большасцю гарадоў Усходняй Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, ВКЛ (Вялікага княства Літоўскага). Сама ж Магдэбургская зямля знаходзілася ў паўднёвай частцы Сярэднееўрапейскай раўніны і часткова ў гарах Гарц; а цэнтр гэтай зямлі – Магдэбург (упершыню ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах у 805 г.) змяшчаўся на беразе Эльбы.

Граматы на магдэбургскае права, што датычна ВКЛ, давалі вялікія князі; прыватнаўласніцкім гарадам – уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве – зноў жа вялікія князі ВКЛ. Як правіла, пры наданні таму ці іншаму гораду княства магдэбургскага права браліся пад увагу і мясцовае звычаёвае права, а пазней – пэўныя палажэнні артыкулаў Статутаў ВКЛ. І яшчэ. Пры ўвядзенні магдэбургскага права ў прыватнаўласніцкіх гарадах магнат і гараджане бралі для сябе за ўзор буйны горад княства. Так, для Нясвіжа (1586 г.) па прывілеі Стэфана Баторыя ўзорам былі Вільня і Гродна. Да таго ж граматы тыя адпаведна давалі гарадам і ўласныя гербы.

Неад’емным атрыбутам – сімвалам гарадскога самакіравання, знакам самастойнасці і палітычнай вольнасці горада з’яўлялася ратуша, якая звычайна будавалася на галоўнай (рыначнай) плошчы ці на набярэжнай, калі горад меў яшчэ і функцыі порта. У ратушы змяшчаліся канцылярыя самакіравання, гарадская казна, архіў з кнігамі адміністрацыйных прадпісанняў рады і яе судовых рашэнняў, граматы з прывілеямі, выдадзенымі гораду. Тут праводзіліся і пасяджэнні судоў. Ратушны суд быў у Полацку, Магілёве, Слуцку, Пінску, Мінску, Кобрыне і іншых гарадах.

Часам ратушы будавалі з крамамі, аўстэрыямі (корчмамі), гасцінымі дварамі. Падвалы і першыя паверхі ратушных будынкаў адводзілі пад хлебныя крамы, склады тавараў прыезджых купцоў і інш., а часам да іх прыбудоўвалі арсенал (Магілёў, які знаходзіўся бліжэй да мяжы з Масковіяй). Найбольш вядомымі былі ратушы Віцебская, Слонімская, Чачэрская, Шклоўская, Магілёўская, Нясвіжская.

У ліку першых у ВКЛ магдэбургскае права атрымала яго сталіца – Вільня (1387 г.). Адносна ж гарадоў і мястэчак Беларусі ў сённяшнім геаграфічным «раскладзе» магдэбургскае права мелі амаль 60 з іх. Першым атрымаў яго Брэст (1390 г.); потым, праўда, няпоўнае – Гродна (1391 г.), поўнае – у 1494 г.

Другім беларускім горадам, які атрымаў поўнага «магдэбурга», быў Слуцк (1441 г.); далей ішлі: Высокае (1494 г.), Полацк (1498 г.), Мінск (1499 г.) і г. д., паступова, пакуль не пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг. ), у якую на той час уваходзілі землі Беларусі і якія таксама былі паняволены Масковіяй. За год (1792) да другога падзелу паспелі атрымаць магдэбургскае права Ашмяны, Воўна, Вугор, Геранёны, Пераброддзе, Прывалка, Цырын і Шарашова. Тым самым іх жыхары яшчэ больш былі зараджаны на будучае супраціўленне новым акупацыйным уладам.

Магдэбургскае права далей мяжы паміж ВКЛ і Масковіяй распаўсюджання не мела: там яно было непажаданым, там проста не было ўмоў для яго існавання. Там была ўжо дзікая Азія – татара-мангольшчына з паняволенымі народамі Паволжжа, Урала, Сібіры, Поўначы і Далёкага Усходу. Да канца XVIII ст. за лінію мяжы паміж Еўропай і Азіяй прымаліся ўсе больш усходнія рубяжы Днястра, Дняпра і Дона. У другой палове гэтага ж стагоддзя навуковец немец Пётр Сіман Палас (1741–1811 гг.), здзяйсняючы мару, выконваючы запавет і працягваючы намаганні Пятра I, вядома, не без ганарараў, прапанаваў праводзіць мяжу паміж Еўропай і Азіяй спачатку па Волзе, а потым – як яна лічыцца цяпер (па Уралу – гарах, рацэ і г. д.).

Еўропа, зноў жа – за пэўныя ўзнагароды, гэту прапанову немца прыняла. І сёння маем тое, што маем. Дарэчы, П.С. Палас у 1767 г. у 26-гадовым узросце быў абраны членам Пецярбургскай акадэміі навук і пераехаў у Расію. Там ён меў шмат прывілей і прэферэнцый.

Магдэбургскае права на Беларусі было скасавана паводле ўказаў расійскай імператрыцы Кацярыны II у Магілёўскай губерні ў лістападзе 1775 г., у Мінскай – у маі 1795 г., у Заходняй Беларусі – у снежні 1795 г. Як бачым, непажаданае для Расіі права на гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі распаўсюджвалася сістэмна, метадычна-паступова з захаду на ўсход, а потым – адпаведна па-варварску, метадычна-гвалтоўна вынішчалася з усходу на захад.

Вядома, які лёс напаткаў гарадскія гербы і ратушныя збудаванні: гербы мянялі-падганялі «пад расійскі абцас», ратушы пераважна перабудоўвалі, перапрыстасоўваючы пад што-небудзь, часам амаль руйнавалі (бывалі выключэнні), як цэнтральныя часткі Брэста ці Бабруйска, каб не нагадвалі аб еўрапейскай мінуўшчыне, і ўзводзілі на іх месцы крэпасці, вязніцы і турмы, з дапамогай якіх душыліся паўстанні паняволенага краю.

Жыхароў мястэчак, магдэбурскае права якіх было скасавана, новыя ўлады імкнуліся перавесці ў стан прыгонных сялян. Апошнім часам робяцца спробы правалы памяці залатаць навадзеламі (адбудова знішчаных калісьці ратуш у Магілёве, Мінску і інш.).

Як і ўсякае іншае паселішча, горад, мястэчка, надзеленыя магдэбургскім правам, апроч гэтага, мелі яшчэ і розныя іншыя непаўторныя «адмеціны» і асаблівасці, пра якія кожнаму турысту і вандроўніку, безумоўна, цікава пачуць, а то і пабачыць, калі там яшчэ штось захавалася. Канечне, варта пачаць з Магдэбурга – бацькі гарадоў магдэбургскіх. Трэба заўважыць, што горад гэты двойчы (пад час 30-гадовай вайны 1618 – 1648 гг. і ў 1945 г.) амаль поўнасцю разбураўся. Сёння ён – адзін з квітнеючых нямецкіх гарадоў.

Хто з нас яшчэ са школьных гадоў не чуў пра магдэбургскія паўшар’і? Гэта дзве шчыльна прыціснутыя адна да другой металічныя паўсферы, якія цяжка раз’яднаць, калі з прасторы паміж імі адпампаваць паветра. Паўшар’і гэтыя зроблены ў Магдэбургу (адсюль і назва) у 1654 г. фізікам і бургамістрам горада Ота Герыке, які пры іх дапамозе прадэманстраваў наяўнасць атмасфернага ціску. Ён жа ўпершыню (1660 г.) пабудаваў вадзяны барометр і скарыстаў яго для прадказання надвор’я. (Нам бы такіх мэраў – вынаходнікаў-некарупцыянераў!).

А чым жа адметны нашы былыя беларускія «магдэбургцы»? Што тут сёння можа прыцягнуць нашу ўвагу? Вядома, варта ў першую чаргу не абмінуць увагай тыя гарады і мястэчкі, якія абышлі турыстычныя маршруты, аб якіх мала ці недастаткова ўзгадваюць не только ў глянцавых выданнях, але, як кажуць, і ў простым папяровым друку, а таксама ў радыё- і тэлеэфірах.

Да іх пакуль, вядома, не дайшла яшчэ, хай не на вялікую даўжыню, чарга. А там, несумненна, ёсць інфармацыя аб не зусім звычайных аб’ектах, неардынарных асобах, знакавых падзеях і г. д., – можа, не такой значнасці, як магдэбургскія феномены, але… Але неабходна ўзгадаць пра нешырока вядомае ў шырока вядомым. Гэта значыць, што аб такіх гарадах, як Брэст, Гродна, Полацк, Мінск, Магілёў, Віцебск і некаторых іншых, спасылаючыся на наяўнасць аб іх багатай інфармацыйнай прасторы, тут будзе сказана амаль толькі згадваннем пра першае аб іх упамінанне і пра дату надання ім магдэбургскага права.

Больш будзе сказана пра паселішчы з менш вядомым мінулым і сучасным. Такім чынам, падаем невялікі дадатак да таго, што агульна і шырока вядома. Так як Брэст першым з беларускіх гарадоў стаў «магдэбургцам», то ў якасці ўводзін да іншых гарадоў і мястэчак варта сказаць пра яго колькі слоў. І, канечне, у пэўным сэнсе хай гэта будзе як бы ўзорам характарыстык для іншых.

Брэст. Горад, цэнтр Брэсцкай вобл., порт на р. Мухавец. Упершыню як паселішча ўзгадваецца з 1019 г. Грамату на магдэбургскае атрымаў у 1390 г. Да агульнавядомага пра Брэст неабходна дадаць: у 1563 г. тут Радзівіл Чорны пабудаваў першую ў межах сучаснай Беларусі друкарню, у якой была выдадзена Брэсцкая Біблія. У 1665–1666 гг. у горадзе працаваў манетны двор, які выпускаў медныя соліды (барацінкі), што чаканіліся па ініцыятыве трымальніка манетных двароў Ціта Лівія Бараціні. Адкрытая ў 1974 г. Крымскай астрафізічнай абсерваторыяй малая планета № 3232 Сонечнай сістэмы носіць назву Брэст. Брэст як гарадская планета ВКЛ была панішчана Расійскай імперыяй пасля ўключэння ў яе горада, які першы з нашых гарадоў атрымаў магдэбургскае права. Пра мінулае і сучаснае абласнога цэнтра нашай краіны Брэста больш падрабязна нас чакае многа інфармацыі на старонках розных выданняў і ў інтэрнэце.

Гродна. Горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца пад 1127 г. У 1391 г. горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1494 г. – поўнае, у 1496-м – дапоўненае спецыяльным прывілеем). Пра багатае гістарычнае, гаспадарчае, культурнае, літаратурнае, мастацкае, тэатральнае і інш. жыццё шляхетнай Гародні нам распавядуць працы В.І. Кудрашова, Ю.А. Пашкіна, А.М. Пяткевіча, А.П. Госцева, В.В. Шведа, М.І. Ліса, Т.А. Меляшкевіча, Л.Дз. Налівайка, Дз.У. Стэльмаха і інш. А мы, удзячныя ім, – у дарогу!

Слуцк. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Слуцкага раёна Мінскай вобл. на р. Случы. Летапісны Случеск упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1116 г. Магдэбургскае права (поўнае) атрымаў у 1441 г., дарэчы, другі (пасля Брэста) з беларускіх гарадоў. Пра Слуцк таксама існуе багатая інфармацыя, але колькі цікавых фактаў усё ж трэба прывесці.

Славутая слуцкая бэра (ігруша) амаль перавялася, ды ўсё ж яе яшчэ можна сустрэць і пакаштаваць і ў самім Слуцку. Расце яна там і на сядзібе светлай памяці Паўлы Антонаўны Стралкоўскай, якая яшчэ да вайны вучыла ў Дзяржынску (Койданаве) нашага слыннага гісторыка Міколу Ермаловіча і паэта Алеся Салаўя.

А ў школе N 1, знакамітай колісь гімназіі, працаваў паэт, літаратуразнаўца, краязнаўца, фалькларыст, педагог Рыгор Родчанка (1929 – 1994) – легенда Слуцка, які многіх случакоў павярнуў тварам да слуцкай старасвеччыны і які знайшоў магілу Альгерда Абуховіча, напісаў пра яго кнігу і выдаў яго творы.

Высокае (да 1939 г. Высока-Літоўск). Горад у Камянецкім раёне Брэсцкай вобл., на высокiм беразе р. Пульвы. Упершыню ўзгадваецца ў XIV ст. пад назвай Высокі Горад. Магдэбургскае права атрымаў у 1494 г. У XVI–XVIII стст. славіўся высокай якасці ткацтвам палатна і дываноў. Высока-Літоўская суконная мануфактура вырабляла сукны больш за 11 тысяч метраў (у 1826–1828 гг.).

Полацк. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Полацкага раёна Віцебскай вобл. на Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе р. Палаты. Упершыню як Полотеск упамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г. Магдэбургскае права займеў у 1498 г. Інфармацыі па Полацку і Полацкай зямлі – дастаткова. Знаёмімся – і шчаслівага нам шляху!

Мінск. Горад, сталіца Рэспублікі Беларусь. Праз горад працякае р. Свіслач, тут яна прымае прыток – р. Нямігу (цячэ ў калектары). Упершыню Мінск (летапісны Меньск, Менеск) упамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1499 г. Мінск як сталіца з яе мінуўшчынай, цяпершчынай і будучыняй, фігуральна кажучы, купаецца ў моры інфармацыі, таму, калі ласка – вывучайце і..

Ваўкавыск. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Росi. Упершыню як летапісны Волковыеск упамінаецца пад 1252 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1503 г. Сярод іншых сведчанняў ёсць і такое, што ў назве горада ляжыць імя служылых людзей вялікага князя, якія пад час палявання павінны былі выць па-воўчы і гэтым прынаджваць ваўкоў. Нельга не ўзгадаць пра Ваўкавыскае княства (XIII–XIV стст.) і Ваўкавыскае рукапіснае евангелле (XVI ст.). Ваўкавышчына (маёнтак Жлобаўцы) – радзіма выдатнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910–1983). У 1928 г. яна скончыла Ваўкавыскую жаночую гімназію.

Навагрудак. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах (Новогород, Новогородок, Новый Городок) адносіцца да 1044 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1511 г.

Пра Навагрудак як цэнтр палітычнага, рэлігійнага, літаратурнага і іншых галін жыцця існуе багаты спектр рознага рода інфармацыі, які дапаможа нам адчуць подых гісторыі і ў нейкай ступені – вечнасці, калі мы пасля азнаямлення з ім аднойчы станем на Замкавай гары супраць фарнага касцёла, у якім у свой час ахрысцілі Адама Міцкевіча, ці ўздымемся на Курган Бессмяротнасці ў гонар таго ж Міцкевіча. Хто сур’ёзна не наведае Навагрудак з яго музеямі, архітэктурнымі помнікамі, курганамі, руінамі і рэшткамі замкаў і г.д., таму не дадзена глыбока спасцігнуць і таямніцу ўзнікнення Вялікага княства Літоўскага.

Мілейчыцы.Апроч даты прысваення магдэбургскага права ў 1516 г., іншай інфармацыі пра гэты населены пункт пакуль няма.

Камянец.Горад, цэнтр Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. на р. Лясной. Упершыню ўпамінаецца пад 1276 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1518 г. Апроч Камянецкай вежы (XIII ст.), замкава-палацавых комплексаў ( XVIII–XIX стст.), Камянецкая зямля мае на сваім рахунку і антыфеадальныя ўзброеныя выступленні сялян.

Рэчыца. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл., пры ўпадзенні ў Днепр ракі Ведрыч. Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213 г. Магдэбургскае права (няпоўнае) атрымана ў 1561 г. На гравюры 1649 г. бачна выява Рэчыцкага замка, які быў разбураны пад час антыфеадальнай вайны (1648–1651). Культурныя і іншыя інфраструктуры тут існуюць, як і ва ўсіх гарадах такога рангу. Але непадалёк ад горада ў Днепр упадае рэчка з памяншальна-ласкавым гучаннем яе імя – Днепрык.

Дзісна. Горад у Міёрскім раёне Віцебскай вобл., на р. Дзісне, пры яе ўпадзенні ў Заходнюю Дзвіну. З X–XI стст. вядома як крэпасць полацкіх крывічоў. Магдэбургскае права атрымала ў 1569 г. Тут, у гарадской царкве знаходзіцца Дзісенскі звон – помнік мастацкага ліцця, адліты з бронзы ў 1751 г. (30.08) ліцейшчыкамі братамі Іванам, Сцяпанам і Максімам Сініцамі.

Радашкавічы. Гарадскі пасёлак у Маладзечанскім раёне Мінскай вобл. Вядомы з 1447 г. Магдэбургскае права атрымана ў 1569 г. Тут знаходзяцца: археалагічны помнік – гарадзішча жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі, а таксама помнікі архітэктуры – касцёл (1858 г., позні класіцызм) і царква пачатку XX ст. У Радашкавіцкай гімназіі, якая існавала ў 1922–1928 гг., з ініцыятывы А. Уласава і П. Крачкоўскага, сярод яе вучняў пэўны час быў народны паэт Беларусі Максім Танк.

Сураж. Гарадскі пасёлак у Віцебскім раёне на р. Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе р. Касплі. Вядомы спачатку як замак (1563); сёння тут замчышча – археалагічны помнік. Як паселішча магдэбургскае права атрымаў у 1570 г. З Суража паходзіў Васіль Суражскі – беларускі і ўкраінскі пісьменнік-палеміст (2-я палова XVI ст.). Пасля смерці Івана Фёдарава кіраваў да 1598 г. Астрожскай друкарняй.

Магілёў. Горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна, порт на р. Днепр. Упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў XIV ст. («Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх»). Магдэбургскае права атрымаў у 1577 г. Магілёў, як і гарады яго рангу, мае вялікую інфармацыйную прастору. І яна чакае нас.

Мазыр. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Мазырскага раёна Гомельскай вобл., найбольшы на Беларусі порт на Прыпяці. У летапісах упершыню ўпамінаецца пад 1155 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1577 г. праз прывілей Стэфана Баторыя. Да таго, што шырока пададзена аб гэтым горадзе ў інфармацыйнай прасторы, неабходна яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што Мазыр у першую чаргу прывабны для турыстаў сваімі ярамі на ўзвышанай і расчлянёнай частцы Мазырскай грады на вышыні 150–200 м. Шчыльнасць яроў – да 30 адзінак на 1 кв. км.

Ула. Гарадскі пасёлак у Бешанковіцкім раёне Віцебскай..

Кобрын. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. У пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1287 г. У XV ст. – цэнтр Кобрынскага княства. Магдэбургскае права атрымаў у 1589 г.

Да вядомай інфармацыі пра кобрынскія замкі, Кобрынскі ключ, кобрынскі строй, Кобрынскае ўзброенае выступленне жыхароў у 1933 г. супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту і інш. трэба дадаць, што Кобрыншчына – радзіма Радзівона Якаўлева (1728–1767 гг.) і Лукер’і Кірылавай (1730–1796 гг.), бацькоў Арыны Радзівонаўны (1758–1828 гг.) – нянькі рускага паэта Аляксандра Пушкіна.

Будучыя бацькі Арыны Радзівонаўны апынуліся на Балтыйскім узбярэжжы, калі іх у ліку вялікай колькасці ліцвінскага (беларускага) насельніцтва захапілі на іх радзіме і пагналі ў расійскае рабства. А здзяйснялі такое расійскія войскі адносна Рэчы Паспалітай, якая знаходзілася ў тыя часы ў вымарачным стане.

Пружаны. Горад, цэнтр Пружанскага раёна Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вядомы з 1487 г. пад назвай Дабучин. Магдэбургскае права атрымана ў 1589 г. з ініцыятывы дачкі каралевы Боны Сфорца – Ганны. У горадзе знаходзіцца сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (2-я палова XIX ст.), касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1883), гандлёвыя рады ў стылі барока і класіцызму (1896), комплекс гарадской сядзібы.

Пружаншчына – радзіма такіх славутых людзей, як спявак М. Забейда-Суміцкі і кампазітар і збіральнік беларускага фальклору, а таксама заснавальнік і кіраўнік харавой капэлы Р. Шырма. Дарэчы, М. Забейду-Суміцкаму – спеваку з сусветным імем – польская дэфензіва за публічнае выкананне беларускіх народных песень пагражала засценкамі Картуз-Бярозы.

Непадалёк ад горада, на тэрыторыі раёна, у Белавежскай пушчы знаходзіцца ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі, дзе былі падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР (снежань 1991 г.).

Любча. Гарадскі пасёлак у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобл., на левым беразе Нёмана. Упершыню згадваецца ў нямецкіх хроніках як аб’ект ваенных паходаў крыжакоў у 1401 г. Магдэбургскае права атрымаў ў 1590 г. Любчанскі замак на высокім левым беразе Нёмана існаваў у XVI – пачатку XIX ст. У якім выглядзе замак існаваў у пачатку XIX ст., можам меркаваць па акварэлі Юзафа Пешкі. Сёння там вядуцца рэстаўрацыйныя работы, у асноўным сіламі валанцёраў.

Ад шырокай і бясконцай прасторы, калі вы стаіце на высокім беразе, непадалёк ад замкавай вежы, над выгінам Нёмана, у вас і сёння тут захоплівае дух. І яшчэ. У Любчанскай друкарні (XVII ст.) сярод розных кніг на польскай і лацінскай мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. былі надрукаваны зборнік беларускіх прыказак С. Рысінскага (1618) і «Статут Слуцкай школы» (1628).

Віцебск. Горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага раёна на Заходняй Дзвіне ў сутоках рэк Віцьбы і Лучосы. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе XVIII ст., горад (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974 г. Паводле іншых крыніц, ён упамінаецца пад 1021 г., калі Яраслаў Кіеўскі (Мудры) перадаў яго полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу. Магдэбургскае права горад атрымаў у 1597 г.

Друя. Гарадскі пасёлак у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Друйкі ў Заходнюю Дзвіну. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы М. Стрыйкоўскага пад 1386 г. у складзе ВКЛ. У 1618 г. атрымаў прывілей на магдэбургскае права. З Друі паходзіць адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі – Друйскае евангелле (XVI cт.).

Орша. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Аршанскага раёна Віцебскай вобл. на р. Днепр пры ўпадзенні ў яго р. Аршыцы. Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. як горад Ръша. Магдэбургскае права атрымана ў 1620 г. Дзіўна, што горад гэта права не атрымаў на сто з лішнім гадоў раней, асабліва пасля першай Аршанскай бітвы (1514).

Гаспадарчае, ваеннае, культурнае, духоўнае жыццё Оршы добра адлюстравана ў тэкстах А.М. Шынкевіча, А.П. Грыцкевіча, Н.І. Стужынскай, Г.К. Гаранскага, Ю.І. Драгуна, Ю.А. Якімовіча, У.М. Конана, А.А. Ярашэвіча, Т.В. Габрусь і інш. Так што спачатку кнігі ў рукі, а пасля і ў дарогу!

Крычаў. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці, на р. Сож. Упершыню ўпамінаецца пад назвай Крэчут у 1136 г.

Магдэбургскае права атрымаў у 1633 г. У Сярэднія вякі быў знакаміты апрацоўкай вываранага з балотнай руды жалеза (крыцаў). Крычаўская суднаверф, крычаўскія мануфактуры, крычаўская кераміка..

Астрына. Гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобл. Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1450 г., магдэбургскае права атрымана ў 1641 г. У XV – пачатку XVI ст. належаў да каралеўскага ўладання. Тут помнік Цётцы (Элаізе Пашкевіч) – выдатнай беларускай паэтцы, патрыётцы і рэвалюцыянерцы (1876–1916 гг.).

Чэрыкаў. Горад, цэнтр Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобл., на р. Сож. У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1604 г. пад назвай Череково. Магдэбургскае права атрымаў у 1641 г. Тут ёсць цікавы гісторыка-краязнаўчы музей; помнікі архітэктуры: паркі ў Верамейках (XIX ст.) і ў Юдаўцы (пачатак XX ст.), а ў Сакалоўцы – паштовая станцыя (XIX ст.).

Дзівін. Вёска ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобл. Вядома з 1566 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1642 г. На сённяшні дзень Дзівін, безумоўна, можа здзівіць помнікамі архітэктуры першай паловы XVIII ст. (царква Параскевы Пятніцы) і пачатку XX ст. (Прачысценская царква), а таксама стаянкай мезаліту і неаліту і паселішчам бронзавага веку.

Лагішын. Гарадскі пасёлак у Пінскім раёне Брэсцкай вобл. Назва паходзіць ад уласнага асабовага імя Логаш – вытворная форма імя Логгін або Логін з лаціны. Longinus з longus – «доўгі». Longinus – імя граматыка і філосафа III ст. н. э. Фармант –ын абазначае індывідуальную прыналежнасць. І яшчэ. Лагаш – старажытная дзяржава ў Шумеры. Ці не прынесла да нас на Беларусь гэты тапонім у свой час мора Герадота?

Упершыню Лагішын упамінаецца пад 1552 г. З 1643 г. меў магдэбургскае права. Несумненна, увагу турыста тут прыцягне Спаса-Праабражэнская царква – помнік архітэктуры 2-й паловы XIX ст. Пабудавана яна ў рэтраспектыўна-рускім стылі на месцы ўніяцкага драўлянага храма (1795 г.). Цікавы і Петра-Паўлаўскі касцёл – помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1907–1910 гг. на месцы мураванага касцёла, узведзенага яшчэ ў 1634 г.

Мальча. Мястэчка Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Магдэбургскае права атрымала ў 1645 г. Вядома ў свой час барацьбой жыхароў за вызваленне з-пад прыгнёту, супраць уціску мясцовай адміністрацыі (1805–1823). Гэта звесткі мінулага. Іншых якіх звестак сённяшняга дня пакуль не выяўлена.

Радунь. Гарадскі пасёлак у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў 1387 г. у грамаце Ягайлы як горад Радыня. Магдэбургскае права атрымана ў 1649 г. Непадалёк ад Радуні ў XIV–XVII стст. існаваў Радунскі замак. Захаваліся сляды замчышча.

Жыровічы, Жыровіцы. Вёска ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобл. Вядомая з 2-й паловы XV ст. як прыватнаўласніцкае паселішча падскарбія А. Солтана. У 1652 г. атрымала магдэбургскае права. Апроч Успенскага мужчынскага манастыра (XVI ст.), Жыровіцкага евангелля – беларускага рукапіснага помніка (XV ст.), Жыровіцкага абраза Маці Божай (XV ст.), Жыровічы знакаміты былі і школьным тэатрам (сярэдзіна XVIII ст.), асабліва беларуска-польскай уніяцкай інтэрмедыяй «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.

Капыль. Горад, цэнтр Капыльскага раёна Мінскай вобл. на р. Мажы. Упершыню ўпамінаецца пад 1274 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1652 г. Капыль, як Навагрудак, Мазыр, Лагойск і інш., за асаблівасці яго ландшафту таксама часта называюць беларускай Швейцарыяй.

Уражвае Капыльскае замчышча (канец XIV – першая палавіна XV ст.). Не пакінуць раўнадушным гледача прадукцыя мясцовага ткацтва, вядомая з XVI ст., і, безумоўна, капыльска-клецкі строй.

Капыль – радзіма Цішкі Гартнага (1887–1937 гг.), пісьменніка і грамадскага дзеяча, закатаванага маскоўска-бальшавіцкім рэжымам. Захавалася хата, у якой нарадзіўся знакаміты зямляк.

Стоўбцы. Горад, цэнтр Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Паводле некаторых пісьмовых крыніц, вядомы з 1511 г. Магдэбургскае права атрымана ў 1729 г.

Тут, на ўскрайку горада, у Акінчыцах, знаходзіцца частка філіяла Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Помнік архітэктуры – царква Святой Ганны (1825). У горадзе працуе карцінная галерэя.

Ушачы. Гарадскі пасёлак, цэнтр Ушацкага раёна Віцебскай вобл. на р. Ушачы. Вядомы з XVI cт. як сяло ў Полацкім ваяводстве, уладанне А. Сялявы і яго сыноў. Магдэбургскае права атрымана ў 1578 г. Ушацкі Лаўрэнцьеўскі касцёл (XX ст.), безумоўна, прыцягне вашу ўвагу. Ушачы – радзіма народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Бобр. Гарадскі пасёлак у Крупскім раёне Мінскай вобл., на р. Бобр. Вядомы з 1516 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1762 г. Тут жыве наш сучаснік, таленавіты беларускі мастак Алесь Пушкін, які арыгінальна распісаў і мясцовую царкву.

Мядзел. Мядзел Стары. Горад, цэнтр Мядзельскага раёна Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын..

Гісторыя Шклоўскай зямлі багатая, і гэта адлюстравана ў рознага роду даведніках. Шклоўская ратуша – былы сімвал гарадскога самакіравання – адноўлена ў 2000 г. Велічна выглядае Праабражэнская царква (пачатак XX ст.). Цікава выглядае Шклоўскі ідал – скульптурная выява язычніцкага бажаства (X ст.), высечанага з пясчаніку. Зберагаецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску.

Ашмяны. Горад, цэнтр Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл. Вядомы з 1341 г. як замак вялікіх князёў ВКЛ. Магдэбургскае права атрымаў у 1792 г. Ёсць звесткі, што статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта у канцы XIV, а магдэбургскае права (першапачаткова) – на пачатку XVI ст. Помнікі архітэктуры XIX ст. – царква і карчма. У горадзе працуе краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча (1840–1900 гг.).

Воўпа. Вёска ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянцы. Вядома з 1-й паловы XV ст. як уладанне вялікага князя ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Магдэбургскае права атрымала ў 1792 г. – напярэдадні III падзелу Рэчы Паспалітай, што спараджала пратэстныя настроі мясцовага насельніцтва супраць Расіі, а потым актывізавала яго на паўстанні. Цікавым архітэктурным аб’ектам тут бачыцца касцёл Іаана Хрысціцеля (1773 г.) – помнік драўлянага дойлідства позняга барока.

Вугор. Іншыя звесткі, апрача таго, што ў 1516 г. гэтым паселішчам было атрымана магдэбургскае права, на сённяшні дзень страчаны.

Геранёны. Вёска ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобл. Вядома з XV ст. як Геранёны Мураваныя. Магдэбургскае права атрымана ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (XV–XVI стст.).

Пераброддзе. Вёска ў Міёрскім раёне Віцебскай вобл, паміж азёрамі Набіста і Абстэрна. Вядома з XVI ст. Магдэбургскае права атрымала ў 1792 г. (па іншых крыніцах – у 1571 г.). Помнікі архітэктуры: Георгіеўская царква (1911 г.), касцёл Сэрца Іісуса (1920-я гады).

Прывалкі (Прывалка). Вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага раёна. Вядома з XVI ст. Магдэбургскае права атрымана ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Шкаплернай і Святых Сымона і Тадэвуша (1919 г.).

Цырын. Вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Сэрвачы. Вядома з 1432 г. як шляхецкае, потым як дзяржаўнае ўладанне. Магдэбургскае права мела, верагодна, у XVII ст., а пацверджана ў 1792 г. Помнік архітэктуры: Свята-Міхайлаўская царква.

Шарашова. Гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобл. на р. Левай Лясной (басейн Заходняга Буга). У пісьмовых крыніцах вядома з 1380 г. Магдэбургскае права атрымала ў 1792 г.

Помнікі архітэктуры: званіца (1799 г.), Петра-Паўлаўская царква з рысамі класіцызму (XIX ст.), касцёл Прасвятой Тройцы (1830–1840-я гады). У XVI ст. тут створана Шарашоўскае евангелле – беларусі рукапісны помнік. Зберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску.

Новы Двор. Вёска, цэнтр сельсавета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. Вядома з XV ст. З 1720 г. – мястэчка; магдэбургскае права, верагодна, – з 1792 г. Жыхары мястэчка бралі ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. А ў 1863 г. каля Новага Двара паўстанцкі атрад Лідскага павета на чале з Л. Нарбутам быў разбіты царскімі войскамі.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях