20 апреля 2024, суббота, 1:46
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Шэсць аблiччаў Барбары Радзiвiл

1
Шэсць аблiччаў Барбары Радзiвiл

Гісторыя жыцця Джульеты беларускага Сярэднявечча.

6 снежня 1520 года ў сям'і вялікага гетмана (як зараз сказалi б, міністра абароны) ВКЛ Юрыя Радзівіла, які праславіўся перамогамі ў трыццаці бітвах, за што атрымаў мянушку Лiтоўскi Геркулес, нарадзілася дзяўчынка. Яе назвалі Барбарай, пишет planetabelarus.by.

Ніхто тады не мог нават уявiць, які лёс прызначаны ёй – будучай першай прыгажуні Вялікага княства, што стане ўлюбёнай мішэнню плеткароў, і каралеве польскай, якой трон прынес толькі пакуты. Гісторыя жыцця Джульеты беларускага Сярэднявечча, рамантычная і трагічная, прымушае хвалявацца нават праз паўтысячы гадоў...

«Вялікая распусніца»

Барбару выдалі замуж як толькі ёй споўнілася сямнаццаць. Яе мужам (але, трэба падкрэслiць, не выбраннікам – бо, згодна з традыцыяй дынастычных шлюбаў, лёс жаніха і нявесты вырашалі без іх) стаў сын віленскага ваяводы граф Станіслаў Гаштольд. Іх шлюб доўжыўся пяць гадоў і прынёс Барбары мала радасцяў. Станіслаў аказаўся валацугай, які не ацаніў ні розуму, ні прыгажосці маладой жонкі, да таго ж у віленскім бамондзе вельмі хутка распаўсюдзіліся чуткі аб ягоных шматлікіх здрадах.

Аднак больш балюча языкі зласліўцаў ранілі Барбару. У большасці выпадкаў сам Гаштольд выдумляў небыліцы, потым падхопленыя пляткарамi: нібыта Барбара здраджвала мужу з... далей цягнуўся шлейф з разнастайных імёнаў і тытулаў, прычым юную княгіню абвінавачвалі ў сувязях не толькі з шляхцічамі, але і з манахамі, сялянамі і нават з конюхам. Калі ў 1542 годзе Станіслаў нечакана памёр, за Барбарай Радзівіл дзякуючы паклёпнiцкiм захадам мужа ўжо замацавалася мянушка «вялікай распусніцы».

Каханая

Пасля смерці Гаштольда маладая ўдава яшчэ доўгі час, прытрымліваючыся звычаю, насіла жалобу і пазбягала свецкага кола. А калі пасля доўгага перапынку Барбара зноў патрапіла на баль у каралеўскі замак, увесь бамонд літаральна патануў у промнях яе прывабнасцi. Не стаў выключэннем і спадкаемец літоўскага і польскага трону Жыгімонт II Аўгуст, якому тады было 24 гады. Вось толькі класічная гісторыя Папялушкі, што прыйшла на баль, не магла паўтарыцца – Жыгімонт быў жанаты на Лізавеце Габсбург. Зрэшты, каб не выпусціць чароўную ўдаву з-пад увагі, прынц адразу ж прапанаваў ёй стаць фрэйлінай Лізаветы. І Барбара пагадзілася.

У 1545-м Лізавета Габсбург, якая пакутавала на эпілепсію, памерла. На яе пахаванне Жыгімонт Аўгуст з'явіўся разам з Барбарай, што прывяло ў шок віленскае свецкае кола.

Аднак неўзабаве былая фрэйліна, да якой спадкаемец трона адкрыта меў ласку, спрабуючы пазбегнуць двухсэнсоўнасці свайго становішча, пераехала далей ад Вільні, у замак у Геранёнах, што застаўся ёй пасля смерці мужа. Але Жыгімонт ўжо не мог уявіць свайго жыцця без Барбары – тым больш што тая адказвала яму ўзаемнасцю… У 1547 годзе адбыўся таемны шлюб вялікага князя з яго каханай. Зрэшты, для сваёй сям'і і для дзяржавы Жыгімонт Аўгуст па-ранейшаму заставаўся ўдаўцом.

Каралева

Толькі ў красавіку 1548 года, пасля смерці караля-бацькі, малады манарх склікаў у Вільні сейм. На ім Жыгімонт афіцыйна абвясціў аб сваім шлюбе з Барбарай і прасіў прызнаць яе вялікай княгіняй. Сейм задаволіў просьбу вялікага князя, але вестка аб выбары сына стала громам сярод яснага неба для каралевы-маці – Боны Сфорца. Гэтая прадстаўніца старажытнага міланскага роду, што ўвайшоў у гісторыю дзякуючы інтрыгам і пераваротам, ніяк не магла змірыцца са з'яўленнем у Жыгімонта жонкi, якая валодала рашучым характарам і гэтым вельмі адрознівалася ад лёгка кіруемай Габсбург. Да таго ж, зрабіўшы прапанову Барбары, дагэтуль ва ўсім залежны ад маці Жыгімонт упершыню не параіўся з Бонай – а гэтага яна дараваць не магла.

Да пачуццяў імгненна прымяшалася палітыка. Польская знаць баялася праз каранаванне Барбары ўзмацнення ўлады Радзівілаў у літоўска-польскай дзяржаве. Калі вялікакняжацкая пара сабралася пераехаць з Вільні ў Кракаў, польскія магнаты выступілі за прызнанне шлюбу незаконным. Жыгімонт звярнуўся па дапамогу да святароў, і тыя запэўнілі яго, што шлюбны абрад, хоць і быў таемным, але здзейснены па ўсіх канонах, а значыць, само патрабаванне разводу з'яўляецца грахоўным. 1 снежня 1550 года Барбара Радзівіл была каранавана і абвешчаная польскай каралевай.

Пакутніца

Калі польскі сейм каранаваў Барбару, каралева-маці ў знак пратэсту пакінула Кракаў. Па адной з версій, пры двары засталіся яе агенты з заданнем атруціць нялюбую нявестку. Да нашых дзён дайшло прозвішча прыдворнага аптэкара, італьянца Монці, які нібыта прыгатаваў яд, што звёў квітнеючую прыгажуню ў магілу. Паводле іншай версіі, агучанай афіцыйна і да таго ж пацверджанай сучаснымі даследаваннямі, Барбара памерла ад раку.

Як бы там ні было, Барбара пакідала гэты свет у страшэнных пакутах. Пачварныя нарывы пакрылі яе некалі бездакорную скуру; лопаючыся, яны напаўнялі пакой смуродам, якога не вытрымлівалі ані дактары, ані прыслуга. І толькі Жыгімонт Аўгуст да канца заставаўся каля жонкі, якая не хацела здавацца смерці. Сучаснік пісаў: «Няма нікога, хто верыў бы, што яна зможа жыць. Аднак да гэтага часу яна не перастае фарбаваць твар, каб падманваць нас да свайго апошняга ўздыху».

8 траўня 1551 года Барбара памерла. Насуперак традыцыі каралева не была змешчана ў кракаўскай пахавальні на Вавелі, бо Жыгімонт Аўгуст сказаў: «Не прынялі яе тут пры жыцці, не пакіну яе тут і мёртвай». Неўзабаве жалобная працэсія выехала з Кракава і накіравалася ў Вільню. Усю дарогу кароль ехаў вярхом на чорным кані ўслед за труной каханай, у кожным населеным пункце злазячы з каня і ідучы побач з катафалкам. Пахавалі Барбару ў віленскім катэдральным касцёле.

Прывід

Вядома, што падчас аднаго са сваіх наездаў у Нясвіж, да брата Барбары Мікалая Радзівіла Чорнага, кароль, які моцна затужыў пасля смерці каханай, вырашыў з дапамогай чарнакніжнікаў выклікаць яе душу. Жыгімонта пасадзілі ў крэсла ў паўцёмнай залі і хацелі прывязаць да падлакотнікаў, каб ён незнарок не дакрануўся да прывіду, але кароль даў слова, што будзе сядзець ціха і толькі на адлегласці запытаецца ў Барбары, як яму жыцьдалей.

Калі ж з'явіўся дух, Жыгімонт Аўгуст ад хвалявання забыўся на сваю клятву, ускочыў з крэсла і са словамі «Басенька мая!» кінуўся да ценю каханай, паспрабаваўшы яе абняць.

Пачуўся выбух, і душа Барбары не змагла знайсці шлях на той свет – ёй заставалася вечна блукаць па зямлі. З тых часоў у пакоях Нясвіжскага замка можна сустрэць прывід каралевы Барбары – Чорную Панну.

Святая

Неўзабаве пасля пакутніцкай смерці Барбару сталі лічыць святой. Большасць даследчыкаў сыходзяцца ў меркаванні, што цудатворны абраз Вастрабрамскай Божай Маці, ушанаваны беларусамі, літоўцамі і рускімі, быў напісаны з Барбары Радзівіл па замове Жыгімонта Аўгуста. Віленская Мадонна, як яшчэ называюць гэты абраз, сапраўды вельмі падобная на партрэты Барбары: тыя ж адухоўленыя рысы твару, той жа малюнак цела...

Акрамя таго, на руках у Божай Маці няма дзіцяці. Тут прыгадваецца яшчэ адна трагедыя Барбары: калі яна была цяжарнай, у замку здарыўся пажар. Ад спалоху і перажыванняў дзіця нарадзілася раней за тэрмін і мёртвым...

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях