25 апреля 2024, четверг, 8:25
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Чарнобыльскі звон

2
Чарнобыльскі звон
Алег Дашкевіч
Фота: «Радыё Свабода»

Гэты звон чуць і ў Курапатах, і на Дзяды, і пад сьценамі Акрэсьціна, і на Дзень Волі.

Ёсьць рэчы, якія рэжуцца ў памяці такім агністым знакам, што засядаюць у ёй на заўжды. Яны робяцца больш, чым знакам, адбіткам, яны робяцца рэччу ў сабе, тым, што прымушае цябе згадваючы гэтую рэч, задумвацца пра розныя, самыя разнастайныя бакі твайго жыцьця, здаецца наўпрост ніяк не зьвязаныя са згаданай рэччу.

Для мяне такая рэч Чарнобыльскі звон.

Я ўжо не памятаю, у якім годзе й на якім з Чарнобыльскіх шляхоў, я пачуў голас гэтага звона ўпершыню.

Я ня ведаю, хто тыя майстры, што яго спраектавалі і адлілі, але я ягоны голас ня зблытаю ні з якім іншым, бо ён звоніць пра ўсё тое, што мне і толькі мне самому, трэба асэнсаваць.

Гэты Чарнобыльскі звон я чуў ня толькі на Чарнобыльскім шляху, але і ў Курапатах, і ў дні прэзідэнцкіх выбараў, і на Дзяды, і пад сьценамі Акрэсьціна, і на Дзень Волі, паўсюль дзе паўставала праблема, над якой Беларусь і беларус шукаюць адказаў.

Ягоны адгалосак чуваць на працы і ўдома, у сяброўскіх кампаніях і грамадзкім транспарце, у крамах і установах, паўсюль, дзе ёсьць мы. Нават за тысячу кілямэтраў ад радзімы.

Чарнобыль на сёньня зьява, якая для нас зьяўляецца самай глыбокай, самай неспазнанай, самай важнай, асэнсаваўшы якую мы, кожны для сябе, атрымаем дакладныя адказы на ўсё астатняе, што нас хвалюе.

Чарнобыль ня дзеліць нас. Тут няма катаў, тут адныя ахвяры.

Кім бы ты ня быў, калі ты чуеш гэты звон, то міжволі думаеш зусім не пра глябальныя праблемы, але неяк незаўважна шукаеш адказы на свае прыватныя пытаньні, якія для цябе маюць выключнае значэньне і знаходзіш парадаксальныя адказы.

Чарнобыльскі звон -- пераўвасабляе глабальную праблему чалавецтва ў фармат адпаведны й зразумелы прыватнаму чалавеку, часам зусім з нечаканага боку.

Ты чуеш гэты звон і раптам пачынаеш згадваць, дзе ты схібіў, недатрываў, недалюбіў альбо пераненавідзеў...

Дзе робіцца дакладна зразумела, што азначае ягоны голас для цябе самога.

Алег Дашкевiч, «Фэйсбук»

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях