20 апреля 2024, суббота, 3:51
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Гicторыя магiлёўскiх Фэрмапiлаў

3
Гicторыя магiлёўскiх Фэрмапiлаў

Як 200 гусараў на працягу сямі гадзін абаранялі Магілеў ад 30-тысячнага маскоўскага войска.

27 чэрвеня 1581 р., менш за некалькі соцень гусароў роты Марціна Казаноўскага на працягу сямі гадзін абаранялі Магілеў ад 30-тысячнага маскоўскага войска. Абаранялі не на сценах, а ў чыстым полі. А калі на падмогу прыбыло яшчэ каля трох соцень вершнікоў лёккай кавалерыі, гусары увогуле прагналі ворага ад горада.

Першы ўдар

Год 1581 вядомы ў гісторыі чарговай, трэцяй ужо, выправай войска пад камандаваннем караля Стэфана Баторыя супраць Маскоўскага княства. Дзве папярэдніх былі цалкам паспяховымі. Былі вызвалены вялікалітоўскі Полацк і здабытыя Вялікія Лукі. Трэцяя выправа была накіравана на Пскоў. Але яшчэ да таго, як войска Рэчы Паспалитай стала пад гэтым горадам у канцы жніўня, войска маскавітаў у чэрвені ўварвалася ў ВКЛ. Іх памер ацэньваецца па-рожнаму. Некаторыя сучасьнікі называюць лічбы сорак ці сорак пяць тысяч “масквы і татараў”, але найбольш верагодна, што колькасць маскавітаў сягала блізу 30.000, піша imbierac.livejournal.com. Гэтую лічбу узгадаў нехта Маркоўскі, паручнік гусарскай роты (швадрона) Марціна Казаноўскага, вайсковец, які біўся з войскам каля брамы Магілева.

Войска агрэсара, хоць і было вельмі вялікім, не з’яўлялася высокавартасным. Складалася яно амаль цалком з кавалерыі татарскай, казацкай і маскоўскай. Такое войска ідэальна падыходзіла толькі для рабавання безабаронных вёсак і прадмесьцяў. Аднак, нягледзячы на наяўнасць пушак, маскоўскія жаўнеры не былі гатовыя да працяглай аблогі добра ўмацаваных і належным чынам абароненых крэпасцей і месцаў, хоць яны маглі і спрабавалі ўзяць іх знянацку, выкарыстаўшы ніскі маральны дух абаронцоў.

У чыстым полі, дзякуючы сваім памерам, яны, натуральна, уяўлялі сабой сурыёзную пагрозу для палякаў і ліцьвінаў, таму што апошнія ня мелі ў раёне, ахопленым ўварваннем (фронт ад Дуброўны праз Оршу, Копысь, Шклоў да лініі Магілеў, Радомль, Мсціслаў) занадта шмат сіл, а тыя, якія знаходзіліся там раней (каля 1000 вершнікоў), былі раскінутыя па ўсім фронце.

У лісце Стравінскага да польскага караля, напісаным ў Магілеве, пададзены быў спіс вайсковых камандзіраў захопнікоў. Гутарка ідзе пра: “Старэйшых ваявод: Міхаіла Пятровіча Кайцерава, Андрэя Іванавіча Хварасценіна, Ізмайлава, Романа Дзмітравіча Бутурліна, князя Міхаіла Васільевіча Наздраватага, князя Івана Міхайлавіча Валхоўскага, князя Марцулея Шчарбатага, Івана Міхайлавіча Батуркіна, Фёдара Фустава, Міхаіла Глебава-Салтыкова, князя Івана Барацінскага, татарскага князя Івана Куланчук-Чэрмікава, Уладзіміра Галовіча, Васілія Іанава, ваяводу данскога казацтва, Ярмак Цімафеевіч, казачы атаман”.

Тады ж Стравінскі вызначыў і склад сіл уварвання: “45.000, стралкоў з Дону і масквы вершнікоў 1000”. Менавіта гэтае войска фарсіравала Днепр і з 25 па 27 чэрвеня стаяла пад Магілевам.

Бітва

У аўторак 27 чэрвеня маскоўская армія ўдарыла па прадмесцях Магілева. Спаліла іх, аб чым каралю паведаміў Стравінскі: “Да сценаў горада падысці спрабавалі, каб замак выпаліць, на што мы з Божаю дапамогай стральбой з замка і вастрога, таксама маючы стралкоў з рушніцамі паміж платамі і дамамі, а таксама атакамі, абаранялі і іх не дапускалі, дзякуй дапамозе Божай і шчасцю Вашай Вялікасьці. У прадмесьцях, вышэй названых, сотні дамоў спалілі, але ў людзях няма шкоды, і нікога не захапілі, толькі двох застрэлілі, але самыя вялікія страты ў людзях з-за стральбы з вастрогу і замку, пры спробе захопу месца, мелі”.

Хутка гараджанам на дапамогу прыйшлі гусары (рота Марціна Казаноўскага, колькасцю ў 200 вершнікоў), а праз 7 гадзін пасля гэтага, лёккія вершнікі (рота пяцігорская Цемрука Шымковіча, якая складалася са 164 казакоў, і рота Кшыштафа Радзівіла пад камандаваннем Галібека, якая складалася з 150 вершнікаў).

Падрабязнасці бою кавалерыі з ворагам вядомыя дзякуючы апісанню шляхціча Галоўчынскага, які са спаленага Галоўчына 30 чэрвеня 1581 р. пісаў каралю: “У Вашае Вялікасьці Магілеве і магілеўскіх прадмесцях колькісот дамоў спаленыя, у Магілеве і замку людзей замала, адно з дапамогай Госпада і Вашае Вялікасці жаўнераў, ротаў Пана Троцкага [Кшыштафа Радзівіла], Паноў Казаноўскага і Цемрука, якія ў той час былі сабраныя разам, адбілі іх і абаранілі замак і месца, ды мелі бітву з імі”.

Ліст Галоўчынскага завяршаецца прыпіскай ксяндза Яна Пятроўскага ад 11 ліпеня 1581 р., які ў ёй адзначыў наступнае: “Сёння прыехаў сюды Маркоўскі, паручнік роты Казаноўскага. Ён прынёс вестку, што 27 чэрвеня пад Магілеў, як ён кажа, масква і татары прыйшлі, каля 30.000 чалавек, людзі нікчэмныя, дрэнныя. Яны штурмавалі Магілеў, і рота Казаноўскага ў 200 вершнікоў без ротмістра (капітана), пачуўшы пра іх, прыйшла. Пасля чаго пад Магілевам з імі біліся на працягу дня, 7 гадзін, каб захоп прадухіліць. Потым рота Цемрука прыйшла [на дапамогу].

Масква, маючы шмат людзей, пачала ўцёкі і выйшла да Дняпра, пераправілася [на другі бок]. Нашыя на тае пераправе грамілі яе і на азначаным баку разагналі, схапіўшы частку ў палон, якія тут Маркоўскі - гэта ад нашае Kрушвіцы - каралю прывёў. Шкоду вялікую тая рота [Казаноўскага] у конях мела: масква ім усіх з лукоў і рушніцаў пастрэляла. Таксама параненых таварышоў і пахолкаў досыць; забітых, дзякуй Богу, [у роце] няма”.

Хоць у роце гусараў Казаноўскага ніхто не загінуў, але, страты былі ў казачым атрадзе Кшыштафа Радзівіла, дзе паручнікам быў Галібек. Вось што згадвалася ў адным з дакументаў: “ Іншыя былі забітыя, і тры таварышы захопленыя жывымі: Гульскі, Збікоўскі і Кураед”.

Пасля бітвы

Магілеў ацалеў. Маскоўскія войскі пайшлі праз Оршу, палячы на шляху некаторыя вёскі. Ліцьвіны ў паніцы апісалі свае страты, перабольшыўшы іхнюю колькасьць да 2.000 спаленых вёсак, але на самой справе, гэтыя страты былі не такія вялікія.

“Шкоды ў вёсках няма там [каля Магілева] такой, як было сказана”, - пісаў ксёндз Пятроўскі, спасылаючыся на паручніка Маркоўскага. 30 тысячнае маскоўскае войска, нарэшце, адступіла з гістарычнай Літвы і больш як 200 тысячнае войска Рэчы Паспалітай увайшло ў Маскоўскае княства ды накіравалася ў Пскоў.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях