29 марта 2024, пятница, 2:55
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Справа БРСМ: школьны дырэктарат разбэшчаны маўчаньнем грамадзтва

2
Справа БРСМ: школьны дырэктарат разбэшчаны маўчаньнем грамадзтва

Нават у такой закрытай прасторы, як школьная адукацыя, зьмяняць штосьці можна. І школьнікі пачалі гэта рабіць самі.

Бачу дзьве супрацьлеглыя рэакцыі людзей у «справе БРСМ». Адзін тэзіс — пра марнасьць «цкаваньня» намесьніцы дырэктаркі 31-й гімназіі Менску, бо так было, ёсьць і доўга будзе, бо такая сыстэма і намесьніца не вінаватая сама па сабе.

Другі аргумэнт варта працытаваць амаль цалкам.

«Ну што, дзеткі-гімназісты. Найніжэйшы вам паклон... Ківач такі калыхнуўся. Зараз па ўсёй краіне на пэднарадах чуваць: «Аёй, ну ня хочуць дзеткі ўступаць у БРСМ, ды і ня трэба ўгаворваць. Гэта ж добраахвотна...».

Натуральна, мы ня можам спраўдзіць, наколькі маштабна па ўсёй краіне адбываюцца пэдагагічныя нарады наконт скандалу з 31-й менскай гімназіяй. Але «па ўсёй» — гэта значыць, што чалавек атрымлівае аднолькавую інфармацыю ад многіх былых калег.

Я веру гэтаму паведамленьню, бо яно ўпісваецца ў філязофію «пэдагагічнай работы» ў Беларусі, як я яе разумею. Прынцыпова нічога не зьмянілася з часоў майго школьніцтва, хіба «ВЛКСМ» замяніўся на «БРСМ». Сутнасьць філязофіі — у гадаваньні ў дзецях згодніцтва зь любым начальствам, зь любой палітыкай улады. Аўтаматычнае, то бок некрытычнае, адабрэньне загадаў. Не абавязкова афіцыйных.

Калі Міністэрства адукацыі ў шоку, калі БРСМ «будзе разьбірацца» — значыць, трэба хістацца разам з «палітыкай партыі». Філязофія згодніцтва не прымае публічных канфліктаў. Магчыма, на нейкі час сапраўды школьнікаў перастануць заганяць у БРСМ. Магчыма, пасьля ўсё вернецца на кругі свае, але відазьменена — прымус будзе хітрэйшы. І тады новыя тэхналёгіі ў руках новых юных грамадзян дадуць грамадзтву новы інсайд — новыя запісы.

Для мяне зразумела, што БРСМ — асабістая забава Лукашэнкі. Ніякай відавочнай карысьці ад яго Лукашэнку няма. Большасьць у ім — занадта маладыя, каб крытычна ацэньваць, што гэта за арганізацыя і навошта яна. Актывісты — канфармісты-кар’ерысты. За камсамолам была канкрэтная камуністычная ідэалёгія, за БРСМ — абстрактная «павага да дзяржавы», чытай — ляяльнасьць да Лукашэнкі. Але ляяльнасьць за бонусы — гэта няпэўная матэрыя. А як бонусы скончацца? Канец ляяльнасьці.

Канец ляяльнасьці мы ўжо бачылі ў 2017 годзе, калі адбыліся пратэсты «дармаедаў». Насамрэч, гэта тая самая гісторыя, што і з БРСМ. Гісторыя пра згоду грамадзтва закрываць вочы на несправядлівасьць з боку дзяржавы. Згоду ў абмен на бонусы.

Розьніца толькі ў тым, што «дармаеды» — дарослыя людзі, а з БРСМам справа больш тонкая: бацькам важней, каб дзіця зь меншымі праблемамі скончыла школу. У адрозьненьне ад дарослых, школьнікі значна больш залежаць ад свайго начальства. Бацькі разумеюць, што калі ўвайсьці ў канфлікт, балы ў атэстаце могуць аказацца заніжаныя — і нічога не дакажаш. Таму маўчаць.

Шматгадовае маўчаньне грамадзтва разбэсьціла многіх школьных начальнікаў і начальніц. Гэта не Лукашэнка іх прымушае павялічваць колькасьць БРСМаўцаў. Таму, калі зьвяртацца да першай спасылкі, дзе аўтар піша пра марнасьць марнасьцяў у спробе штосьці зьмяніць, я кажу сабе, што я згодны зь іншымі. З тымі, хто цьвердзіць, што нават у такой закрытай прасторы, як школьная адукацыя, зьмяняць штосьці можна. І школьнікі пачалі гэта рабіць самі, без дарослых. І далі прыклад іншым.

Чым дарослыя могуць дапамагчы школьнікам? Апроч маральнай падтрымкі, — актыўна распаўсюджваць інфармацыю. Хоць бы той самы ролік, дасланы на Радыё Свабода. І наступныя, калі зьявяцца. І абавязкова публікаваць імёны фігурантаў падобных спраў. Гэта не «цкаваньне» — гэта абарона правоў дзяцей.

Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях