29 марта 2024, пятница, 11:47
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сэканд-хэнд і БРСМ

4
Сэканд-хэнд і БРСМ
Сяргей Чыгрын

Ці ведаеце вы, сябры, якія цяпер у Беларусі самыя папулярныя ў народа крамы?

І я не ведаў да сённяшніх дзён. Пакуль не пачуў ад знаёмых, што самымі папулярнымі ў беларусаў сёння з’яўляюцца сэкандхэндаўскія крамы. Каб не так абразліва было, іх называюць больш “культурна” – “Адзенне з Еўропы”. Яны то з’яўляюцца новыя, то знікаюць у кожным горадзе. Але жыхары Беларусі, асабліва райцэнтраў, сэканд-хэнды добра ведаюць. І там заўсёды людна.

І ўбачыш у сэканд-хэндах не толькі бедны беларускі люд, але і людзей з добрымі заробкамі, адным словам – багатых. Бо ў падобных крамах адзенне і абутак замежны, добрай якасці і даволі танны ў параўнанні з таварам з нашых дзяржаўных крамаў. І людзі не глядзяць, ці яго хто абуваў, апранаў – купляюць усё, што падыходзіць. Найперш купляюць дзецям, падлеткам, купляюць пенсіянеры і тыя, у каго заробак складае да 300 рублёў ($150) у месяц. Бо як можна пражыць на такі заробак, калі, напрыклад, у сям’і двое дзяцей-школьнікаў, а муж і жонка разам атрымліваюць 600-700 рублёў? Ніяк. Вось і шукаюць людзі танныя тавары.

Беларусы добра ведаюць сэкандхэндаўскія крамы: калі яны адчыняюцца, калі ў іх выхадныя дні і, сама галоўнае, у які дзень у гэтых крамах бывае паступленне новага тавару. У гэты дзень людзі нават займаюць чэргі за дзве-тры гадзіны да адкрыцця магазіна. Ёсць спецыяльныя дні: у сераду, напрыклад, паступае адзенне, а ў чацвер, напрыклад, абутак. З адзеннем неяк трохі спакайней, а вось у той дзень, калі паступае ў сэкандхэндаўскую краму абутак – чэргі вялікія. І што цікава, чэргі з самай раніцы займаюць юнакі і дзяўчаты па 5-6 чалавек.

Як толькі адкрываецца магазін, яны забягаюць гурбой туды і хапаюць усё па-парадку, найперш замежныя красоўкі. А потым адыходзяць убок і мераюць іх па чарзе – каму якія падыходзяць, падабаюцца – тыя і купляюць, бяруць па некалькі пар, а потым нават імі гандлююць, прапаноўваючы знаёмым і сябрам. Бо сёння ў сэканд-хэнд паступаюць не толькі ношаныя тавары, але і новыя з Еўропы, якія там праляжалі гадамі і іх ніхто не купіў, таму адпраўляюць тавар на ўсход. І, наогул, абутак у сэкандхэндаўскіх крамах карыстаецца найвялікшым попытам, бо ў звычайных магазінах ён вельмі дарагі. Добры абутак можна толькі купіць за 100 і больш даляраў. Вось і бягуць нашы людзі ў сэканд-хэнд.

Я нават і не ведаю, што сёння робіць БРСМ? І, наогул, што гэта за арганізацыя, чым яна займаецца, якую карысць прыносіць яна людзям і нашай моладзі? А гэтую арганізацыю ўтрымлівае дзяржава і дзяржава выдаткоўвае на яе вялікія грошы. Дык можа лепш кіраўнікам БРСМ паспрабаваць заняцца сэканд-хэндамі. Адкрываць падобныя крамы ці цэнтры і бясплатна раздаваць нашай моладзі абутак, адзенне, адным словам дапамагаць, аказваць гуманітарную дапамогу. Бо што гэта за краіна, калі наша моладзь з самай раніцы займае чэргі, каб купіць сабе красоўкі, чаравікі і боты, абуць іх і бегчы на заняткі ў каледж ці інстытут.

Сяргей Чыгрын, harodniaspring.org

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях