18 октября 2018, четверг, 2:28
Нам нужна ваша помощь
Рубрики

Язэп Драздовіч, якім яго ведаюць на Глыбоччыне

Маршрут на малую радзіму вялiкага мастака.

Гэта зараз мы бачым помнік яму так часта на ўваходзе ў Траецкае прадмесце, але гадоў 70 таму яго ведалі толькі там, дзе ён вандраваў у пошуках працы і прытулку. Мы адправіліся на Глыбоччыну, малую радзіму мастака, каб даведацца, якім там дагэтуль памятаюць Язэпа Драздовіча, пiша planetabelarus.by.

Фота: planetabelarus.by

Пунькі на Галубіцкай пушчы

Драздовіч нарадзіўся ў 1888 годзе ў Дзісенскім павеце. У дзённіку мастак часта ўспамінае «яго Дзісеншчыну». Сёння тэрыторыю былога павета займае Глыбоцкі раён, часткова Шаркаўшчынскі, Міёрскі і Докшыцкі.

Сярод шматлікіх замалёвак Дзісеншчыны ёсць у Драздовіча і некалькі малюнкаў засценка Пунькі, дзе ён нарадзіўся.

Фота: planetabelarus.by

Засценкам раней называлі паселішча накшталт хутара, якое здавалася ў арэнду дробнай шляхце. Да такіх збяднелых шляхцічаў належаў і бацька Драздовіча. Калі нарадзіўся Язэп, сям’я арэндавала Пунькі за 30 кіламетраў ад Глыбокага, побач з пасёлкам Падсвілле.

Фота: planetabelarus.by

Сёння ад засценка, які намаляваў Драздовіч, нічога не засталося. Будынкі даўно разбураныя, месца здзічэла і зарасло. Толькі па старому дубу ды калодзежнай яме можна зразумець, дзе раней стаяла хата. Але ў суседняй вёсцы Падсвілле захоўваецца падцверджанне таго, што Драздовіч нарадзіўся менавіта ў гэтым месцы.

— Гэтую шыльду «Пунькі на Галубіцкай пушчы, нарадзіўся ў 1888 г. Язэп Нарцысавіч Драздовіч» мастак сам напісаў за некалькі гадоў да смерці і падараваў тагачаснаму ўладальніку засценка. Як ведаў, што яго творчасцю яшчэ зацікавяцца і пакідаў сляды — расказвае нам Таццяна Пасюк, спэцыяліст падсвільскага школьнага музея, прысвечанага Драздовічу.

Фота: planetabelarus.by

Непасрэдна ў Пуньках Язэп пражыў толькі пару гадоў. Хлопчыку споўнілася два, калі памёр яго бацька. Маці засталася адна з шасцю дзецьмі. З гэтага часу і пачалося бясконцае вандраванне Драздовіча, бо сям’я не раз мяняла хаты ў ваколіцах Галубіцкай пушчы.

Драздовіч скончыў Віленскую школу малявання, жыў у Вільні, Навагрудку, Менску, але заўсёды вяртаўся на Дзісеншчыну. Працаваў недалёка ад вёскі Германавічы (Шаркаўшчынскі раён), дзе сёння таксама ёсць прысвечаны яму музей. Там стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатр.

У вёсцы Сталіца спрабаваў адкрыць беларускамоўную школу. У Глыбокім выкладаў маляванне, зараз Глыбоцкая мастацкая школа носіць яго імя. Пракрочыўшы тысячы кіламетраў, убачыўшы сотні гарадоў і мястэчак, у 1935 годзе, калі яму ўжо споўнілася 47 гадоў, ён у каторы раз вярнуўся на родную Дзісеншчыну.

«Тут усе яго яшчэ памяталі»

Музей Драздовіча ў вёсцы Падсвілле распачаў працу ў пачатку 1990-ых гадоў. Збіраць звесткі было няцяжка: мастака ўсе ведалі. Ён стала жыў на Дзісеншчыне з 1930-х да самай смерці ў 1954-м. Гэта быў нялёгкі пэрыяд у жыцці Язэпа. Ён не мог знайсці працу, не меў дома, таму хадзіў ад вёскі да вёскі і прапаноўваў намаляваць карціны і дываны, часцей за ўсё за ежу і прытулак.

 — Тут побач ёсць вёскі Ліпляны і Давыдкі, якраз каля Пунек. Зараз там ужо мала людзей засталося, а так усе жыхары Драздовіча ведалі. Да нас пенсіянеры часта заходзілі, расказвалі пра яго,  — дзеліцца Таццяна Пасюк.

Фота: planetabelarus.by

У школьным музеі Падсвілля захоўваюцца чатыры дываны і дзве карціны Драздовіча

А ўзгадвалі  Драздовіча высокім, статным, з доўгай барадой. Ён сярод усіх выдзяляўся як сапраўдны шляхціч. Хадзіў з кіем, у вышытай кашулі, паліто ды з такой драўлянай збітай скрыняй для карцін ці торбай.

 — Але гэта ўжо зараз гаворым пра яго з захапленнем. Пры жыцці яго ўсе лічылі дзіваком. Ён мог з ручайком паразмаўляць, стаяў падоўгу ды на дрэвы глядзеў, як быццам выглядаў што. Так і не ажаніўся, хоць тут жанчына адна расказвала, што заляцаўся да яе,  — распавядае Мар’ян Місевіч, жыхар вёскі Падсвілле.

Фота: planetabelarus.by

Мар’ян рос у Ліплянах. Яму было каля 6 гадоў, калі ён сустрэўся з Драздовічам. Мастак маляваў карціну ў суседнім доме і некалькі дзён там жыў.

 — Нас Драздовічам часам нават пужалі, гаварылі, што прыйдзе і забярэ ў сваю торбу. Ён, відаць, як скончыў карціну для суседа, далей пайшоў і па дарозе нам у вакно пагрукаў. А мы з братам былі адны. Як убачылі ў вакне высокага барадатага мужчыну, закрычалі і схаваліся пад ложак, — смяецца Мар’ян.

Фота: planetabelarus.by

Асноўным заробкам Драздовіча ў апошнія гады жыцця былі дываны, малюнкі на тканіне, якія вешалі на сцяну, звычайна каля ложка. Такія ўпрыгожванні сталі папулярнымі ў Віцебскай вобласці. Нават мода была, каб кожная нявеста мела ў пасаг хоць адзін дыванок.

Драздовіч значна больш любіў карціны, працу з дыванамі ён лічыў надакучлівай, хоць і займаўся ёй гадамі. У дзённіку ён піша пра дываны: «… Людзям даю. Хай набіраюцца густу да прыгожага. Хай узгадоўваюць у сабе пачуццё эстэтыкі. А для мяне пры маіх цяжкіх матэрыяльных варунках — анічога. Нават абуўя няма за што справіць».

Фота: planetabelarus.by

Хаты беларусаў пры жыцці мастака выглядалі бедна, дываны заказвалі, каб іх трохі ўпрыгожыць. Але шмат плаціць за прыгажосць былі не гатовыя. У дзённіку мастак падводзіць падрахунак за вясну 1934 году:

« … Для Проньчыхі ў Галасуях 1 дыван — 4 злотых; для Ядзькі ў Лазовіках 1 дыван — за пяць аршын кужалю; для Эміліі Янцэвічанкі 1 дыван — за гасьцінства...»

У пасляваенны час Драздовіч жыў вельмі бедна. Пакутаваў ад голаду, холаду і хваробаў. У 1954 годзе, калі яму было 65 гадоў, беспрытомнага Язэпа падабралі на дарозе і адвезлі ў бальніцу ў Падсвілле, дзе ён і памёр. Яго пахавалі недалёка ад родных Пунек на могілках у Ліплянах. 

Фота: planetabelarus.by

«Насілі ў дыванах  дровы, траву, падсцілалі пад ногі»

Творчасьцю Язэпа Драздовіча актыўна зацікавіліся прыкладна праз 25 гадоў пасля яго смерці. Маладыя мінскія мастакі арганізавалі выстаўку яго твораў у 1979 годзе. Прафесійна напісаныя карціны, арыгінальнасць і касмічная тэма зацікавіла публіку.

Сярод арганізатараў выставы быў мастак Аляксей Марачкін. Ён адзін з тых, хто асабліва шмат зрабіў для захавання спадчыны Драздовіча, бо сам пайшоў па шляху мастака, стаў грукаць у хаты і шукаць працы дзядзькі Язэпа.

 — Мясцовы лекар, які яшчэ ведаў Драздовіча, расказаў пра яго Марачкіну. Той зацікавіў мяне. Так усё жыццё гэтай тэмай і займаюся, — расказвае Ада Райчонак, стваральніца музея Драздовіча ў Германавічах, дзе зараз захоўваецца каля 30 карцін і дываноў мастака.

У 1982 годзе на магіле мастака нарэшце з’явіўся помнік. Грошы на яго сабралі мастакі з Мінска, якія потым цэлай дэлегацыяй прыехалі ў Ліпляны.

Фота: planetabelarus.by

На той момант працы Драздовіча выцвілі, з’явіліся дываны з крамаў, і старыя карціны земляка згубілі актуальнасьць.

— Позна мы ўзяліся. Людзі каштоўнасці гэтых карцін і дываноў не разумелі. Насілі ў іх дровы, траву, падсцілалі пад ногі, — расказвае Ада Райчонак.

Фота: planetabelarus.by

— У мужчыны аднаго вісела карціна, ён сказаў, купіце мне дыван які, каб пуста на сцяне не было і забірайце, — дзеліцца Таццяна Пасюк з падсвільскага музею. — А нядаўна жанчына паабяцала падарыць музею дыван. Ды ён жа стары, брудны, як такі аддаваць? Вырашыла памыць спачатку, амаль увесь малюнак і змыўся.

Мар’ян Місевіч таксама ўспомніў, як у дзяцінстве яго напужаў Драздовіч, і пайшоў у суседнюю хату, дзе мастак працаваў некалькі дзён, пытацца, ці захавалася карціна.

— Абшукалі ўвесь дом, так і не знайшлі. Не здагадаўся я запытацца, можа, на гары дзе валяецца. Але ўсё ж знайшоў у мясцовага настаўніка кавалак дывана, які Драздовіч маляваў для яго бацькоў, — расказвае Мар’ян.

Фота: planetabelarus.by

Маршрут на малую радзіму Драздовіча

Не злічыць, колькі людзей пасля зацікавілася складаным лёсам Язэпа Драздовіча і яго творчасцю. Многія яго знаёмыя з Дзісеншчыны напісалі артыкулы і ўспаміны, якія ўвайшлі ў вялізную кнігу Міхася Казлоўскага «Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак».

Фота: planetabelarus.by

Мастак Эдуард Мацюшонак з Глыбокага стварыў выставу, прысвечаную Драздовічу. У Глыбокім дагэтуль робяць дываны-маляванкі. Святлана Скавырка, загадчык глыбоцкага Дома рамёстваў, ужо некалькі гадоў распісвае дываны.

Фота: planetabelarus.by

— Такія дываны часцей пісалі мастакі-аматары, а Драздовіч меў адукацыю, быў прафесіяналам. Маляваць, як нашы прабабулі, якія вучыліся самі, у мяне ўжо, можа, і не атрымаецца, а творчасць Драздовіча мне зразумелая, таму я на яго раўняюся ў першую чаргу, — заўважае Святлана.

Для шэсцяў у Глыбокім стварылі нават сукенкі-маляванкі з сюжэтамі карцін дзядзькі Язэпа, атрымалася цікавая альтэрнатыва вышыванкам.

На малой радзіме Драздовіча прайшло ўжо 27 прысвечаных яму пленэраў, на якія збіраюцца мастакі з усёй Беларусі. А кожны кастрычнік, у дзень народзінаў Язэпа, да яго магілы з’язджаюцца яго землякі-прыхільнікі, якія потым збіраюцца разам на сядзібе Мар’яна Місевіча і абмяркоўваюць ідэі і планы, звязаныя з мастаком.

Фота: planetabelarus.by

А ідэй, дарэчы, шмат. Мастак Мікола Купава, напрыклад, зьвярнуўся ў Міністэрства культуры з праектам па стварэнню сядзібы-музея Драздовіча ў Пуньках. Мар’ян Місевіч прапаноўвае закласці ліпавую алею ад Пунек да магілы мастака або стварыць маршрут «Драздовіч-Буйніцкі-Быкаў»

— Не так далёка ад Падсьвільля і Пунек вёска Празарокі, дзе нарадзіўся бацька беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі і створаны яго музей, а таксама вёска Бычкі з сядзібай-музеем, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў. У такі маршрут можна ехаць і на ровары, і на машыне, — дзеліцца думкамі Мар’ян Місевіч.

Фота: planetabelarus.by

У краязнаўчым музеі Глыбокага ёсць невялічкая экспазіцыя, прысвечаная Глыбокаму, і бюст мастака на Алеі землякоў. Прыкладна за 30 кіламетраў — Падсвілле з музеем, Пунькі і магіла мастака. Яшчэ далей — Германавічы з музеем, дзе зараз таксама распрацоўваюць невялікі маршрут да Сталіцы, дзе Драздовіч працаваў.

Месцаў і гісторый шмат, але аб’яжджаць іх дастаткова доўга, і цікавы, насычаны маршрут пакуль не атрымліваецца. Зараз да родных мясцін Драздовіча даязджаюць толькі вельмі апантаныя яго творчасцю турысты. Але з часам цікавасць да мастака-вандроўніка расце.