19 апреля 2024, пятница, 4:43
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Трыумф над ардою

1
Трыумф над ардою

Бітва пад Клецкам сталася першай буйной перамогай над крымскімі татарамі.

Напалоханы хан Менглі-Гірэй пачаў мірныя перамовы і на нейкі час ператварыўся ў хаўрусніка Вялікага Княства Літоўскага.

Летам 1506 г. на Беларусь рушыла 20-тысячная конная арда, якую вялі крымскія «царэвічы» Біці і Бурнаш. Супраць яе выйшлі харугвы наваградскага, гарадзенскага і менскага рушання. 6 жніўня нашае войска на чале з князем Міхайлам Глінскім сустрэлася з ворагам непадалёку ад Клецка.

Пад камандаю князя было каля 10 тысяч ваяроў, але адрозна ад захопнікаў яны мелі апрача лукаў і агняпальную зброю - ручніцы і некалькі гарматаў. Пад іх заслонай ліцьвіны загацілі дзве пераправы цераз раку Лань. Аднак правы фланг нашага войска паспяшаўся перабрацца на другі бераг і трапіў пад знішчальны націск лепшых татарскіх сечкароў.

Князь Глінскі здолеў паскорыць пераправу астатніх сілаў, і харугвы «левай рукі» ўдарылі ўпоперак варожых загонаў. Шляхоцкая конніца ў сталёвых панцырах рассекла шыхты стэпавікоў на дзве часткі. Тым часам перайшло ў наступ і войска «правай рукі». Частка татараў апынулася ў абцугах і была пасечаная, астатнія ратаваліся ўцёкамі. Пагоня пераймала іх каля Слуцка, Петрыкава і нават ва Украіне. Усяго некалькі сотняў з вялікага войска дабраліся да Крыма. Ваяры Міхайлы Глінскага вызвалілі 40 тысяч палонных беларусаў-ліцьвіноў і адбілі ў ворага 30-тысячны табун коней.

Падзеі гэтага вайсковага трыумфу захоўваюць як пісьмовыя крыніцы, так і людская памяць. Яшчэ ў XIX ст. на месцы перамогі ўзвышаўся крыж. У 1996 г. герояў тае бітвы нашчадкі ўшанавалі помнікам.

Пазней, у 1508 г., нашыя продкі разбілі татараў каля Слуцка, а ў 1512 г. 5-тысячнае войска Вялікага Княства разграміла 25-тысячную арду пад Вішняўцом на Гарыні. У гісторыі засталася і бітва на рацэ Альшаніцы недалёка ад Кіева, дзе ваяры-ліцьвіны ў 1527 г. вярнулі свабоду 80 тысячам нашых суайчыннікаў.

Уладзiмiр Арлоў, «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае»

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях