19 марта 2024, вторник, 6:54
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Пад Магілевам адкрылі памятны знак Максіму Багдановічу з «Пагоняй»

3
Пад Магілевам адкрылі памятны знак Максіму Багдановічу з «Пагоняй»

Грошы на выраб памятнага знаку жыхары Малой Бароўкi зьбіралі талакой.

Пад Магілёвам у пасёлку Малая Бароўка адкрылі памятны знак Максіму Багдановічу. Вялікі камень з шыльдаю і высечаным на ёй фрагмэнтам верша «Пагоня» усталявалі на вуліцы імя Багдановіча. На мармуровай таблічцы адзначана: ад жыхароў пасёлка да 125-годзьдзя паэта. Грошы на выраб памятнага знаку тутэйшыя зьбіралі талакой, паведамляе «Радыё Свабода».

«Узімку я гутарыў з жыхарамі вуліцы і некаторыя наракалі, што яна названая імем Багдановіча, але ня кожны ведае, хто гэта такі», — казаў на ўрачыстасьці адкрыцьця памятнага знаку адзін з ініцыятараў яго ўсталяваньня Ўладзімер Пухоўскі.

«Тады і нарадзілася ідэя ўвекавечыць імя паэта, паставіўшы на пачатку вуліцы памятны знак. Улада не перашкаджала. Задуму ўзгаднілі з райвыканкамам, які ня быў супраць, — расказваў Пухоўскі. — Сьпяваюць жа песьні на вершы Багдановіча, самі вершы вывучаюць у школе дзеці. Абралі верш „Пагоня“, бо такі знак на гербе Магілёва ды і Мулявін так натхнёна сьпявае аднайменную песьню».

На адкрыцьцё памятнага знаку сабралася нямала людзей: раней такіх урачыстасьцяў у паселішчы не было.

«Для нашай вуліцы адкрыцьцё памятнага знаку важная падзея, — казаў у гутарцы з журналістам адзін з жыхароў пасёлка. — Багдановіч вялікі паэт. Дзень яго нараджэньня і дзень памяці шырока адзначаецца беларусамі ня толькі ў самой Беларусі, але па-за межамі краіны. Чаго варты яго верш „Пагоня“, які расказвае пра нашу старажытную гісторыю. Цяпер і мы будзем ля гэтага памятнага знаку адзначаць багдановічавы ўгодкі».

Ля памятнага знаку чыталі вершы дарослыя і дзеці. Захапляліся, што Багдановіч, ня жыўшы ў Беларусі, вывучыў беларускую мову і на ёй ствараў свае творы. Нямала жыхароў прыйшлі на вуліцу Багдановіча з кветкамі, якія паклалі да каменя з «Пагоняю».

«Я тут жыву з двух гадоў і лічу, што для моладзі такі падарунак, як памятны, знак дужа важны, — казала маладая маці, яка прывяла дачку на імпрэзу. — „Зорку Вэнэру“, якая ўзышла над зямлёй, я памятую са школы і захапляюся, як так можна было таленавіта скласьці беларускія словы ў вершы».

«Цяпер жыхары вуліцы і самога пасёлку будуць ведаць, хто такі Багдановіч і ганарыцца ім», — выказала меркаваньне яшчэ адна суразмоўніца, якая працуе ў школе і на ўрачыстасьць прывяла сваіх вучняў, каб тыя прачыталі вершы Багдановіча.

«Як дзеці даведаліся, што давядзецца выступаць на такой імпрэзе, то паставіліся адказна да гэтага. З натхненьнем рыхтаваліся, — адзначыла настаўніца. — Наагул варта паставіць такія памятныя знакі ня толькі Багдановічу, але і Коласу, Купалу, Караткевічу. Беларускія творцы заслужылі гэта».

Бальшыня жыхароў вуліцы Багдановіча і суседніх зь ёю разглядаюць зьяўленьне памятнага знаку, як прыкмету таго, што неўзабаве, пасьля шматгадовых змаганьняў, ім адрамантуюць дарогі.

«Можа, Багдановіч нагадае чыноўнікам пра стан нашых дарог, — скардзіліся журналісту пасялкоўцы. — Вы ж паглядзіце, якія выбоіны, як непагадзь — не прайсьці. Колькі ўжо пісалі ў райвыканкам, але нас ня чуюць. А цяпер у нас такі памятны знак — куды ад яго падзецца».

Выказваліся меркаваньні, ці не зрабіць дзень адкрыцьця памятнага знаку Днём вуліцы і завулку Багдановіча.

Вуліца імя Багдановіча немалая — пад два кілямэтры. Ніводнай беларускамоўнай шыльды на паўсотні тутэйшых дамоў пабачыць не давялося. Не знайшлося месца беларускай мове і ў завулку імя Багдановіча. Па сваёй даўжыні ён не саступае аднайменнай вуліцы.

Вуліца і завулак, акрамя назвы, ад іншых пасялковых вулак нічым адметным не вылучаліся да ўсталяваньня памятнага знаку. Забудаваныя яны пераважна дыхтоўнымі катэджамі.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях