29 марта 2024, пятница, 9:21
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

20 нечаканых фактаў пра Язэпа Пушчу

20 нечаканых фактаў пра Язэпа Пушчу

Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэньня паэта Язэпа Пушчы (Плашчынскага).

Яго эмацыйна-яркая, парадаксальная, сьмелая па сваіх пачуцьцях і думках паэзія натхняла, раздражняла, злавала, прыводзіла ў захапленьне. Легендарны вершаваны цыкль «Лісты да сабакі» выклікаў крытычныя войны, перадае «Свабода».

Калі паэт Язэп Пушчa апынуўся ў сталінскім зьняволеньні, то самым ганебным лічыў абгаворваць сваіх сяброў:

«Іудам быць ня змусіць сьледчы,

Ня будзе подпіс здраду сьведчыць!»

1. Незабыўнае дзіцячае ўражаньне — пʼяная рыба ў Сьвіслачы

Падчас Першай сусьветнай вайны, у 1915 годзе, па ўспамінах Язэпа Пушчы: «...наша армія адступала на ўсход, і Менск рыхтаваўся да эвакуацыі. У гэты час з бровара ў Лошыцы ў Сьвіслач спусьцілі сьпірт, сьпілася рыба, і пʼяную яе лавілі чым папала, нават бралі рукамі». Гэты эпізод знайшоў сваё адлюстраваньне ў паэме «Песьня вайны».

2. Адбіў сваю будучую жонку ў паэта Паўлюка Шукайлы

Станіслава Плашчынская ўспамінала пра сваю першую сустрэчу зь Язэпам Пушчам на літаратурнай вечарыне «Маладняка» ў Слуцку: «...ён так прыгожа чытаў свае вершы... Мы былі зачараваны... Пара было ісьці. Пушча папрасіў дазволу правесьці мяне дадому. А Шукайла буяніў... Я вельмі падабалася Шукайлу, ён прапаноўваў мне быць яго жонкай».

3. Раўнаваў жонку да клясыка ўкраінскай літаратуры

На зьезд «Маладняка» прыехаў будучы ляўрэат Сталінскай прэміі, украінскі паэт Уладзімір Сасюра, які закахаўся ў жонку Язэпа Пушчы, чакаў яе каля падʼезду, «цалаваў рукі і прыціскаў да сябе», падарыў ёй верш «Коханій Стасі». Па ўспамінах Станіславы: «Я ўсё расказала мужу, яго гэта вельмі пакрыўдзіла... Язэп напісаў верш:

...Яе няхай цалуе іншы,

Хай вочы карыя ў сінь сьвецяць.

А я пайду, бо буду лішнім,

Дзе вецер гойсае між вецьця...

Затым даслаў Сасюру ліст, у якім прасіў... «ня ўносіць у наша жыцьцё разлад».

4. З уласнай ініцыятывы выкладаў у роднай вёсцы францускую і нямецкую мовы

У 1920 годзе быў прызначаны настаўнікам у Каралішчавіцкую школу: «...я сваім одумам праз два-тры месяцы пачаў выкладаньне на беларускай мове, ды яшчэ ўвёў нямецкую і францускую мовы, бо я, толькі што скончыўшы рэальнае вучылішча, больш-менш ведаў іх». Пазьней у лісьце да Адама Бабарэкі пісаў: «...трэба хоць збольшага ведаць новыя эўрапейскія мовы...» (24.10.1927).

5. Заклікаў не пераацэньваць нашаніўскую пару

У артыкуле «За стыль эпохі» (Узвышша, 1929, № 1) адзначаў: «...мы занадта пераацэньваем нашаніўскую пару. (...) дарэмна яе ўзводзіць у нейкі культ, канон, і кожны радок паасобных нашаніўцаў лічыць нечым вялікім, бо гэта нішто іншае, як самападман, гэта нішто іншае, як недаацэнка сучаснасьці...». У лісьце да Бабарэкі выказваўся: «...ці ж ня хамства зь яго [Жылуновіча] боку гаварыць, што да Кастрычніцкай рэволюцыі і ён, і Гурло разам з другімі беларускімі пісьменьнікамі прынясьлі ў беларускую літаратуру вялікі скарб. (...) я ў далейшым буду рэзкім у адносінах да гэтай спадчыны, яна не павінна ацяжарваць далейшых росквітаў літаратуры». (03.02.1928)

6. Меркаваў, што сучасная яму беларуская паэзія ператвараецца ў «сьсінелы труп»

«...поўнасьцю ўцяміць аздараўленьня нашай лірыкі не магу. Баюся... што яна ляжыць на сьмертным адры. Ці ня другія гэта раньш затаіліся, а мы, трымаючы нос па паветры, кажам, што гэта [пах] ад сьсінелага трупа поэзіі».

7. Лічыў Дубоўку эстэтычна блізкім расстралянаму бальшавікамі Гумілёву

Аналізуючы паэму Дубоўкі «Кругі», адзначаў: «Ён вельмі блізкі, хоць разам з тым і зусім процілеглы ідэолёгічна, Н. Гумілёву. (...) усе гэтыя казачныя і романтычныя дрэвы і кветкі неяк блізкія Гумілёўскай экзотыцы, яго „романтическим цветам“; або падарожжа ў цягніку, — ізноў жа вельмі блізка да падарожжа ў „заблудившемся трамвае“ (...) толькі ў Гумілёва — мужнасьць аджыўшага веку, а ў Дубоўкі — мужнасьць нашых дзён».

8. Крытыкаваў сучасную яму беларускую архітэктуру і захапляўся стылёвай разнастайнасьцю дойлідзтва Пецярбургу

«Калі мы кінем вокам на новыя менскія будынкі, дык па іхняй архітэктуры цяжкавата распазнаць, пад што гэты будынак пабудаваны — пад кватэры, пад гандлёвую ўстанову ці пад які клюб? Усе яны вельмі аднастайныя — у стылі казарменнай прастаты». «...У Кацярынінскім палацы... мяне захапіла тое, як мастакі-архітэктары сьмела прытрымліваліся свайго стылю, асабліва кідаюцца ў вочы зусім самастойныя стылі Рострэлі і архітэктара, які прыйшоў яму на зьмену, — Камэрона...»

9. Цкаваньне менскіх крытыкаў прымусіла яго зьехаць у Ленінград

У 1927 годзе з БДУ пераводзіцца ў Ленінградзкі ўнівэрсытэт. У лісьце да ЦК КП(б)Б (25.01.1928) патлумачыў: «Калі я выйшаў з „Маладняка“, дык зараз жа распусьцілі чуткі, што Пушчу „ўгробім“; ...па сягоньняшні дзень у „Маладняку“, „Полымі“ і ва ўсіх літаратурных нашых газэтах праводзіцца гэтае ўгробліваньне; яно мяне давяло да таго, што я змушан быў пакінуць Менск і перавесьціся ў Ленінградзкі ўнівэрсытэт, каб сапраўды заняцца сурʼёзна вучэньнем і творчай працай і каб ацьвярозіцца ад чаднага паветра не марксысцкай, а якраз Менскай крытыкі».

10. Зьміцер Жылуновіч лічыў, што Язэпу Пушчу «трэба лячыцца»

У рэцэнзіі на зборнік «Дні вясны» (1927) Жылуновіч (пад псэўданімам Янка Пільны) пісаў: «...яму падабаюцца нялюдзкія вобразы, словы і разуменьне... Пісьменьніку трэба лячыцца, каб не спаралізаваць сябе. Яму трэба прайсьці інфэкцыённую камэру і забавіцца ад шкодных наростаў, атруціўшых яго думкі і ўзбаламуціўшых яго настрой».

11. На паэта складалі даносы яго вучні, а затым пісалі яму рэкамэндацыі ў СП БССР

Такім вучнем быў Алесь Звонак, у якога Язэп Пушча выкладаў беларускую літаратуру на агульнаадукацыйных курсах. Па ўспамінах Алеся Звонака: «Язэп Пушча задушэўна, па-сяброўску гаварыў пра мае вершы... А потым сказаў прыйсьці на пасяджэньне бюро „Маладняка“. Так я стаў паэтам, захаваўшы назаўсёды пачуцьцё ўдзячнасьці да свайго першага настаўніка». Празь некалькі год «удзячны вучань» разам з Платонам Галавачом напіша: «...гр. Пушча, вы — ня наш і ніколі ім не былі!.. ашалелы ад злосьці кулацкі пясьняр зьяўляецца яўным носьбітам буржуазнае рэакцыі... зь ім трэба рашуча змагацца...» У 1958 г. Алесь Звонак напіша Язэпу Пушчу рэкамэндацыю ў СП БССР.

«Скульптура, малярства і музыка нічым ня могуць пахваліцца; жывуць сабе ўцехамі провінцыяльнага гораду... бадай ніводнай выдатнай творчай індывідуальнасьці».

13. Выступаў супраць рацыянальнай, халоднай творчасьці

«На першым месцы павінны быць творча-мастацкія актыўнасьці, ён [творца] не павінен іх заглушаць халоднымі развагамі розуму, якія прывядуць да надуманасьці. Няхай творы лепш будуць авеяны наіўным дзіцячым характарам, як разважальнымі патугамі. Няхай творчасьць вырываецца з гарачага нутра, а ня зь цяжкай галавы, бо-ж найвялікшай каштоўнасьцю ў мастацкім творы ёсьць яго эмоцыянальнасьць, яго лірычная сіла і напружанасьць».

14. Быў супраць эпічных раманных твораў

«...мы павінны зрабіць абнаўленьне прозаічным жанрам — аповесьці, роману; яны павінны адмовіцца ад апавядальнага, супакойнага, эпічнага тону, яны павінны наблізіцца да поэмы, драмы, набыць больш рухавасьці, дзеяньня, жыцьця, псыхолёгічнай дынамічнасьці... павінна адпасьці пагоня за аркушамі, за тоўстымі кнігамі для іхняй таўшчыні».

15. У «Вянку» Максіма Багдановіча яму не хапала «архітэктонічнай закончанасьці»

«Восьмай і апошняй нізкай ідзе нізка „Мадонны“... Адчуваецца, як быццам нечага не хапае для органічнасьці. Крыху зьяўляецца незразумелым такі мотыў, як захапленьне маткай. Зараз нам... вядома, што М. Багдановіч напісаў быў нізку вершаў „Каханьне і сьмерць“, якую хацеў зьмясьціць перад цыклем „Мадонны“. Таксама хацеў поэт папоўніць [„Вянок“] і перакладамі з Вэрлэна... Каб знайшлі сабе месца і гэтыя нізкі, „Вянок“ набыў-бы большай архітэктонічнай закончанасьці. Тагды-б ён быў сплецены з дзесяці красак... Дзесяць цыкляў-нізак сымболявалі-б сабою дзесяць гадоў, якія поэта аддаў для поэзіі».

16. Калі быў на выгнаньні, яго партрэт вісеў на чырвонай дошцы ўдарнікаў

У 1935 годзе пісаў Адаму Бабарэку: «...мы зараз бухгальтары... Выяжджаў у Сьвярдлоўск у трэст. Пражыў я там каля паўмесяца, папаў на чырвоную дошку...»

17. У зьняволеньні, на высылцы пісаў антысталінскія вершы

У вершы «Авідзій» (1936) чытаем:

«...Маё жыцьцё паволі гасьне,

Ня ўбачыць мне сямʼі.

Я высах, як таран.

Праклён табе, тыран!»

У дзень сьмерці Сталіна піша:

«Нязвыклы дзень: тыран сканаў...

Вартуй жа, сьмерць, ўсю ноч і рань,

Каб больш ня ўстала яго здань».

18. Ніхто з крытыкаў не хацеў пісаць рэцэнзію на ягоны першы пасьля зьняволеньня зборнік

Па ўспамінах рэдактара Хведара Жычкі: «Рукапіс быў абʼёмны, але нікім яшчэ не чытаны і не рэцэнзаваны. Як мне сказалі, ніхто з крытыкаў не бярэцца за гэтую справу, бо, маўляў, вершы безнадзейна „ўстарэлі, ня ўпісваюцца ў сучасную плынь нашай паэзіі“. Адзін модны тады крытык тэатральна разьвёў рукі: — Цяжкі выпадак — паэт пры жыцьці выпісаўся...

Заступіўся за Пушчу Пятро Глебка, які ўзяўся пісаць прадмову...»

19. Быў незадаволены вокладкай сваёй апошняй прыжыцьцёвай кнігі

Мікола Хведаровіч успамінаў: «Гартаючы зборнік, я заўважыў, што на вокладцы вельмі невыразны малюнак. Трэба было добра ўгледзецца ў вялікую чорную пляму, каб распазнаць ледзь прыкметныя абрысы нейкага дрэва, ушчэнт разьбітага перуном... [Язэп Пушча згаджаўся]: — Я таксама не задаволены вокладкай. Калі кніжка амаль што была надрукавана, мне паказалі малюнак. Давялося пагадзіцца, што будзеш рабіць?»

20. Лічыў, што Беларусь «напярэдадні стварэньня вялікіх помнікаў»

На думку Язэпа Пушчы, у адрозьненьне ад расчараванай і надломленай Нямеччыны зь яе экспрэсіянізмам, стомленай Францыі — «У нас яшчэ няма ўтомы ад культуры і мастацтва... У нас ня можа быць Шпэнглераўскага погляду на мастацтва, мы напярэдадні стварэньня вялікіх помнікаў...»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях