25 апреля 2024, четверг, 13:51
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

БНР: Як сто год таму Беларусь выбрала шлях да дэмакратыі

2
БНР: Як сто год таму Беларусь выбрала шлях да дэмакратыі

Беларуская незалежнасць нараджалася ў няпрстых гістарычных умовах.

5 (18) студзеня 1918 года ў Петраградзе запрацаваў Усерасійскі ўстаноўчы сход. Ён пратрываў суткі, на наступны дзень бальшавікі разагналі дэлегатаў. Праз два тыдні Трэці Усерасійскі з’езд Саветаў ухваліў гэты разгон.

На думку беларускіх даследчыкаў, тыя падзеі аказалі непасрэдны ўплыў на незалежніцкі рух у тагачаснай Беларусі. Падрабязней пра гэта «Салідарнасці» расказаў Анатоль Сідарэвіч, беларускі даследчык гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Анатоль Сідарэвіч
Фота: Радыё Свабода

Па словах гісторыка, яшчэ на Першым Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917-га многія яго дэлегаты выступалі за незалежнасць:

Язэп Варонка на з’ездзе расказваў, што носіць ў сваім партфелі ўніверсал аб абвяшчэнні незалежнасці. І нават хтосьці з тутэйшых расійскіх эсэраў казаў, што няблага было б абвясціць незалежнасць Беларусі ад бальшавіцкай Расіі.

Такія размовы вяліся як ў асяродку беларускіх дзеячаў, так і сярод удзельнікаў небальшавіцкіх плыняў, што прадстаўлялі іншыя нацыянальнасці.

Стагоддзе бальшавісцкіх рэпрэсій у Беларусі: як разганялі Усебеларускі з’езд

Гучалі на з’ездзе і заклікі аб захаванні Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі ў якасці аўтаноміі, што знайшло сваё адлюстраванне ў выніковай рэзалюцыі.

Але далей у справу ўмяшаліся бальшавікі, якія разагналі кангрэс.

«Выступілі Грыб і Жылуновіч, а за імі Ленін»

На Трэцім Усерасійскім з’ездзе Саветаў прысутнічалі дэлегаты з Беларусі. Сярод іншых на трыбуну выходзіў Тамаш Грыб, будучы міністр унутраных справаў БНР, які на той момант з’яўляўся членам Усерасійскага цэнтральнага выканкама. А таксама член Петраградскага савета Зміцер Жылуновіч, які праз год ачоліць Часовы урад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Выступаў таксама і Карл Ландэр, які месяц таму разагнаў з’езд у Мінску.

— А потым выйшаў прамаўляць Уладзімір Ільіч Ленін. Прыгадаў, што перад ім гаварылі пра нейкую дэмакратыю. І дадаў, што дэмакратыя — нішто іншае, як прыдумка капіталістаў для затуманьвання мазгоў, — расказаў гісторык.

На думку даследчыка, спыніўшы ўсялякія размовы пра дэмакратыю ў Расіі, бальшавікі тым самым паклалі крыж на надзеях беларускіх дзеячаў нават на аўтаномію, не кажучы пра поўную незалежнасць.

Многія думалі, што ў «Советах советуются»

— І беларускія дзеячы, і эсэры, і меншавікі як разумелі савецкую ўладу, калі хацелі стварыць Савет рабоча-сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў у Беларусі? Яны разумелі, што ў Саветах прадстаўленыя ўсе: і бальшавікі, і меншавікі, і беларускія сацыялісты, і бундаўцы, і яўрэйскія аганізацыі. Было разуменне, што ў «Советах советуются». Бальшавікі ж разглядалі Саветы як органы дыктатуры пралетарыяту. А дыктатура пралетарыяту, як тады жартавалі, гэта дыктатура сакратарыяту, — расказаў пра адрозненні ў поглядах тагачасных палітычных сілаў Анатоль Сідарэвіч.

— Гэта былі розныя канцэпцыі: дэмакратычных саветаў і саветаў як органаў дыктатуры. Вось у чым была ўся розніца — паміж дэмакратычным выбарам Беларусі і недэмакратычным.

«Дэмакратычная рэспубліка загадала доўга жыць»

Гісторык нагадаў, што перад Устаноўчым сходам у Петраградзе стаяла шмат задачаў, у тым ліку і вырашэнне пытання будучыні Беларусі і Украіны: надаць ім аўтаномію ці захаваць за Расіяй статус імперыі. Урэшце дэлегаты сходу абвясцілі Расію дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікай.

— Пасля таго, як бальшавікі разагналі Устаноўчы сход, толькі дурні маглі разлічваць на пабудову дэмакратычнай рэспублікі. Усё! Дэмакратычная рэспубліка загадала доўга жыць, — падкрэсліў Анатоль Сідарэвіч.

Па яго словах, бальшавікі проста не пакінулі беларускім незалежнікам іншага выбару:

— Беларускія сацыялісты, якія на той момант ігралі галоўную скрыпку, зразумелі: калі вы хочаце будаваць беларускую дэмарактычную рэспубліку, нават у форме саветаў (але саветаў, дзе советуются), то яе трэба будаваць асобна ад Расіі. Незалежніцкі трэнд, які з’явіўся ў 1917-м, толькі ўзмяцняўся па меры таго, як у Расіі ўмацоўвала свае пазіцыі так званая дыктатура пралетарыяту.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях