19 апреля 2024, пятница, 13:51
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Яны былі першыя. Зоська Верас

2
Яны былі першыя. Зоська Верас

З усіх беларускіх дзеячоў пачатку ХХ ст. Людвіцы Сівіцкай (Зоське Верас) было дадзена дажыць да абвяшчэньня Беларусі сувэрэннаю дзяржавай.

Праўда, 98-гадовая жанчына з прычыны хваробы была пазбаўлена магчымасьці пачуць гэтую навіну і ўбачыць хоць бы на здымку бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» над Домам ураду ў Менску, пiша «Радыё Свабода».

Актыўная ўдзельніца беларускага руху з 1909 г., Людвіца Сівіцкая (псэўданімы: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка) была ў ліку нямногіх, каму ўдалося пазьбегнуць расправы ў савецкі пэрыяд. Пэўна, таму, што ў яе было прозьвішча мужа, Антона Войціка, і таму, што пасьля ІІ сусьветнай вайны яна жыла ў сваёй лясной хатцы пад Вільняй і да 1961 г. быццам замерла.

Пакінуўшы багатую эпісталярную спадчыну, успаміны і матэрыялы да біяграфіяў не аднаго беларускага дзеяча, Л. Сівіцкая засяроджвала ўвагу на сваёй культурніцкай дзейнасьці і неахвотна пісала ды апавядала пра палітычныя жарсьці 1910-х — 1930-х гг. Між тым, яна была ўдзельніцай і сьведкай гістарычных падзей: Зьезду беларускіх арганізацый у сакавіку 1917 г., Зьезду беларускіх нацыянальных арганізацый і партый у ліпені таго самага году, ІІІ зьезду БСГ у кастрычніку 1917-га. Таксама ў кастрычніку 1917 г. стала сакратаркай Вялікай Беларускай Рады. Выканаўчы камітэт Вялікай Рады дэлегаваў яе на Ўсебеларускі зьезд (сьнежань 1917 г.), а Цэнтральны Камітэт БСГ — у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ня выключана, што 24–25 сакавіка 1918 г. Л. Сівіцкая была ўдзельніцай векапомнага пасяджэньня Рады БНР. Хочацца думаць, што яна напісала ўспаміны пра тую вялікую падзею, але яны згарэлі разам зь яе лясною хаткаю.

Вымушаная пакінуць у 1918 г. Менск і вярнуцца на Сакольшчыну, дзе быў дом яе продкаў, Л. Сівіцкая ў 1923 г. разам з роднымі пераехала ў Вільню. У нашай старажытнай сталіцы працавала адміністратаркай газэтаў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, рэдактаркай дзіцячых часопісаў «Заранка» і «Пралескі», старшынёю Беларускага каапэратыўнага пчалярскага таварыства «Пчала» і рэдактаркай часопіса «Беларуская борць». Выступаючы ў друку як аўтарка вершаў і апавяданьняў, нататак і артыкулаў на сельскагаспадарчыя тэмы, яна за свае сродкі выдала зборнік Міхася Машары «Малюнкі». А яшчэ склала і выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік».

Сын Людвікі Сівіцкай і Фабіяна Шантыра (1887–1920), Антон Шантыр, скончыў Віленскую беларускую гімназію, быў афіцэрам Беларускай краёвай абароны, служыў у беларускім дэсантным палку «Дальвіц». Прайшоў праз ГУЛАГ. Ад А. Войціка у Л. Сівіцкай была дачка Галіна, якая стала германісткай. Разам з мужам, Лявонам Луцкевічам (сын Антона Луцкевіча), і самастойна яна напісала і выдала кніжкі пра Аляксандра Каўша, Аляксандра Уласава, Янку Шутовіча, Пётру Сергіевіча, Мар’яна Пецюкевіча, Адама Станкевіча, Антона Антановіча, пра маці і мужа.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях