16 апреля 2024, вторник, 13:55
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сем тэзісаў пра шлях да БНР

Сем тэзісаў пра шлях да БНР

Юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі - нагода паразважаць пра эвалюцыю беларускай ідэі, тое, як яна нараджалася.

Прафэсар, гісторык Алесь Смалянчук прымеркаваў да 100-годзьдзя БНР тры лекцыі, якія пачаў чытаць у Горадні ў Цэнтры гарадзкога жыцьця. Паводле яго, юбілей БНР — нагода паразважаць пра эвалюцыю беларускай ідэі, тое, як яна нараджалася, пра абвяшчэньня самой беларускай дзяржаўнасьці. Вось асноўныя тэзісы першай лекцыі прафэсара Смаленчука ад «Радыё Свабода».

Падмурак беларускай ідэі

Найбольш важную ролю ў працэсе беларускага культурнага назапашваньня, які быў падмуркам выпрацоўкі нацыянальнай ідэі, адыгралі беларускія народнікі, публіцыстыка Ф.Багушэвіча і гістарычныя тэксты М.Доўнар-Запольскага 1880-1890-х гг. Менавіта іх беларускія адраджэнцы, у прыватнасьці, Антон Луцкевіч, лічылі сваімі непасрэднымі папярэднікамі.

У пошуках ідэі

Выпрацоўка ўласна беларускай нацыянальнай ідэі, без чаго немагчыма зразумець лёс БНР, была зьвязаная з першай беларускай палітычнай партыяй — Беларускай сацыялістычнай грамадой (БСГ). Але адраджэнцы працавалі ў розных накірунках, імкнучыся зрабіць беларукую ідэю больш прывабнай. Гэта спроба яе спалучэньня з сацыялістычнай дактрынай («Наша Доля»), з хрысьціянска-дэмакратычнай ідэалёгіяй («Беларус»), з краёвай ідэяй. Але дамінуючым тыпам нацыянальнай ідэі быў яе этнакультурны варыянт, які найбольш актыўна пашырала «Наша Ніва».

Ідэя палітычнай незалежнасьці

Фактычна яна была сфармуляваная толькі ў пэрыяд Першай сусьветнай вайны. Даволі доўга беларусы заставаліся прыхільнікамі беларуска-літоўскай фэдэрацыі, выказваліся таксама ідэі дзяржаўнасьці ў межах былога ВКЛ. Фактычна, толькі ўвесну 1918 г. палітыкі сталі на шлях незалежнай пабудовы беларускай дзяржавы. Доўгі шлях да гэтага абумоўлены разуменьнем рэальнай расстаноўкі сілаў як на беларускіх землях у той час, так і на міжнароднай арэне.

Бальшавікі і БНР

Афіцыйныя гісторыкі заявілі з нагоды 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, што бяз гэтай падзеі былі б немагчымай беларуская дзяржаўнасьць. Прафэсар Алесь Смалянчук з Горадні згаджаецца, што ў гэтым ёсьць частка праўды. І тлумачыць чаму. Разгонам Усебеларускага кангрэсу пры канцы 1917 году ў Менску бальшавікі сьцьвердзілі, што не дапусьцяць існаваньня асобнай беларускай рэспублікі. Гэта яшчэ мацней падштурхнула нацыянальных дзеячаў да пошуку шляхоў, каб абвясьціць аб незалежнасьці БНР.

Дарэчы, падзеі 1917 году Алесь Смалянчук лічыць мэтазгодным разглядаць як адзіную Расейскую рэвалюцыю, што распачалася ў лютым, а завяршылася на пачатку студзеня 1918 г. разгонам Устаноўчага сходу.

Раман Скірмунт

Літоўцы апярэдзілі

16 лютага 1918 году літоўцы абвясьцілі незалежнасьць. Гэта прысьпешыла абвяшчэньне самастойнасьці БНР у Менску. Іначай да падзеі магло дайсьці пазьней. Чаму? Прафэсар Смалянчук тлумачыць: беларусы да канца спадзяваліся на беларуска-літоўскае пагадненьне, што будуць разам зь літоўцамі. Чаму спадзяваліся? «Літоўскае пытаньне было міжнародным ужо даўно. Беларускае заставалася ўнутраным пытаньнем Расейскай імпэрыі. І таму якраз самі літоўцы асабліва не хацелі зь беларусамі аб’ядноўвацца, бо разумелі, што беларусы проста іх выкарыстаюць», — падкрэсьлівае гісторык.

Літоўцы былі мацнейшыя палітычна. Існуючыя палітычныя партыі прадстаўлялі ўсе колы літоўскага грамадзтва. І самае галоўнае, яны адчувалі падтрымку гэтага грамадзтва, бо ўжо напрыканцы ХІХ ст. здолелі пераканаць нават жыхароў літоўскай вёскі ў важнасьці падтрымкі нацыянальнай культуры. Шырокія колы насельніцтва зразумелі важнасьць нацыянальнай культуры, літоўскай мовы. І таму было лягчэй дамагацца палітычнай самастойнасьці, зазначае доктар гістарычных навук Смалянчук.

Мапа БНР

Прафэсар жа Смалянчук зазначае, што хаця да афіцыйнага абвяшчэньня аб самастойнасьці Польшчы дайшло 11 лістапада 1918 году, але яна мела пэўную самастойнасьць з канца 1916 г., калі са згоды імпэратараў Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны ў Варшаве пачала дзейнічаць Часовая Дзяржаўная Рада. Яна паступова ўмацоўвала свае пазыцыі. У беларускім выпадку падобнае аказалася нерэальным. «Гэта гучыць як парадокс гісторыі: мы раней, мы першыя абвясьцілі, але ж калі казаць пра рэальныя магчымасьці і сілы, то дзяржавы не атрымалася адстаяць», — кажа гісторык з Горадні.

Скірмунт

Ці можна лічыць, што беларускія дзеячы «зжэрлі» кароткачасовага прэм’ера БНР Рамана Скірмунта, які выглядаў сярод іх на больш важкага палітыка, з большымі пэрспэктывамі?

Адказваючы, Алесь Смалянчук зазначае, што сацыяльная сытуацыя тады была нават больш важным пытаньнем, чым нацыянальнае, асабліва для беларускіх сацыялістаў. І калі ў траўні 1918 году было прынятае рашэньне аб сфармаваньні ўраду БНР пад кіраўніцтвам Скірмунта, сацыялісты, якія галасавалі за яго, пабаяліся існаваньня «кансэрватыўнага» ўраду. А ён якраз меў шанцы для размовы ў Эўропе на іншым узроўні. Аднак яны зрабілі ўсё, парушаючы ўласныя рашэньні, каб ён не адбыўся. Адзін час у Менску было двоеўладзьдзе: урад Язэпа Варонкі «сацыялістычны», які ўжо ня меў права ім быць, але захаваў пячатку і ўсе дзяржаўныя дакумэнты, і законны ўрад Рамана Скірмунта, які не атрымаў ні пячаткі, ні дакумэнтаў. У адстаўку адправілі абодва і быў сфармаваны новы — Івана Серады, таксама сацыялістычны.

Сацыялістычнае дактрынэрства фактычна зьнішчыла магчымасьць паразуменьня розных палітычных сілаў у беларускім руху. Але галоўным чынам Скірмунт прайграў таму, што Нямеччына была супраць, зазначае прафэсар Смалянчук. Ён удакладняе: «Немцы, на якіх Скірмунт спадзяваўся, калі пачалося фармаваньне ягонага досыць сур’ёзнага ўраду, далі зразумець, што яны не пацерпяць гэтага. Іх цалкам задавальнялі ўрады сацыялістаў, якія ня мелі шанцаў на міжнароднай арэне».

***

Наступная лекцыя Алеся Смаленчука будзе прысьвечана «айцам БНР». Апошняя — самой БНР і спробам яе змаганьня за дасягненьне незалежнасьці, за міжнароднае прызнаньне.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях