19 апреля 2024, пятница, 18:19
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Жнівеньскі путч і Дзень незалежнасці

1
Жнівеньскі путч і Дзень незалежнасці

Раніцай 19 жніўня 1991 года жыхары СССР — хто з жудасцю, а хто з задавальненнем — даведаліся пра сенсацыйную навіну.

З усіх палітычных сілаў у Вярхоўным Савеце першай рашуча выступіла супраць ДНКС (ГКЧП), парламенцкая апазіцыя БНФ. Яна адразу прыняла заяву з асуджэннем ДКНС, расцэньваючы дзеянні арганізатараў гэтага камітэта як спробу дзяржаўнага перавароту. 

Раніцай 19 жніўня 1991 года жыхары СССР — хто з жудасцю, а хто з задавальненнем — даведаліся пра сенсацыйную навіну. Група вышэйшых дзяржаўных і партыйных функцыянераў абвясціла пра адстаўку Міхаіла Гарбачова з пасады прэзідэнта краіны па стане здароўя, сфармавала т. зв. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ДКНС) на чале з віцэ-прэзідэнтам Генадзем Янаевым.

У адозвах «Обращение к советскому народу» і «Постановление №1 Государственного комитет по чрезвычайному положению» ад 19 жніўня 1991 года ДКНС прадставіў сваю праграму, прасякнутую матывамі рэстаўрацыі мінулага. Паводле чальцоў ДКНС, «перабудова» пацярпела крах, у краіне запанавалі страх, роспач і галеча. Найважнейшай мэтай путчысты абвясцілі ўратаванне Айчыны. Дзеля гэтай мэты забараняліся ўладныя структуры, не прадугледжаныя Канстытуцыяй СССР, прыпынялася дзейнасць палітычных партый, рухаў, аб’яднанняў, апазіцыйных КПСС, не дазваляўся выхад у свет нелаяльных СМІ. Сілавым структурам прадпісвалася падтрымліваць рэжым надзвычайнага становішча.

Далей ішлі шчодрыя абяцанкі. ДКНС дэклараваў, што выступае за «истинно демократические процессы, за последовательную политику реформ, ведущую к обновлению нашей Родины, к ее экономическому и социальному процветанию…»

У першы ж дзень путчу, згодна з рашэннем ДКНС, у Маскву былі ўведзены войскі. Аднак прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын не разгубіўся і ў той жа дзень выступіў супраць путчыстаў, расцаніўшы іх дзеянні як дзяржаўнае злачынства.

Адной з галоўных прычын правалу ДКНС была слабасць яго арганізатараў. Большасць расіян (прынамсі ў буйных гарадах) не падтрымала ДКНС, а адназначна стала на бок Барыса Ельцына. Іншы пралік путчыстаў заключаўся ў перабольшванні ўлады маскоўскага кіраўніцтва ў саюзных рэспубліках. У буйных гарадах СССР, у тым ліку і ў Мінску, прайшлі мітынгі супраць путчыстаў.

З палітычных сілаў у Вярхоўным Савеце першай рашуча выступіла супраць ДНКС, парламенцкая апазіцыя БНФ. Яна адразу прыняла заяву з асуджэннем ДКНС, расцэньваючы дзеянні арганізатараў гэтага камітэта як спробу дзяржаўнага перавароту.

А 22 жніўня 1991-га парламенцкая апазіцыя БНФ агучыла спецыяльную заяву, у якой канстатаваўся крах спробы камуністычна-ваеннага путчу ў СССР. У заяве таксама сцвярджалася, што старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей больш не мае маральнага права займаць сваю пасаду. Апазіцыя настойвала на жорсткім пакаранні тых, хто лаяльна паставіўся да путчыстаў.

Мінск падчас жнівеньскіх падзей

Нечарговая сесія

24 жніўня 1991-га а 12 гадзіне распачала сваю працу нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га склікання. Ля Дома Ураду, дзе праходзіла сесія, стаялі тысячы людзей.

Першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч абвясціў парадак дня: 1) аб бягучым моманце (аб дачыненні «адказных асобаў», арганізацый і дзяржаўных структур да ДНКС; 2) аб артыкуле 72 Канстытуцыі БССР, якая прадугледжвала наданне законам БССР першачарговай сілы; 3) аб дэпартызацыі і маёмасці КПСС-КПБ; 3) аб перападпарадкаванні МУС і КДБ выключна пад юрысдыкцыю рэспублікі.

Пад націскам апазіцыі БНФ, якая дабілася таго, каб бел-чырвона-белы сцяг (яго ўнеслі дэпутаты Галіна Сямдзянава і Валянцін Голубеў) быў прымацаваны разам з Дзяржаўным сцягам БССР, у парадак дня таксама было ўключана пытанне аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 ліпеня 1990-га статусу канстытуцыйнага закона і асабістых дзеяннях старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея ў дні путчу.

На першы раз пытанне аб наданні Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закону не набрала неабходнай большасці, але літаральна праз паўгадзіны дэпутаты, узрушаныя палымяна-эмацыйнай прамовай Зянона Пазьняка, які заклікаў да ўсебеларускага страйку, уключылі гэта пытанне ў павестку пасяджэння сесіі.

Большасць Вярхоўнага Савета была настроена супраць вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі. Прычына была ў тым, што многія дэпутаты, нават тыя, хто не належалі да апазіцыі БНФ, напалохаліся праз ДКНС, чакалі хвалі рэпрэсіяў, Варфаламееўскай ночы. Дэпутат Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, сцвярджаў, што «на заводах были заказаны тысячи наручников, в моем родном городе милиционеры потирали руки: кого они повесят в первую очередь». Дэпутат Аляксандр Сасноў 24 жніўня 1991 года пад апладысменты заявіў аб сваім выхадзе з КПСС, «которую невозможно реформировать».

Кіраўнікі рэспублікі спрабавалі апраўдваюцца. Мікалай Дземянцей сцвярджаў, што з ягонага боку аніякай падтрымкі ДКНС ніколі не было. Старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч заявіў, што «правительство занималось повседневной работой». Абвінавачванні ў падтрымцы путчыстаў адпрэчыў і камандуючы Беларускай вайсковай акругай Анатоль Кастэнка. Генерал запэўніваў парламентарыяў у тым, што «армия не стала слепым орудием в руках авантюристов», і нават прапанаваў стварыць нацыянальную гвардыю.

25 жніўня адбылася гісторыя з выступленнем партыйнага рэспубліканскага кіраўніка, народнага дэпутата СССР Анатоля Малафеева, аднаго з самых рэакцыйных прадстаўнікоў тагачаснай беларускай партнаменклатуры. Менавіта Анатоль Малафееў на аб’яднаным Пленуме ЦК і Цэнтральнай кантрольнай камісіі (ЦКК) КПСС 24–25 красавіка 1991-га першым у СССР паставіў пытанне аб увядзенні надзвычайнага становішча ў краіне, што выклікала нават абурэнне Міхаіла Гарбачова. 25 жніўня група дэпутатаў парламенцкай апазіцыі БНФ на чале з Галінай Сямдзянавай літаральна сцягнула першага сакратара ЦК КПБ з парламенцкай трыбуны і пазбавіла яго слова.

Мікалаю Дземянцею не ўдалося ўтрымацца на сваёй пасадзе. Каб захаваць твар, старшыня Вярхоўнага Савета заявіў 25 жніўня 1991-га аб сваім сыходзе нібыта на пенсію. Большасць дэпутатаў задаволілі ягоную просьбу. Аднак на гэтым гучныя адстаўкі скончыліся. Спроба апазіцыі абвясціць недавер Прэзідыуму Вярхоўнага Савета была няўдалай.

Мінск падчас жнівеньскіх падзей

Незалежнасць

25 жніўня 1991-га Вярхоўны Савет прыняў рашэнні, якія зрабілі Беларусь, з аднаго боку, сапраўды незалежнай. З іншага — у гэтых рашэннях прысутнічалі пэўная дваістасць, ваганне і нават юрыдычныя хібы.

Рашэнні былі прыняты ў форме пастаноў і законаў. Пастановы называліся «Аб бягучым моманце», «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР», «Аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання Беларускай ССР, дзяржаўных прадпрыемстваў, установаў, арганізацыі і ўласнасці Камуністычнай партыі Беларусі» і «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС-КПБ на тэрыторыі Беларускай ССР».

Першая пастанова прызнавала неканстытуцыйнасць і антызаконнасць ДНКС, ягоных дзеянняў і пастановаў. Разам з тым у гэтай пастанове мела месца «мяккая» крытыка Прэзідыума, які «не дал чёткой политической оценки» ДНКС.

Паводле другой пастановы, ва ўласнасць рэспублікі перадаваліся ўсе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага значэння, якія былі на яе тэрыторыі. Аднак гэта не тычылася тых, «руководство которыми передано согласно законодательству Белорусской ССР соответствующим органам Союза ССР».

Трэцяя пастанова забараняла стварэнне і дзейнасць у органах дзяржаўнай улады і ў дзяржаўных установах, прадпрыемствах і арганізацыях структураў КПБ, а таксама грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць палітычныя мэты. Адначасова ўся партыйная ўласнасць (да спецыяльнага рашэння аб далейшым яе статусе), а таксама ўласнасць ЛКСМБ браліся пад ахову, а карыстанне ўрадавай і іншай спецсувяззю грамадскім аб’яднаннямі, якія мелі палітычныя мэты, забаранялася.

Праект чацвёртай пастановы выклікаў бурныя парламенцкія дэбаты. Апазіцыя БНФ настойвала на адназначнай забароне КПСС-КПБ. Па прапанове Станіслава Шушкевіча дэпутаты зацвердзілі кампрамісную пастанову, у якой гаворка ішла аб часовым прыпыненні дзейнасці кампартыі. Гэта было юрыдычным нонсенсам, бо тагачаснае заканадаўства Беларускай ССР прапісвала альбо ліквідацыю якога-небудзь суб’екта, то бок заканчэнне дзейнасці, альбо рэарганізацыю. Згодна з пастановай, павінны былі быць апячатаны памяшканні архіваў, сакрэтнага справаводства, тэлефоннай сувязі КПСС-КПБ і ЛКСМБ.

Разам з пастановамі Вярхоўны Савет прыняў і шэраг законаў: «Аб некаторых зменах у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Беларускай ССР» (саюзна-рэспубліканскія МУС і КДБ адыходзілі пад выключную юрысдыкцыю рэспублікі), «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю (Асноўны Закон) Беларускай ССР» (артыкул 72 замацоўваў прыярытэт беларускіх законаў над агульнасаюзнымі, артыкул 73 абвяшчаў тэрыторыю рэспублікі непадзельнай і недатыкальнай; змяняўся артыкул 19 «Пракуратура»: у прыватнасці, уводзілася пасада Генеральнага пракурора, які выбіраўся Вярхоўным Саветам на пяць гадоў).

Першы аркуш пратаколу пасяджэння гістарычнай нечарговай пятай сесіі 25 жніўня 1991 г.

Канешне, самым важным актам нечарговай пятай сесіі лічыцца закон ад 25 жніўня 1991 года «Аб наданні статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР». Прыняццю такога закона папярэднічалі вострыя дыскусіі. Моцным штуршком да прыняцця закона паслужылі падзеі на Украіне, якая 24 жніўня 1991 г. абвясціла аб сваёй незалежнасці. Кіеў афіцыйна заявіў, што «этот шаг предпринят, исходя из смертельной опасности, нависшей над Украиной в связи с государственным переворотом».

Апошні аркуш пратаколу пасяджэння нечарговай пятай сесіі 25 жніўня 1991 г. за подпісам першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. 

Украінскі фактар істотна паўплываў на дэпутатаў кансерватыўных поглядаў. Напрыклад, дэпутат Міхаіл Жэбрак, які раней даволі скептычна ставіўся да ідэі незалежнасці, заявіў: «Я до вчерашнего дня стоял за обновлённый Союз, но события на Украине заставляют меня сделать заявление: надо принимать этот закон или объявлять себя западным краем в составе Российской Федерации. Другого выхода нет, иначе Беларусь не будет существовать, Белоруссии абсолютно не будет».

Парламенцкая апазіцыя БНФ прапанавала даволі радыкальны праект закона, паводле якога дэнансаваўся Саюзны дагавор 30 снежня 1922 года, а ў адносінах да агульнасаюзнай уласнасці выкарыстоўваўся «нулявы» варыянт. Аднак быў прыняты «памяркоўны» праект, прапанаваны Прэзідыумам (Дэкларацыя набывала статус канстытуцыйнага закона, а ў выпадках, калі артыкулы Асноўнага Закона БССР супярэчылі палажэнням Дэкларацыі, належала кіравацца апошняй).

Выступае дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Яўген Новікаў. Злева з парасонам — Зянон Пазьняк; крайні злева — намеснік старшыні Сойма БНФ Юрый Хадыка; справа — прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі Уладзімір Заблоцкі (з аркушам у руках), наступны за Уладзімірам Заблоцкім — дэпутат Сяргей Слабчанка; справа з парасонам у вайсковай форме — будучы кіраўнік БЗВ і палітычны дзеяч Мікалай Статкевіч

Часовая камісія

У сувязі са спробай дзяржаўнага перавароту рашэннем Вярхоўнага Савета 25 жніўня была створана Часовая камісія па ацэнцы дзеянняў чальцоў ДКНС і грамадска-палітычных аб’яднанняў, органаў дзяржаўнай улады, службовых асобаў і грамадзянаў, якія падтрымалі ДКНС.

На сем вакантных месцаў (паводле словаў старшыні камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрыя Булахава, камісія не павінна была ператварыцца ў Камітэт народнага кантролю) прэтэндавалі 16 чалавек. Чальцамі камісіі сталі наступныя дэпутаты: Ігар Пырх, Аляксей Даўлюд, Леанід Звераў, Міхаіл Марыніч, Міхаіл Васілеўскі, Мікалай Сцепаненка, Павел Папоў. Менавіта яны набралі большасць галасоў. Па логіцы, узначаліць камісію павінен быў Аляксей Даўлюд, які атрымаў найбольшую — 206 — колькасць галасоў. Аднак ён узяў самаадвод, а старшынёй камісіі стаў прадстаўнік БНФ Ігар Пырх, за якога прагаласавала меншасць — 151 — дэпутатаў, але які меў багаты вопыт працы ў кампетэнтных органах, у прыватнасці, начальнікам аддзела аховы грамадскага парадку ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама.

27 жніўня Прэзідыум Вярхоўнага Савета зацвердзіў спецыяльную пастанову аб часовай камісіі, якая атрымлівала даволі шырокія паўнамоцтвы: мела права «привлекать народных депутатов всех уровней, специалистов, должностных лиц и граждан» (за час існавання камісіі да яе працы былі дадаткова прыцягнуты 25 чалавек), а таксама «незамедлительного доступа к документам любой важности и секретности всех государственных и общественных органов, организаций и учреждений, расположенных на территории республики». Акрамя таго, службовыя асобы павінны былі ўсяляк дапамагаць камісіі, забяспечваць яе чальцоў транспартам.

На шчасце, у фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь захавалася багатая спадчына дзейнасці камісіі: пратаколы пасяджэнняў, рознага роду даведкі і тлумачальныя запіскі, акты, рашэнні, перапіска. Як вынікае з архіваў, першае пасяджэнне камісіі адбылося 5 верасня, сама камісія канчаткова скончыла працу 17 снежня 1991-га. Усяго адбылося дзесяць пасяджэнняў камісіі.

На першым пасяджэнні 5 верасня была пастаўлена наступная задача камісіі: «Дать политическую оценку той тоталитарной системе, которая поддержала путч, организовать работу на местах, по всем областям создать рабочие группы и привлекать общественные организации и представителей разных партий, депутатов. Изучить позицию руководящих работников, проверить все горисполкомы области, все газеты и УВД. Для более слаженной работы в каждой группе должен присутствовать работник прокуратуры».

Народны дэпутат, лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак (злева) і намеснік старшыні Сойма БНФ Юрый Хадыка (справа). Мінск, жнівень 1991 г. 25 жніўня 1991 г. Уладзімір Кавалёнак разам з дэпутатамі Інэсай Драбышэўскай і Аляксандрам Лукашэнкам унёс у Авальную Залу бел-чырвона-белы сцяг. 

Усё кіраўніцтва падтрымала путч

З першых дзён сваёй працы камісія сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі, адкрытымі варожымі адносінамі, асабліва з боку мясцовых уладаў і праваахоўных органаў. Істотныя паўнамоцтвы камісіі аказаліся толькі на паперы: яе чальцам вельмі часта проста адмаўлялі ў доступе да неабходнай інфармацыі. Да таго ж шмат хто з прыцягнутых, асабліва на месцах, выкарыстоўваў камісію да звядзення асабістых рахункаў з начальствам.

Тым не менш, 16 лістапада 1991-га з’явілася выніковая справаздача камісіі. Яна складалася з наступных раздзелаў: «Общая оценка обстановки в стране», «О ситуации, сложившейся в Республике Беларусь», «События, предшествующие путчу», «Выводы» і «Предложения».

У якасці адной з галоўных прычынаў магчымасці путчу ў справаздачы выступалі «жёсткое подчинение центру основных элементов государственного устройства, приоритет ведомственных нормативных актов над законодательством», а таксама «отсутствие упреждающих мер со стороны Верховного Совета и правительства».

У справаздачы практычна ўсё вышэйшае дзяржаўнае, партыйнае і вайсковае кіраўніцтва Беларусі абвінавачвалася ў падтрымцы путчыстаў або ў лаяльным стаўленні да іх: «Три августовских дня дня можно считать лакмусовой бумажкой, которая проявила истинную расстановку политических сил в республике, помогла снять маски с руководителей, на словах радеющих за демократию, но хранящих за пазухой увесистый булыжник».

Абвінавачванні, у прыватнасці, тычыліся Прэзідыума і асабіста намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Васіля Шаладонава, якому прыпісвалі фразу: «Я верю Янаеву».

Па звестках камісіі, намеснік міністра ўнутраных спраў Канстанцін Платонаў падпісаў загад аб узбраенні баявых падраздзяленняў аўтаматычнай зброяй і спецсродкамі. МУС таксама абвінавачвалася ў тым, што ўвесь час збірала аператыўныя зводкі ў дні путчу, «фиксировало каждый случай выступления демократических сил против диктатуры».

У распараджэнні камісіі аказалася агульнасаюзная шыфртэлеграма, якая ў дні путчу паступіла ў штаб Беларускай вайсковай акругі: «Не допустить проникновения агитаторов и подстрекателей на территории воинских частей, учреждений и на корабли, максимально использовать все средства и методы работы про разъяснению правильности проводимых ГКЧП мер». Анатоль Кастэнка паставіў на ёй асабістую рэзалюцыю наступнага зместу: «Принять меры, организовать работу с личным составом по разъяснению ситуации (чрезвычайное положение введено в целях преодоления глубокого и всестороннего кризиса, межнациональной и гражданской конфронтации)».

Падтрымка путчыстаў інкрымінавалася не толькі цэнтральным, але і мясцовым органам улады. Як вынікала са справаздачы, толькі пяць гарадоў Беларусі — Орша, Пінск, Гомель, Наваполацк, Салігорск — катэгарычна не падтрымалі ДНКС. Астатнія гарсаветы не выказалі досыць ясна сваю пазіцыю альбо праявілі лаяльнасць да путчыстаў. Напрыклад, камісія настолькі націснула на старшыню Мазырскага гарадскога Савета Івана Замулку, што той вымушаны быў звярнуцца па абарону да Станіслава Шушкевіча.

Мінск падчас жнівеньскіх падзей

СМІ таксама здрадзілі

Асаблівая ўвага ў справаздачы надавалася сродкам масавай інфармацыі. Высновы расследавання былі не на карысць апошніх. У прыватнасці, у справаздачы ішла гаворка пра тое, што «большая часть газет продолжала оставаться под контролем партии и выполняла социальный заказ». Газеты, гаварылася ў справаздачы, альбо стваралі вобраз ворага ў асобе БНФ, альбо («Знамя юности») былі наогул забароненыя. У справаздачы падаваліся факты наконт праверкі 91 газеты, 83 з якіх «поддержали путч, используя приёмы фальсификации».

Абвінавачванні былі накіраваны супраць Дзяржтэлерадыё БССР і Беларускага тэлеграфнага агенцтва, якія ў тыя драматычныя дні «не передали ни одного альтернативного, отличного от ГКЧП материала, осуществив тем самым информационную блокаду Беларуси». Так, па факце закрыцця 20 жніўня 1991-га папулярнай праграмы «Радыёфакт» у справаздачы Камісіі гаварылася, што «передача была оформлена ритмичной музыкой и по своему оформлению не соответствовала происходящим в стране событиям». Дзяржтэлерадыё, акрамя таго, з боку камісіі закідаліся «отсутствие чётких гражданских позиций», наяўнасць «приспособленчества и непрофессионализма».

Увогуле, канстатавалася ў справаздачы, «беспринципные журналисты немало сделали для подготовки общественного мнения к необходимости “твёрдой руки”, к оправданию любых эксцессов, в том числе и неконституционных».

У справаздачы прапаноўвалася «обеспечить условия для реального суверенитета, децентрализировать до разумных пределов аппарат управления и сократить его численность», а ў новай Канстытуцыі зацвердзіць нормы, «запрещающие формировать непредусмотренные в ней органный государственной власти и управления», таксама «разработать систему правовых мер по недопущению впредь появления партий непарламентского (тоталитарного) типа и сращивания партийных и государственных структур».

Прадстаўніца парламенцкай апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава і кіраўнік КПБ Анатоль Малафееў у Вярхоўнага Савета БССР на нечарговай 5-й сесіі. Жнівень 1991 г.

Адхіліць ад пасад

Асобным пунктам у справаздачы стаяла пытанне аб адхіленні са сваіх пасадаў лаяльных путчыстам службовых асобаў: «После провала путча воцарилась обстановка вопиющей несправедливости в отношении тех, кто отказался подчиниться преступным замыслам ГКЧП, осудил их и оказался гонимым, а также в отношении тех, кто поддержал путч, и, занимая ключевые позиции в государственном и общественном управлении, получил право решать судьбы людей».

Пункт №13 «Предложений» справаздачы прапаноўваў вызваліць ад пасадаў Анатоля Кастэнку, начальніка штаба Беларускай вайсковай акругі Паўла Казлоўскага, начальніка ўпраўлення Савета Міністраў па пытаннях правоў грамадзянаў, грамадскай бяспекі і абароннай працы Генадзя Данілава, міністра юстыцыі Леаніда Дашука, а таксама іншых службовых асобаў і галоўных рэдактараў выданняў.

Не ўсе чальцы камісіі былі цалкам згодны з яе справаздачай. Так, Міхаіл Марыніч падпісаў справаздачу з «особым мнением»: «Убрать пункт 13 о снятии с должностей, так как комиссия не смогла в полном объёме исследовать конкретные факты участия должностных лиц в антиконституционных действиях на территории Республики Беларусь. Это может только суд. Предлагая освобождение от занимаемых должностей, Временная комиссия входит в противоречие с Конституцией, создаёт прецедент расправы по субъективным мотивам».

Таксама з агаворкамі дакумент падпісалі Павел Папоў («кроме пункта 13») і Мікалай Сцепаненка («кроме пункта 13, хотя можно было бы рассмотреть вопрос об ответственности А. Костенко и Г. Данилова»).

Ніхто з асоб, пералічаных у п. 13, па выніках справаздачы не быў звольнены.

Аляксандр Кур’яновіч, «Новы час»

Заява прадстаўнікоў дэпутацкай групы БНФ аб падзеях 19–21 жніўня 1991 г.
Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях