28 марта 2024, четверг, 19:03
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларускае рыцарства 16 стагоддзя

1
Беларускае рыцарства 16 стагоддзя

У беларускім грамадстве часоў ВКЛ назіралася цікавая сітуацыя.

Традыцыі еўрапейскага рыцарства, адлюстраваныя ў разнастайных з'явах беларускай гісторыі, вартыя дасканалага вывучэння. Узнёслы рыцарскі дух увасабляўся i ў шматлікіх помніках беларускага выяўленчага мастацтва i ў літаратуры XVI ст. Яшчэ нязжытыя тады вайсковыя традыцыі княскіх дружын - першавытоку служылай шляхты-рыцарства - атрымалі юрыдычнае пераасэнсаванне ў трох статутах Вялікага княства Літоўскага. Найбольш падрабязна дружынна-рыцарская сістэма арганізацыі дзяржаўнага войска - шляхецкага «паспалітага рушэння» - выкладзена ў Статуце 1588 г. (раздз. 2, арт. 1). Менавіта ў XVI ст. у блізкіх да велікакняскага двара колах выявіўся падобны да класічнага еўрапейскага рыцарскі этас, натхняючы беларускіх мастакоў i паэтаў на ўвасабленне рыцарскага ідэалу ў панегірычных вершах-эпітафіях, гістарычных хроніках i адпаведных гэтым літаратурным формам жанрах жывапісу i пластыкі. У беларускай гісторыі «рыцарскі перыяд» культурнага развіцця быў запознены, скарочаны, але надзвычай насычаны. У Заходняй Еўропе ён пачынаецца прыкладна з VIII - IX стст., калі тэхнічная рэвалюцыя ў зброі i рыштунку поруч з жыццёвай неабходнасцю спыніць нашэсці варварскіх плямёнаў гунаў i авараў выводзіць на першы план у тактычнай арганізацыі баёў добра ўзброеныя атрады вершнікаў. Вольныя або напаўзалежныя ад сваіх багатых гаспадароў, яны складалі аснову новых ваенных фармаванняў. Ідэалы роўнасці i ўзаемадапамогі, якія былі ўспрынятыя рыцарствам ад папярэдніх формаў раннесярэднявечнай арганізацыі (камітат, дружына), былі дапоўненыя нарматыўным комплексам паводзін (абарона слабых, адносіны да жанчыны, падтрымка царквы, імкненне да самапаказу) i рытуалаў (працэдура пасвячэння, турніры). Як заўважае бельгійскі навуковец Э. Дзюпрээль, «рыцарскі кодэкс канчаткова быў сфармуляваны ў познім сярэднявеччы, калі рост уплыву бюргераў змусіў рыцарства ўпарадкаваць «абаронную» кадыфікацыю сваіх нормаў...». Пасля стагоддзяў росквіту паэзіі трубадураў i мінезінгераў, бліскучых старонак куртуазных раманаў рыцарскі этас апошні раз усур'ёз быў перапрацаваны Б. Касцільёне ў XVI ст. у трактаце «Прыдворны», каб зрабіцца ўжо «дэмілітарызаваным» прыкладам выхавання высакароднага арыстакрата.

Усё гэта прыгадалі для таго, каб падкрэсліць: на Беларусі ў XVI ст. назіраецца цікавая сітуацыя, калі адначасова амаль у першаснай чысціні можна назіраць i праявы шчырага вайсковага духу часоў ранняга рыцарства, i рытуалы велікасвецкіх турніраў i баляў, i сведчанні сур'ёзнага ўспрымання сістэмы выхавання згодна з парадамі Б. Касцільёне. У нашай культуры мы нярэдка назіраем, як з'явы еўрапейскага маштабу запознена дасягаюць Беларусі i праяўляюцца на кароткі час, але ярка i інтэнсіўна. Так было з інтэлектуальным уздымам i сацыяльным прагрэсам у час Рэнесанса; так выявілася i рыцарская культура, пачатак пашырэння якой на Беларусі фармальна можна адлічваць ад 20 лютага 1387 г., дня падпісання Ягайлам граматы, дзе упершыню гаворыцца пра «рыцараў i баяр». Менавіта створаны мастакамі вобраз Ягайлы - адна з кропак адліку выяўленчай традыцыі беларускага рыцарства. Ягайла Ў абліччы, каранаванага анёлам, воіна-трыумфатара на кані паказаны ў роспісах капліцы св. Тройцы замка ў Любліне, выкананых у 1418 г. жывапісцамі з земляў Вялікага княства Літоўскага. Увасобленая ў вобразе духоўная сіла, безумоўна, адлюстроўвала патрыятычныя настроі ў грамадстве пасля грунвальдскай перамогі, настроі, якія мусіла ўмацоўваць i афіцыйнае мастацтва. Але сама ідэя сакралізацыі воіна-конніка, не абавязкова нават змагара за справядлівасць (хоць i гэта пажадана), але ўзвышанага i дасканаласцю сваёй зброі, i моцаю баявога каня, гуртавала, з'ядноўвала рыцарскае саслоў'е. Водгалас яшчэ дахрысціянскіх формаў услаўлення «магутных вояў» захаваў аўтар «Слова пра паход Ігаравы» ў славутых радках пра Усяслава Чарадзея, але павер'і пра чароўныя здольнасці воінаў быць пярэваратнямі-ваўкалакамі, зверападобнымі «берсеркамі» лёгка адшукаць у фальклоры Германіі, Італіі i Скандынавіі.

Аднак вернемся да беларускага рыцарства. На полі Аршанскай баталіі 1514 г., каля рэчкі Крапіўнай, у бляску варанёных латаў, што ад макаўкі да пятаў пакрывалі постаці воінаў, а таксама ix верных коней, упершыню Ў беларускім мастацтве з'явіўся вобраз рыцара ў найбольш звыклым уяўленні пра яго знешні выгляд як прадстаўніка пэўнай сацыяльнай групы. «Бітва пад Оршаю» (1520-я гады) - твор ананімнага жывапісца, удзельніка падзей, - захоўваецца цяпер у Варшаўскім Нацыянальным музеі, дазваляе больш падрабязна сказаць пра ўзбраенне як адну з найважнейшых адзнак рыцара на полі бою i яго вобраза ў выяўленчым мастацтве. Як добра відаць на дэталёва адлюстраванай мастаком панараме бітвы, у войску вялікага літоўскага гетмана Канстанціна Астрожскага, пасланым Жыгiмонтам Старым з Барысава супраць 80-тысячнага маскоўскага войска, у чатыры разы большага за літоўскае, самай цяжкай выглядае харугва Яна Свіршчэўскага. Яе воіны скрозь накрыты ліставою бранёй (brunia - у эпоху сярэднявечча - скураная куртка, абшытая металічнымі пласцінамі), узброены вялікімі двухручнымі мячамі, доўгімі дзідамі са сцяжкамі, якія не дазвалялі кап'ю засесці ў целе ворага. Сацыяльны статус яе гаспадара i была адным з галоўных фактараў, што гарантавалі рыцару поспех у баі. З другога боку, дзяржава імкнулася заканадаўча абавязаць воінаў клапаціцца пра набыццё i зберажэнне ўласнага ўзбраення. Паводле Статута 1588 г. (раздз. 15, арт. 2), рыцарам - удзельнікам паспалітага рушэння, пад пагрозай канфіскацыі забаранялася абменьвацца коньмі i зброяй дзеля дэманстрацыі імі сваёй уяўнай падрыхтаванасці да вайны перад гетманам. Дарэчы, на працягу ўсёй гісторыі еўрапейскага рыцарства здольнасць воіна за свае сродкі ці з дапамогаю гаспадара забяспечыць сябе ўсім неабходным у баі - найважнейшая перадумова прыналежнасці да рыцарскага стану. Іншых шляхоў у вайскова-служылае саслоўе не было. Традыцыйна высокае сацыяльнае становішча цяжка ўзброеных воінаў-вершнікаў вымагала ад ix пэўных сацыяльных, грамадзянскіх абавязкаў. Таму вобраз узброенага конніка ў мастацтве i літаратуры трактуецца сучаснікамі адназначна - станоўча. Прыгадаем радкі з верша, вельмі папулярнага ў XVI - XVII стст. жанру «геральдычнай паэзіі», напісанага А. Рымшам на герб Ільва Сапегі i змешчанага ў першым выданні Статута 1588 г. Выява «Пагоні» на адным з палёў герба так апісваецца паэтам:

«...З оружьем конный воин стоить

Знаком того, иж ся з них ни один не

боить

Служить своим сподарем ку кождой

потребе,

Ни литуючы скарбов, ни самого

себе...»

Адной з сацыяльных адзнак рыцара быў выгляд ix даспехаў, вонкаваму абліччу якіх надавалі вялікае значэнне, а дасканаласць мастацкай апрацоўкі часам стаяла нароўні з ювелірным упрыгожаннем свецкай пані. Такія парадныя даспехі стрыечных братоў Мікалая Чорнага i Мікалая Рудога Радзівілаў, што захоўваюцца цяпер у Венскім гістарычным музеі, куды трапілі з замка Амбрас. Уладальнік замка, цірольскі герцаг Фердынанд, пастанавіў у 1581 г. сабраць музей «еўрапейскай славы» (на змену кунсткамерам у еўрапейскай калекцыянерскай модзе прыходзілі ўжо спецыялізаваныя музеі). Герцаг звярнуўся да славутых рыцараў Еўропы, у лік якіх поруч ca Сцяпанам Батурам i Янам Замойскім трапілі трое Радзівілаў, з просьбай даслаць яму свае даспехі i зброю. Паказальны выбар рэчаў, што сімвалізавалі вайсковую славу рыцараў (не толькі партрэты герояў, трафеі). Даспехі Радзівілаў - «перламутравага» колеру, аздобленыя эмалямі i залатымі інкрустацыямі, вырабленыя ў папулярным сярод феадальнага воінства паўднёва-еўрапейскім стылі, можна бачыць таксама на гравюрах Д. Кустаса з музейнага каталога 1601 г., выдадзенага ў Інсбруку. Багацце даспехаў - не толькі прыкмета своеасаблівай сакралізацыі вайсковага рамяства, але i сведчанне таго, што адной з узнагарод рыцарскай службы (дзяржаве або гаспадару - i пажадана на справядлівым баку) з'яўляецца ўзбагачэнне. Нездарма яшчэ Скарына да пытанняў «рицерского или военного» права адносіў праблему як «делити користи» («Другі закон», прадмова). Гэтаксама сучаснік аднаго з лепшых прадстаўнікоў «рыцарскай» літаратуры Крэцьена дэ Труа А. Капеланус у трактаце «Пра правілы куртуазнага кахання», разглядаючы ўзаемаадносіны рыцара i дамы, заўважаў, што «беднасць - зневажальная для чалавека, які сябе шануе».

Але рыцарствам кіравала не толькі прага да ўзбагачэння. Рыцарскі этас вырастаў з эпохі сярэднявечча, схільнай упрыгожваць памкненні воінаў, тлумачыць ix сапраўдным ці ўяўным служэннем узвышаным ідэалам. У такім кірунку развіваюцца ўзаемаадносіны рыцарства і хрысціянскай царквы. Евангельская любоў i ўсёдаравальнасць суіснуюць з упэўненасцю ў тым, што дабро i парадак, як i ў дахрысціянскія часы, усталёўваюцца зусім рэальнай i нават збройнай сілаю. Таму св. Юр'я, галоўны духоўны подзвіг якога быў у адмове служыць у войску імператара-язычніка, у пасіўным пратэсце пераасэнсоўваецца афіцыйнай царквою як асоба актыўная (цуд пра змія з выратаваннем Еліскты), афарбаваная зусім іначай, - ён робіцца апекуном воінаў, абаронцам справядлівасці, вельмі папулярным у гэтай ролі i ў Вялікім княстве Літоўскім. У грамадстве, якое рэальна падпарадкоўвалася законам вайны, словы апостала Паўла пра «меч духоўны» легка інтэрпрэтаваліся хрысціянствам як сапраўдная, а не алегарычная вайна. Ператлумачэнне біблейскіх ідэй - «У Богу мы будзем дзеяць адважна, Ен патопча варагоў нашых» (Псальмы, 108, 14) - мы знойдзем у цытаваным вершы на герб Ільва Сапегі:

«...В тых же гербах посредку есть

стрела з крестами...

Тые знаком, иж они болш для хрестиянства

Клали здоровье свое, не смотречы

паньства...».

Зыходзячы з гэтых феноменаў грамадскай свядомасці, найбольш арганічным для культуры магнацка-шляхецкіх рэзідэнцый XVI ст. на Беларусі трэба лічыць тып «рыцарскага» («мілітарызаванага») партрэта. Партрэтны жанр быў надзвычай папулярны Ў беларускім мастацтве XVI ст. Вядомы шэраг выдатных партрэтаў 3 нясвіжскай калекцыі Радзівілаў, найбуйнейшай сям'і сярод новай беларуска-літоўскай служылай арыстакратыі. Прадстаўнікі новай знаці - Сапегі, Хадкевічы, Пацы - у XVI - XVII стст. адсунулі з кіруючых пазіцый у Вялікім княстве Літоўскім арыстакратыю «па крыві» - Алелькавічаў, Саламярэцкіх, Лугвенічаў. Натуральна, ідэал рыцара - абаронцы Радзімы i веры, у мастацкім увасабленні адначасна парадны i жыццёва-праўдзівы - быў трывала засвоены ваенна-феадальным саслоўем, адной з галоўных прывілеяў i абавязкаў якога было права насіць зброю i ваяваць (Статут 1588 г., раздз. 2). Тым больш блізка ўспрымалі яго Радзівілы, бо шлях наверх па лесвіцы феадальнай іерархіі ix продак, гродзенскі староста Міхаіл, пачынаў, згодна з сямейным паданием, яшчэ ў войску пад Грунвальдам. Вобраз рыцара займаў пачэснае месца i ў вершаваных хроніках, панегірыках, што Радзівілы заказвалі лепшым паэтам свайго часу. «Калі шлях каму I адчынены ў неба, - гэта таму, хто дбайна служыць Айчыне»,- так Ян Каханоўскі, славуты польска-лацінскі паэт, гуманіст, выявіў глыбінную ідэю рыцарскай паэзіі - яркай з'явы рэнесансу i барока не толькі ў Польшчы, але i на Беларусі. У 1580-я гады некалькі аўтараў адначасова, а сярод ix i Ян Каханоўскі з паэмай «Паход на Маскву», прысвяцілі свае творы ваеннай кампаніі 1579 года, якая прадвызначыла адносна ўдалы для Беларусі зыход т. зв. Лівонскай вайны. У войску Вялікага княства Літоўскага баявымі заслугамі ў паходзе вызначыўся кіраўнік правага крыла арміі польны літоўскі гетман Хрыстафор Радзівіл Пярун (1547-1603). Гэты высокапастаўлены ўрадовец быў таксама выдатным мецэнатам. Па словах Яна Каханоўскага, пры яго двары ў Біржах пасяліўся «рой пчол працавітых» - гуманістаў, літаратараў, мастакоў.

У беларускім выяўленчым мастацтве XVI ст. лепшай ілюстрацыяй ваяўніча-патрыятычных настрояў, што адбіліся ў тагачаснай паэзіі, трэба назваць партрэт Юрыя Радзівіла «Геркулеса літоўскага» (1480- 1541), які засведчыў сваю мужнасць на полі аршанскай бітвы ў войску Канстанціна Астрожскага, у баях 3 татарамі i крыжаносцамі. Юры Радзівіл быў бацькам каралевы Барбары, таму нядзіўна, што i праз паўстагоддзя пасля смерці - а менавіта тады быў напісаны партрэт - вобраз «Геркулеса» заставаўся папулярным сярод нашчадкаў. Цяпер цяжка вызначыць, у якую канкрэтна 3 радзівілаўскіх рэзідэнцый - Нясвіж, Біржы, Алыку ці куды яшчэ - заказваліся выявы Юрыя i падобных да яго ў кампазіцыйным вырашэнні рыцараў у латах. Сустракаюцца згадванні пра шматлікія мастацкія партрэты ў інвентарах маёнткаў XVI - XVII стст., вядомы ix адлюстраванні ў гравюрах, у тым ліку ў альбоме сямейных партрэтаў Радзівілаў, выдадзеным паводле жывапісных арыгіналаў у Нясвіжы ў 1758 г. X. Ляйбовічам i іншымі майстрамі. У ім знайшлося месца памянёнаму вышэй герою паэм Хрыстафору Радзівілу, і, мяркуючы па вялікай колькасці закаваных у латы персанажаў, «рыцарскі тыпаж» быў надзвычай папулярны ў беларускім жывапісе канца XVI - XVII стст. Яго захавалі нашчадкам шматлікія надмагіллі магнатаў, у якіх ён з'яўляецца яшчэ раней, чым у жывапісе. Менавіта ў постацях каралёў, выкананых у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі італьянскімі скульптарамі на чале з Б. Бярэчы ў 1519- 1531 гг., быў упершыню ўвасоблены ідэал рыцара, а ў канцы XVI ст. фігуры вояў у латах на саркафагах сталі ўжо агульным i тыповым вобразам мемарыяльнай пластыкі Рэчы Паспалітай. Шляхціц, што абуджаецца ад смяротнага сну, у якім яго адлюстравала ў мармуры ці шэрым пясчаніку рука майстра, на Апошнім судзе сваім абліччалл мусіў апраўдваць жыццёвы шлях мужнасцю ў вайсковым служэнні Радзіме. Такое аблічча «рыцара-хрысціяніна», папулярызаванае надмагільнай скульптурай, у другой палове XVI ст. зрабілася эталонам i для жывапіснага мастацтва.

У сваю чаргу, тыповы рыцарскі партрэт, як i надмагілле, прыйшоў у беларускае мастацтва шляхам пераймання як з мастацтва Італіі, дзе сваіх «вояў» пісалі П. Веранэзе, Я. Цінтарэта, так i з мастацтва краін «габсбургскага кола» з халаднаватаарыстакратычнымі палотнамі Я. Зейзенегера, А. Санчаса Каэлья, X. Пантохі дэ ла Круса. Шэдэўры прыдворных мастакоў Габсбургаў узнаўляліся ў папулярных ва ўсёй Еўропе нямецкіх i фламандскіх гравюрах, а свабодныя копіі з ix з выявамі беларуска-літоўскіх магнатаў папаўнялі жывапісныя галерэі ў багатых рэзідэнцыях Вялікага княства Літоўскага. Такім чынам, у вобразе Юрыя Радзівіла агульнаеўрапейская канцэпцыя выключна параднага арыстакратычнага партрэта выявілася ў класічнай форме. На глухім цёмным фоне рубінам зіхаціць абрус, смарагдам успыхваюць неспакойныя складкі заслоны, паблісквае на латах чырвонае золата. Постаць магната, закаваная ў адпаліраваную да бляску браню, поўная іератычнай застыласці, уражвае гледача. Сімвалічную ролю знакаў улады Ю. Радзівіла адыгрываюць у кампазіцыі партрэта гетманская булава i жазло.

У параўнанні з папярэднімі часамі, XVI ст. было «адукаванай» эпохай. Называючы ўпадабаныя беларуска-літоўскімі рыцарамі заняткі ў вольны час, нельга не сказаць пра ўвагу, якая 3 юнацкіх гадоў аддавалася адукацыі i навуцы. У мемарыяле, складзеным будучым вармінскім біскупам С. Хозіем у 1535 г. маладому каралевічу Жьггімонту Аўгусту, чытаем: «...Вучыся - гэта першае, галоўнае i асноўнае, да чаго закліканы кароль, не трэба лічыць, што каралём можна нарадзіцца». 3 гэтымі словамі пераклікаюцца парады, дадзеныя перад навукай у Нямеччыне Мікалаем Радзівілам Чорным свайму сыну Мікалаю Хрыстафору ў 1563 г.: «...з дапамогай боскай добрым прамоўцам i добрым лацінскім пісьменнікам рыхтуйся дамоў вярнуцца, каб 3 навукі быў здатны да службы тым дзяржаўным панам, да якіх... жадаю цябе накіраваць». У падтэксце бацькоўскіх пажаданняў адчуваюцца тэзісы, выкладзеныя Б. Касцільёне ў трактаце «Прыдворны» (1528 г.), дзе аўтар, паводле ідэалізаваных нормаў паводзін i нораваў прыдворнага жыцця італьянскага мястэчка Урбіна, падкрэсліваў неабходнасць усебаковай адукаванасці свецкага чалавека.

Адбітак свецкай легкадумнасці накладваецца ў XVI ст. i на адносіны двараніна эпохі Рэнесанса да вайны. Рыцары мусяць удзельнічаць у турнірах, валодаць зброяй, але са старонак трактата Касцільёне паўстае, па сутнасці, «дэмілітарызаваны» рыцар. Навыкі ваеннага майстэрства не самамэта, а толькі частка рознабаковай праграмы развіцця натуры. На Беларусі ў XVI ст. працэс засваення ранняй рыцарскай традыцыі - прыгадаем, што статуты строга абавязвалі шляхту ўдзельнічаць у войнах - зліваўся з яе свецкім пераасэнсаваннем пад уплывам новых ідэй еўрапейскай этыкі. Не трэба спецыяльна спыняцца на адной з самых папулярных забаў рыцараў-прыдворных - паляванні, якое апісана ў яркіх, вобразных радках паэмы М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Дастаткова абмежавацца некаторымі лічбамі вельмі красамоўнай статыстыкі: вядома, напрыклад, што ў 1546 г. 223 дні былі праведзены віленскім дваром Жыгімонта Аўгуста менавіта на паляваннях. Прыдворныя захапленні, безумоўна, знаходзілі адбітак у мастацтве. Невыпадкова сярод твораў Антона Вэйдэ з Цюрынгіі, апалагета стылю Кранахаў, што ў сярэдзіне XVI ст. працаваў у Вільні, дакументы называюць «Паляванне на зуброў» (1545 г.). Твор, на жаль, не захаваўся. Абласканы ўвагаю ўплывовых заказчыкаў, сярод якіх сустракаем сваяка Ягелонаў, колішняга ініцыятара запрашэння ў Кралявец Скарыны, Альбрэхта Прускага, А. Вэйдэ быў таксама аўтарам напісанай, магчыма, з натуры карціны «Турнір рыцараў» (1546).

Рыцарскія турніры, наладжаныя ў поўнай адпаведнасці з класічнымі еўрапейскімі правіламі, карысталіся асаблівай папулярнасцю ў Вільні ў 1540-я гады, калі адбылося адраджэнне прыдворнага віленскага асяродка i свецкага жыцця на велікакняскім двары, пэўны час перад тым занядбаным сваімі гаспадарамі. Балі, маскарады, канцэрты, паляванні і, безумоўна, турніры, зрабіліся асабліва частымі пасля смерці першай жонкі Жыгімонта Аўгуста ў чэрвені 1545 г. Паводле звестак польскага даследчыка Л. Калянкоўскага, які прысвяціў манаграфічнае даследаванне дзейнасці Жыгімонта Аўгуста да ЯГО ўзыходжання на польскі трон у 1548 г., самымі выдатнымі за гэты перыяд былі два турніры. Першы з ix адбыўся пад час шыкоўнага прыёму, наладжанага ў гонар герцага Альбрэхта ў сакавіку 1546 г., калі цвіком праграмы быў турнірны міжбой літоўскага крайчага Габрыэля Тарлы з прускім паслом Легендорфам. Але ўражанне ад гэтага прыёму пераўзышло свята 22 лютага 1547 г., якое суправаджалася гусарскімі спаборніцтвамі, штурмам штучнага замка i турнірам, на якім сам вялікі князь сышоўся ў паядынку са сваім падчашым Лігензам. Адметнай дэталлю, характэрнай для нораваў эпохі, быў удзел у турніры, апранутай у даспехі, віленскай публічнай дзеўкі Сафіі Доўгай, якая за пэўную ўзнагароду змагалася ў жартоўным баі з панамі Гербутам i Лашчам. Праўда, турнір яшчэ доўгі час захоўваў значэнне вайсковага практыкавання. Нават у XVIII ст. у «ваеннай акадэміі», заснаванай Міхаілам Казімірам Радзівілам у Нясвіжы (1747 г.), паводле прыкладу саксонскіх вучэльняў, кадэты - дзеці навакольнай шляхты - не толькі атрымлівалі класічную адукацыю, выступалі ў тэатры i г. д., але i ўдзельнічалі ў турнірах. Такім чынам, прыгожыя i гераічныя звычкі сярэднявечча заставаліся важнай складанай часткай шляхецкай ментальнасці.

У еўрапейскіх краінах да рыцарскага саслоўя звычайна належалі людзі з радаслоўнай, за рэдкім выключэннем, калі прывілеі атрымлівалі выключна за ваенныя подзвігі. I на Беларусі ў XV - XVII стст. нашчадкам Гедыміна i Рурыка даводзілася саступаць месца маладой служылай знаці. Пры гэтым адсутнасць сапраўдных славутых продкаў новая знаць кампенсавала, звяртаючыся да самай фантастычнай міфатворчасці. Ідэя пошукаў старажытных каранёў беларуска-літоўскай шляхты санкцыянавалася на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі. У «Хроніцы Вялікага княства Літоўскага i Жамойцкага» чытаем, як «княжна римское, Палямон, Неронов повинный, зобравшися з жоною и детми, своими а поддаными,.. з которым было о пятьсот от шляхты римской» перасяліўся ў Літву. Апіраючыся на паданне, больш уплывовыя i старажытныя сем'і выводзілі сваё паходжанне ад гэтых рымскіх нобіляў ці ад самога Палямона, як можна бачыць на генеалагічным дрэве князёў Палубінскіх, гравіраваным у 1675 г. А. Тарасевічам. З Палямонам звязвалі сябе таксама Радзівілы i некаторыя іншыя знатныя сем'і, але сустракаліся i арыгінальныя радаводы. Напрыклад, род Пацаў, які перажыў свой росквіт у XVII ст., калі яго прадстаўнікі сапернічалі ва ўплыве на дзяржаўную палітыку з Сапегамі i Радзівіламі, паводле сямейнага падання, лічыўся звязаным сваяцтвам са славутымі фларэнційскімі Пацы. (Да XVIII ст. на Беларусі склалася парадаксальнае становішча, калі шляхціцам быў амаль кожны дзесяты жыхар.) З цягам часу колькасць кандыдатаў у шляхту ўзрастала. Усё часцей радаслоўныя падрабляліся, так што нават сеймавая канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1646 г. забараніла фальшыўкі, якія, у прыватнасці, пасля паходаў Лжэдзмітрыя на Маскву нярэдка выводзілі паходжанне нашых гераічных кандацьераў нават ад маскоўскіх цароў.

Некалькі слоў хочацца сказаць пра адносіны мужчыны-воіна да сваёй абранніцы - жанчыны. У галоўным яе становішча падобнае да таго, у якім знаходзілася дама еўрапейскага рыцара: ёй нярэдка даводзілася заставацца на адзіноце. У Вялікім княстве Літоўскім XVI ст. неабходнасць часта пакідаць сям'ю была абумоўлена палітычнай нестабільнасцю на дзяржаўных межах i спецыфікай арганізацыі вайсковай службы. У такіх умовах сацыяльная роля жанчыны ацэньвалася грамадствам вельмі высока: менавіта на яе ў адсутнасць мужчыны клаліся абавязкі не толькі па выхаванні нашчадка роду, але i па кіраўніцтве ўсёй гаспадаркай.

Зорачка! Ты захавалася ў сузор'і

Слуцкім адзіная

Першая паміж літоўскімі славай ярчэйшая

дачка...

Хіба ты меней рыцар, чым ганарлівы

муж твой магутны?

У гэтай эпітафіі С. Рысінскага апошняй слуцкай князёўне Сафіі Алелькаўне яскрава адбіўся піетэт беларускага грамадства перад мужнымі i энергічнымі жанчынамі, якіх бурлівы час i грамадская структура Беларусі XVI ст. выводзілі на авансцэну айчыннай гісторыі. Заканамерна, што правы жанчын падрабязна разгледжаны i ў артыкулах трох Статутаў Вялікага княства Літоўскага.

Розніца паміж сапраўдным жыццём i свецкім тонам размовы пра яго або выяўленнем у творах мастацтва i літаратуры XVI-XVII стст. відавочная. Але i ў XVII-XVIII стст. у асяроддзі беларуска-літоўскай шляхты застаюцца жыць ідэалы рыцарскай эпохі, упрыгожаныя вобразамі з антычнай міфалогіі.

У гэтым сэнсе варта азнаёміцца з карэспандэнцыяй нясвіжскай «Мельпамены» Уршулі Вішнявецкай з яе мужам. Багата сведчанняў вернасці шляхецкага саслоўя этычным каштоўнасцям, усталяваным у стагоддзі фармавання еўрапейскага дваранства - рыцарскія стагоддзі, - мы знойдзем у мастацтве i літаратуры (асабліва дзённіках i панегірыках) XVII - XVIII стст.

Аляксей Хадыка, pawet.net

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях