28 марта 2024, четверг, 21:11
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Свята ўсяго трыумфальнага Касцёла

Свята ўсяго трыумфальнага Касцёла

Што вядома пра дзень 1 лістапада.

1 лістапада мы ўзгадваем і ўшаноўваем усіх святых: як вядомых, так і невядомых, піша catholic.by.

Касцёл як містычнае Цела Езуса Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія цяпер жывуць, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць, таму што «Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых» (пар. Мк 12, 27).

Таму мы гаворым пра тры вымярэнні Касцёла: Касцёл пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы.

Касцёл пілігрымуючы, або вандроўны, які таксама называюць «ваюючым» — гэта вернікі, якія, жывучы на гэтым свеце, нібы пілігрымы, ідуць шляхам свайго зямнога вандравання да вечнай нябеснай Айчыны, змагаючыся пры гэтым са спакусамі і такім чынам ваюючы са злом.

Пакутуючы Касцёл — гэта душы памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы. Цысцец — гэта не месца, а стан душаў, якія церпяць ачышчальныя пакуты, каб, падтрыманыя малітвамі жывых вернікаў і святых, яны маглі ачысціцца ад усяго ўчыненага на зямлі зла і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства. Яны пазбаўлены магчымасці маліцца за сябе, але затое могуць маліцца за нас, якія жывем на зямлі.

Трыумфуючы, або пераможны, праслаўлены Касцёл — гэта супольнасць збаўленых святых, якія ўжо сузіраюць Бога тварам у твар і малітвамі падтрымліваюць як тых сваіх братоў, што змагаюцца са злом на зямлі, так і тых, што пакутуюць у чыстцы. Такая агульная малітва адных членаў Касцёла за другіх называецца «супольнасцю святых», веру ў якую мы вызнаем у нашым Сімвале веры.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла гаворыць:

«Мы верым, што мноства душаў, сабраных вакол Езуса і Марыі ў Раі, утвараюць Касцёл на нябёсах, дзе ў вечным шчасці яны сузіраюць Бога такім, які Ён ёсць, і дзе яны таксама <…> разам са святымі анёламі ўдзельнічаюць у Божым Валадарстве, якое здзяйсняе Хрыстус у хвале — заступаючыся за нас, дапамагаючы нашай слабасці сваім братнім клопатам»

(ККК 1053).

Сярод гэтага «мноства душаў», пра якое гаворыць Катэхізіс, некаторых святых мы ведаем па імёнах і ўшаноўваем іх асобна. Усіх жа іншых святых разам з вядомымі нам мы ўшаноўваем менавіта ў гэтай урачыстасці, просячы іх аб братняй заступніцкай малітве за нас, за нашых родных і блізкіх.

Такім чынам, 1 лістапада — гэта свята ўсяго трыумфуючага, пераможнаага, праслаўленага Касцёла ў нябёсах, далучыцца да якога мы імкнемся і які ўшаноўваем на зямлі.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях