25 апреля 2024, четверг, 16:51
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Язэп Мамонька: Рыцар БНР, якога праславіў Янка Купала

Язэп Мамонька: Рыцар БНР, якога праславіў Янка Купала
Язэп Мамонька

Рамантычная і трагічная гісторыя жыцця палітыка са Случчыны.

Язэп Мамонька быў адным з арганізатараў і дэлегатаў Першага Усебеларускага з`езда, ад якога вядзе свае вытокі Рада БНР, піша kurjer.info.

Нарадзіўся Язэп (Іосіф) Аляксеевіч на Случчыне, у вёсцы Залессе, у 1889 годзе. У 1907—1917 гг. ён член партыі эсэраў. Прозвішча Мамонькі ўвекавечыў не толькі сам Язэп сваімі дзеяннямі, але і Янка Купала, які ўклаў яго ў вусны аднаго з герояў «Тутэйшых»: «Беларусь, мая старонка, Куток цемнаты. Жыве Шыла, Грыб, Мамонька – Будзеш жыць і ты»...

Талент вырывацца з-за кратаў

Пра палітычную дзейнасць Язэпа Мамонькі красамоўна распавядаюць арышты. Упершыню ён апынуўся за кратамі яшчэ ў царскіх турмах, адкуль яго мабілізавалі на Першую Сусветную вайну.

Неўзабаве яго арыштавалі бальшавікі як аднаго з арганізатараў Першага Усебеларускага з`езда. Ён уцёк з-пад варты, стаў сябрам прэзідыуму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і зноў арыштаваны ўжо палякамі.

Пасля таго, як апынуўся на волі, у 1921 годзе ў Мінску, куды ён паехаў для каардынацыі вызвольнага змагання ў Заходняй Беларусі, Язэпа Мамоньку зноў арыштавалі Саветы і перавезлі ў Маскву, адкуль ён вырваўся і паехаў на пасяджэнне Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе.

На Другой Берлінскай канферэнцыі ў 1925 годзе Язэп Мамонька рашуча выступіў супраць роспуску ўрада БНР і ў знак пратэсту ляпнуў дзвярыма.

Фатальная цяга да Радзімы

Язэпа, як і шматлікіх яго паплечнікаў, згубіла цяга да Радзімы. Вяртанне ў Беларусь закрыла яго ў такія краты, з якіх ён не змог выбрацца ўжо ніколі.

У верасні 1928 года Мамонька атрымаў візу для прыезду ў СССР, дзе адразу (11 верасня) быў арыштаваны ДПУ БССР і адпраўлены ў Маскву. У снежні 1929 года пастановай Калегіі АДПУ СССР ён прыгавораны да 10 гадоў лагераў. У верасні 1937 года, пастановай «тройкі» НКУС Комі АССР Язэп Мамонька прыгавораны да расстрэлу.

Расстраляны на станцыі Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Архангельская вобласць, Расія). Рэабілітаваны пракуратурай Комі АССР 12 красавіка 1989 года, Генеральнай пракуратурай Расіі – 25 сакавіка 1993 года.

Як ужо было напісана вышэй, Язэп Мамонька быў адным з арганізатараў Першага Усебеларускага з`езда. На ім прысутнічала 1872 дэлегаты, з якіх 1167 — з правам рашаючага голасу.

З`езд абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўрада. Таксама на ім упершыню прагучаў лозунг пра стварэнне БНР.

На з’ездзе былі прадстаўлены практычна ўсе слаі беларускага насельніцтва: беспартыйныя ад усіх беларускіх губерняў; фракцыі сацыялістычных партый: эсэраў правых і левых, сацыял-дэмакратаў бальшавікоў, меншавікоў і інтэрнацыялістаў, беларускай сацыялістычнай грамады і іншых беларускіх палітычных партый, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.

Усебеларускі з`езд абраў свой выканаўчы камітэт, які абвясціў сябе законнай, абранай народам уладай і прывёў да стварэння 25 сакавіка 1918 года незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях