16 апреля 2024, вторник, 14:05
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Лявон Вольскі: «Скончылася шоў, але мы выстаім і вернем сваю краіну!»

1
Лявон Вольскі: «Скончылася шоў, але мы выстаім і вернем сваю краіну!»
Лявон Вольскі
Фота: charter97.org

Пад уражаньнем ад падзеяў 25 і 26 сакавіка Лявон Вольскі прэзэнтуе відэа на песьню «Скончылася шоў».

Туды ўвайшлі кадры з гвалтоўнага разгону мірнага мітынгу на Дзень Волі ў Менску, паведамляе Tuzin.fm.

Песьня «Скончылася шоў» запісаная год таму, калі ў Беларусі загаварылі пра лібэралізацыю і адлігу. Яна ўвайшла ў альбом «Псыхасаматыка». На жаль, яна сапраўды аказалася прароцкай пасьля сакавіцкіх падзеяў у Беларусі. Улады ўжылі жорсткія рэпрэсіі ў дачыненьні да ўдзельнікаў сацыяльных акцый у Курапатах і супраць дэкрэту №3, а таксама да журналістаў і назіральнікаў, у тым ліку замежных (у сьпісе праваабаронцаў 383 затрыманых). Больш за 800 чалавек былі брутальна затрыманыя на акцыі Дзень Волі, кадры зь якога і ўвайшлі ў відэа Вольскага. «Скончылася шоў “дэмакратызацыі”. А шмат хто паверыў у новае “вольнае” жыцьцё, неабмежаваныя канцэрты на радзіме і паразумнелую ўладу. І дарэмна. Скончылася шоў», – зазначыў Лявон у камэнтары для Tuzin.fm з нагоды прэм’еры роліка.

Музыка мяркуе што падчас гвалтоўнага разгону мірнага шэсьця, людзі не выглядалі на напалоханых ці зьбянтэжаных: «Людзі выглядалі на жаўнераў у баі. Вось – мы, людзі, жыхары гэтага гораду, гэтае краіны, а вось – яны, тыя, хто не дае нам напоўніцу жыць у гэтым горадзе, у гэтай краіне. І мы, людзі, мусім выстаяць. І вярнуць сабе гэты горад, гэтую краіну. І мы выстаім. І вернем».

Цяпер ідуць суды над затрыманымі на Дзень Волі і акцыі пратэсту на наступны дзень. Тым часам ідзе кампанія салідарнасьці з незаконна арыштаванымі людзьмі ды іх сем’ямі. Як пералічыць ці перадаць грошы ў любой краіне сьвету можна дазнацца з адмыслова створанай суполкі BY_Help.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях