19 марта 2024, вторник, 6:24
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Яшчэ раз пра нацыянальнасьць Скарыны

18
Яшчэ раз пра нацыянальнасьць Скарыны

Кiм быў наш першадрукар - русінам, ліцьвінам ці беларусам?

Скарына-русін

Было, было... Былі тры Русі — Русь Кіеўская, Русь Літоўская і Русь Маскоўская. Усе тры стварылі свае мовы і сфармавалі свае ідэнтычнасьці. Усе тры блізкія, але розныя.

Так мне думаецца кожны раз, калі я разважаю пра Францішка Скарыну і яго этнічнае самаўсьведамленьне. Гэта першая з трох філязофскіх формул беларускай гісторыі, якія я прапаную ў развагах пра Скарыну.

Пра сваю нацыянальнасьць ня раз казаў сам першадрукар:

«...не можем ли... послужити посполитому люду рускаго языка...»

«...абы братия моя Русь...»

«... напред богу в троици единому ко чти и своему прироженому рускому языку к науце всего доброго поднялся праци тое...»

Зразумела, што Скарына лічыў сябе рускім, русінам.

Называлі сябе так і іншыя дзеячы беларускай культуры XVI стагодзьдзя. Пратэстант Сымон Будны зьвяртаўся «къ всем благоверным христианом языка руского», а пратэстант Васіль Цяпінскі пісаў пра сябе: «русин... своеи Руси услугуючий».

З гэтых прыкладаў добра відаць марнасьць спробаў некаторых публіцыстаў атаясаміць значэньне тэрмінаў «рускі» і «праваслаўны» адносна эпохі XIV-XVII стагодзьдзяў.

У 1588 годзе Статут Вялікага Княства Літоўскага пад рэдакцыяй Льва Сапегі пастанаўляў: «А писар земски маеть поруску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы...»

У дакумэнтах Падуанскага ўнівэрсытэту нацыянальнасьць Францішка Скарыны вызначаецца лацінскімі тэрмінамі «ruthenus» або «rutheno». Звычайна іх перакладаць як русін, русінскі і кажуць, што яны, нібыта, пайшлі ад лацінскай назвы кельцкага племені рутэнаў, перанесенай у сярэднія вякі на Русь.

Тым ня менш, у Вялікім Княстве Літоўскім рускімі ці русінамі называлі пераважна беларусаў і ўкраінцаў, а ўсходніх суседзяў звалі маскавітамі.

Этнонім «русін» адносна беларусаў шырока ўжываўся ў Рэчы Паспалітай да самага яе скону. Вось цытаты са знойдзенай у Вільні «Прамовы русіна», напісанай у XVIII стагодзьдзі: «А потым настатку прыходзіць русін...», «Одкажэць русін...», «От незбежны русін выпрасіў талент...» Пры гэтым невядомы аўтар, пішучы па-беларуску, атаясамлівае сябе менавіта з русінамі: «Просімы ж нінейшого пражніка — святого Мікулы, штоб тот талент адняў ад нас...»

А да ўсяго яшчэ аўтар «Прамовы русіна» — не праваслаўны, бо піша пра «прэклятую веру схізматыцкую...»

Скарына-ліцьвін

У дакумэнтах Кракаўскага ўнівэрсытэту ў запісе пра наданьне Скарыну ступені бакаляўра пазначана «Францішак з Полацка, ліцьвін». Гісторыкі лічаць, што ў гэтым выпадку быў выкарыстаны не этнонім, але палітонім.

У пазьнейшыя стагодзьдзі тэрмін «ліцьвін» быў прыняты часткай беларускага народу як этнонім.

Вось характэрны прыклад. Паводле «Słownikа geograficznego Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich», падчас лякальнага перапісу ў 1860 годзе ў Пружанскім уезьдзе Гарадзенскай губэрні 30 000 чалавек назваліся праваслаўнымі русінамі, 22 103 — праваслаўнымі ліцьвінамі і яшчэ 5 507 чалавек — ліцьвінамі-католікамі. Апрача іх ва ўезьдзе жыло 307 праваслаўных расейцаў, 6447 палякаў-католікаў і 6013 габрэяў.

Польскі гісторык Юліюш Бардах сьцьвярджаў, што і ліцьвіны-католікі Пружанскага ўезду насамрэч былі звычайнымі беларускамоўнымі сялянамі. Ну а мы ў Беларусі да таго ж разумеем, што ёсьць нюансы і з самавызначэньнем касьцельных беларускіх палякаў.

Ідэя сучаснай беларушчыны, як вядома, нараджалася ў ХІХ стагодзьдзі ў асяродзьдзі польскамоўнай шляхты, якая захоўвала ліцьвінскі патрыятызм і самаўсьведамленьне.

Беларускую мову ліцьвінскай, а яе носьбітаў ліцьвінамі аж да другой паловы ХХ стагодзьдзя называлі жыхары Смаленшчыны, Браншчыны, Валыні і нават запрыпяцкай часткі Піншчыны.

Сёньня ліцьвінства ня можа быць альтэрнатывай беларускасьці, бо зьяўляецца яе неад’емнай складовай часткай. Проціпастаўляць іх — значыць дэструктыўна скажаць рэальную гісторыю і этнагенэз беларусаў. Таму другая філязофская формула беларускай гісторыі гучыць так:

Беларусы не павінны баяцца тэрміну «рускі» ў розных гістарычных прыкладаньнях, і, адначасова, не павінны забывацца на этнонім (і палітонім) «ліцьвіны». Гэта дзьве складовыя часткі сучаснай беларускай ідэнтычнасьці, важныя гістарычныя маркеры этнічнага разьвіцьця нашага народу.

У гістарычным і этнічным сэнсе «Русь» і «Літва» — дзьве крыніцы, зь якіх выцякае паўнаводная рака сучаснай беларушчыны.

Навуковая дакладнасьць ці палітычны выбар

Заходнія навукоўцы цяпер трымаюцца за тэрмін «русін» вельмі моцна. Яны сьцьвярджаюць, што ў ХV-XVII стагодзьдзях не існавала ніякіх беларусаў і ўкраінцаў, а былі толькі русіны. На Захадзе славісты, якія вывучаюць культуру Заходняй Русі, кажуць, што займаюцца «русіністыкай».

Старабеларускую мову, якая была дзяржаўнай ў Вялікім Княстве Літоўскім, заходнія навукоўцы цяпер называюць спэцыяльным тэрмінам «простамова».

Пачынае прыжывацца гэты тэрмін і ў Літве, дзе раней старабеларускую мову называлі «канцылярскай мовай ВКЛ», а цяпер называюць «rusėnų kalba».

У Чэхіі ёсьць сур’ёзныя гісторыкі, якія гарачага патрыёта-русіна Сымона Буднага называюць «літоўцам, роднай мовай якога была рутэнская».

Уласныя прынцып і рацыя

Але беларусаў гэта ўсё не павінна турбаваць. Беларуская навука і публіцыстыка маюць поўнае права адмовіцца ад тэрмінаў «русін» і «простамова», замяняючы іх, за выключэньнем спэцыяльных выпадкаў, тэрмінамі «беларус» і «беларускі».

Зрэшты, так яно ўжо і рабілася ў другой палове ХХ стагодзьдзя беларускімі гісторыкамі, філёзафамі і этнографамі. І цяпер заходні вопыт тут пераймаць ня варта. Нават дзіўна, што мы сёньня ўсё яшчэ пра гэта гаворым.

Выдатны беларускі этнограф, доктар гістарычных навук Ігар Чаквін у сваёй працы «Этнаграфія беларусаў эпохі Скарыны» з 1990 годзе пісаў, што ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў ужо існавала фэадальная этнічная супольнасьць беларусаў — народнасьць.

Са шматлікіх пісьмовых крыніц — Мэтрыкі і Статутаў ВКЛ, з друкаваных кніг, з дадзеных лінгвістыкі і татарскіх кітабаў мы дакладна ведаем, што беларуская мова ў XVI стагодзьдзі ўжо існавала, як і ўкраінская. Прычым размоўны варыянт мала чым адрозьніваўся ад варыянту, напрыклад, ХХ стагодзьдзя.

Нішто нам сёньня не замінае перакладаць тэрміны «ruthenus», «rutheno», «русін», «рускі» як беларус і беларускі. Украінцы маюць такое ж права перакладаць іх як украінец і ўкраінскі адносна сваіх дзеячаў і сваёй тэрыторыі.

Тыя замежныя гісторыкі, якія жорстка трымаюцца тэрмінаў «русін» і «русінскі», спасылаючыся пры гэтым на чыста навуковую дакладнасьць, нярэдка прыходзяць да нявыгадных нашаму народу палітычных высноваў.

Таму беларускі прынцып і рацыя тут такія:

калі нешта ўжо было, але так не называлася, яно ўжо было.

Гэта трэцяя філязофская формула беларускай гісторыі.

Наш Францішак Скарына быў беларусам.

Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 18

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях