23 апреля 2024, вторник, 9:15
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як беларуская мова дапамагае кіроўцу аўтобуса

12
Як беларуская мова дапамагае кіроўцу аўтобуса

Віктар кантактуе са сваімі пасажырамі па-беларуску: прапануе беларускія фільмы, музыку.

Беларускую мову ў сферы абслугоўвання мы чуем не часта. Бадай таму сустрэча з беларускамоўным кіроўцам уласнага турыстычнага аўтобуса Віктарам Бразоўскім напярэдадні Дня роднай мовы была для tut.by прыемным сюрпрызам. Віктар кантактуе са сваімі пасажырамі па-беларуску: прапануе беларускія фільмы, музыку, часам пажартуе — і так паступова прывучае іх разумець і шанаваць мову.

Сустрэчу Віктар прызначыў на адной са станцый тэхабслугоўвання ў прыгарадзе — тут рамантуюць яго аўтобус. Якое ж было здзіўленне, калі ў абумоўлены час насустрач выйшаў імпазантны мужчына ў таніраваных акулярах, апрануты ў чорнае паліто, на галаве — каўбойскі капялюш. Аказалася, гэта якраз наш суразмоўца — Віктар Бразоўскі.

Раскажу ўсё як святому айцу, — пажартаваў мужчына. — Не думайце, што я спецыяльна для інтэрв'ю так апрануўся. Капелюшы вельмі люблю. Яны для мяне — абавязковы атрыбут адзення, частка майго іміджу. Зімой ён у мяне цёплы, а ўлетку — часцей за ўсё саламяны, яшчэ ёсць кашуля з вышыванкай — вельмі падабаюцца мне нашы беларускія ўзоры, падабаліся яшчэ да таго, як гэта стала модна.

На думку знаёмых Віктара, чалавек ён незвычайны. Але сам ён да такога меркавання ставіцца з іроніяй.

Нічога незвычайнага ў тым, што размаўляю на мове, няма. Усе ў маім акружэнні размаўляюць на беларускай мове, дык як тады гаварыць мне? А што экстравагантная вопратка — дык гэта ўплыў продкаў: баба і дзед па бацькавай лініі — палякі. Яны жылі ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёну — мястэчка знаходзіцца амаль што побач з Гродзенскай вобласцю.

Бацькі Віктара былі рамантыкамі. На пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя яны вырашылі адправіцца ў Карэльскую АССР — за новымі пачуццямі і, заадно, каб зарабіць грошай на лесаапрацоўцы. Там, у горадзе Прыазёрску, 57 гадоў таму нарадзіўся і Віктар.

Сям'я часам вярталася ў Беларусь, напрыклад, школу я закончыў валожынскую. А потым мы зноў адправіліся ў Карэлію.

Пасля службы ў арміі за палярным кругам у Кандалакшы Віктар працаваў у гаркаме камсамола. Але неўзабаве вярнуўся ў Беларусь. Тут працаваў у сельскай гаспадарцы, служыў у войску, а ў 1986−1987 гадах рвануў у Чарнобыль — ліквідаваць наступствы аварыі. Гэта не прайшло бясследна для здароўя, і Віктар мусіў звольніцца з арміі.

У той час у мяне была ўжо сям’я і двое дзяцей. Грошы трэба было неяк зарабляць, каб іх карміць. Вырашыў, што пайду працаваць кіроўцам, — распавядае мужчына. Добра, што ў Віктара на той момант былі адкрытыя катэгорыі на кіраванне ўсімі відамі транспарту. А ў дадатак ён меў пасведчанне трактарыста ды кранаўшчыка. Увесь набор. Ён мог сесці за руль цягача з прычэпам і ехаць дальнабойшчыкам за мяжу — такая праца ў той час вельмі добра аплачвалася.

Але быць кіроўцам-дальнабойшчыкам не маё: едзеш сам насам, ты і дарога. А мне падабалася працаваць з людзьмі. Тады і вырашыў, што буду кіраваць аўтобусам. Некаторы час нават вазіў пасажыраў на сталічным аўтобусе на 44-м маршруце, а потым пайшоў працаваць наёмным кіроўцам на турыстычны аўтобус.

Першыя замежныя рэйсы асабліва ўразілі кіроўцу і ўрэзаліся яму ў памяць.

Прывожу людзей, напрыклад, у Парыж. Такая прыгажосць усюды! Пасажыры мае ходзяць у захапленні з раззяўленым ротам, і я разам з імі. Але турысты, каб патрапіць туды, свае грошы аддалі, а мне, наадварот, яшчэ і заробак плацілі. Мара, а не праца!

За гады працы на пасажырскім аўтобусе Віктар Бразоўскі ні разу не пашкадаваў, што выбраў менавіта гэты шлях. Нават нягледзячы на тое, што пасажыры, часам, аказваюцца вельмі пераборлівымі.

З людзьмі мы вырашаем усе пытанні палюбоўна. Шмат што залежыць ад старэйшага групы. Вядома, бывае, што старэйшы — маладзенькая дзяўчынка, сама стамілася так, што ні хадзіць не можа, ні размаўляць. Тады я прашу свайго зменшчыка сесці за руль і іду па аўтобусе. Кажу пасажырам: «Ну што, мае дарагія, як вы тут, як едзецца? Можа вам горача ці холадна? Можа што патрэбна?» Да кожнага пасажыра трэба з увагай, з усмешкай — і людзі адклікаюцца.

Чатыры гады таму Віктар Бразоўскі выкупіў у свайго былога працадаўцы бізнэс, і цяпер ён сам — і гаспадар, і дырэктар, і кіроўца на фірме, якая возіць турыстаў па Беларусі і ў Еўропу.

Усе назапашаныя грошы я ўклаў у фірму. Потым прыгнаў з Нідэрландаў аўтобус Bova на 57 месцаў. Фінансава я быў яшчэ не гатовы да такога набытку, таму і цяпер яшчэ выплочваю за яго грошы.

Чатыры гады таму Віктар Бразоўскі выкупіў у свайго былога працадаўцы бізнэс, і цяпер ён сам — і гаспадар, і дырэктар, і кіроўца на фірме, якая возіць турыстаў па Беларусі і ў Еўропу.

Усе назапашаныя грошы я ўклаў у фірму. Потым прыгнаў з Нідэрландаў аўтобус Bova на 57 месцаў. Фінансава я быў яшчэ не гатовы да такога набытку, таму і цяпер яшчэ выплочваю за яго грошы.

Віктар распавядае, што разлічвацца па пазыках сёння стала цяжэй, чым нават чатыры гады таму.

Рэйсаў стала нашмат менш. Можам увогуле прастаяць некаторы час без паездак. Самы папулярны напрамак — Крым — цяпер закрыты. Ездзім, у асноўным, у Італію, Польшчу, Літву, часам заказваюць аўтобус для экскурсій па беларускіх гарадах.

Кожны год у галіне пасажырскіх перавозак з’яўляюцца нейкія новаўвядзенні, якія часта ў нечым абмяжоўваюць прадпрымальніка. З апошняга, напрыклад, — на тэрыторыі Еўропы ў аўтобусах пасажырам забаранілі карыстацца кавамашынамі.

Каб мець магчымасць карыстацца кавамашынай, трэба атрымаць спецыяльны дазвол — яго атрымаць даволі складана: патрэбны сертыфікаты на сам апарат, на каву, гарбату і ваду, а сам кіроўца павінен мець санітарную кніжку. Правяраючыя заходзяць у аўтобус і ў першую чаргу мацаюць кавамашыну — гарачая ці не. Калі гарачая — атрымай штраф у 50 еўра.

Каб выйсці з сітуацыі і не пакідаць людзей у доўгай дарозе без кавы і гарбаты, Віктар бярэ з сабой некалькі вялікіх тэрмасаў з кіпнем. А каля дзвярэй кіроўцы ў Віктара ўсталяваная «шпіёнская штука» — бойлер, які некалі стаяў у салоне самалёта.

Заказваюць аўтобус Віктара ў рэйс у асноўным яго сябры ды знаёмыя — уладальнікі турыстычных фірмаў, якія даўно супрацоўнічаюць з Віктарам.

Я нават не магу іх назваць кліентамі, бо гэта мае сябры. Прыемна, што многія турысты аддаюць перавагу рэйсам менавіта з намі. Спадзяюся, прычынай гэтаму мая шчырая любоў да людзей.

Асаблівасць экскурсій, якія возіць Віктар, нельга не заўважыць: большасць з іх праводзіцца на беларускай мове.

Сам я перайшоў на беларускую гадоў пяць таму назад — у маім асяроддзі з’явіліся добрыя і шчырыя людзі, якія падштурхнулі мяне да гэтага, перадалі мне сваю любоў да беларускай мовы. Хоць ідэальнай маю мову назваць нельга — хутчэй, гэта трасянка. Але я не спыняюся і ўдасканальваю свае веды. Нядаўна злавіў сябе на думцы, што пачаў і думаць па-беларуску!

Турысты, большасць з якіх — маладыя людзі, і самі часам просяць, каб у аўтобусе гучала беларуская мова, а кіроўца прапаноўвае беларускія фільмы ды песні.

Гэта не значыць, што я навязваю беларускую музыку. Як правіла, гэты выбар стаіць за пасажырамі.

Дарэчы, сам Віктар выдатна грае на баяне і спявае народныя беларускія песні. Таму, падчас прыпынкаў ён папросту можа ўзяць інструмент і так выступіць, што спяваць будзе ўвесь аўтобус.

Я вельмі люблю Беларусь і Польшчу, таму і на люстэрку ў аўтобусе павесіў нацыянальныя атрыбуты — польскі штандар, бел-чырвона-белую стужачку, гістарычны сцяг Беларусі, а таксама герб Менска. Напамін пра радзіму.

Кіроўца кажа, што пасажыры аўтобуса нармальна ставяцца да нацыянальнай гістарычнай атрыбутыкі. Аднак трапіўся Віктару і такі чалавек, які палічыў, што гэтыя сцягі і сімвалы — парушэнне закона.

Ён напісаў на мяне скаргу ў ДАІ Валожынскага раёна, маўляў, гэтыя сцягі носяць экстрэмісцкі характар і чырвоная абклейка майго аўтобуса — таксама. ДАІ дала мне штраф паўбазавай. Але той чалавек вырашыў, што гэтае пакаранне занадта мяккае, і напісаў яшчэ скаргі ў падатковую інспекцыю, транспартнікам і, паўторна, — у ДАІ. Цяпер, замест таго, каб працаваць, я езджу па гэтых інстанцыях і даю тлумачэнні.

З-за гэтай атрыбутыкі кіроўца зараз дае тлумачэнні ў розных інстанцыях

Віктар вымушаны быў зняць чырвоную налепку са свайго аўтобуса. А вось сцяжкі з люстэрка прыбіраць ён не збіраецца.

Для кіроўцы існуюць правілы дарожнага руху, якія парушаць нельга — я іх і не парушаю. Мае сцяжкі не прымацаваныя да лабавога шкла і не замінаюць агляду. У крайнім выпадку, калі мяне вымусяць іх зняць адсюль, я проста перавешу іх у іншае месца.

Пакуль аўтобус у рамонце, Віктар зацвярджае пашпарт аўтобуса — каб чырвоная налепка на транспартным сродку была законнай. Спадзяецца, што ў бліжэйшы час абноўлены аўтобус павязе сваіх пасажыраў па гарадах Беларусі і Еўропы.

Адзін з пяці дзяцей Віктара — Яўген — дапамагае бацьку рамантаваць аўтобус

Аб чым я мару? — на хвіліну задумваецца Віктар. — Хачу, каб ніхто не замінаў маёй працы і каб магчымасцяў у нас было больш. Мару, што я буду і далей вазіць людзей па розных краінах, а праз некалькі гадоў куплю новы прыгожы аўтобус. Працаваць на ім буду для душы, так, каб атрымліваць ад працы толькі радасць і дзяліцца ёю са сваімі пасажырамі.

Написать комментарий 12

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях