28 марта 2024, четверг, 14:17
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Уладзімір Някляеў: Iгар Лучанок меў глыбока беларускі талент

5
Уладзімір Някляеў: Iгар Лучанок меў глыбока беларускі талент
Уладзімір Някляеў

Музыка Ігара Лучанка будзе гучаць вечна.

Паэт Уладзімір Някляеў успамінае пра Народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка, паведамляе «Радыё Рацыя».

Нагадаем, што кампазітар памёр у Менску позна ўвечары 12 лістапада.

- З Ігарам Лучанком мы пачалі супрацоўнічаць яшчэ ў 70-я гады. Ён ужо быў больш-менш вядомым кампазітарам, а я тады толькі пачынаў працаваць з песнямі з падачы майго кіраўніка семінара ў Літаратурным інстытуце Льва Ашаніна.

Можна ўзгадваць розныя моманты ў нашым жыцці. Часам дзеянні Ігара былі на мяжы паміж рэальнасцю і нерэальнасцю. Фантазіі блукалі ў яго думках. Ён збіраўся жыць на нейкім кургане ў Беларусі, збіраўся з’ехаць у Маскву, куды, па яго словах, клікалі Пахмутава і Кабзон, бо ў Беларусі яму дыхаць не даюць. Але, у рэшце рэшт, сабраўшыся ехаць у Маскву, ён тэлефанаваў мне зранку і казаў: “Паехалі ў Пухавічы”. Там жылі яго бацькі апошнім часам.

- Народ любіў песні Ігара Лучанка…

- Аднойчы мы ехалі ў электрычцы, і ў вагоне ў некага аказаўся гармонік. Ігар узяў яго, пачаў граць. Сабраўся народ, нейкі дзед стаў праз мае рукі сунуць Ігару рубель. Я кажу: «Дзед, адчапіся з грашыма, перад табой жы Народны артыст Ігар Лучанок». А дзед адказаў так: «Я бачу, што Лучанок, а таму і даю рубель. Іншаму не даў бы».

Невыпадкова, што ягоныя песні лічацца не аўтарскімі, а народнымі. Ён меў незвычайны талент меладыста, які нарадзіўся з адчуваннем мелодыкі беларускай мовы. І тое, што ён расчуў мелодыю, якая была закладзена ў вершах Купалы, Коласа і Багдановіча, трэба было мець глыбокі беларускі талент. І Лучанок яго меў.

Што заўгодна можна выдумляць пра яго асабісты лёс і складаныя адносіны з людзьмі, але ёсць адна бясспрэчная рэч – гэта глыбока беларускі талент. І тая фенаменальная з’ява, якая атрымала ў гісторыі сусветнай музыкі назву «Песняры», мае тры складнікі. Першы – беларуская паэзія, як фальклорная так і аўтарская. Другі складнік – Уладзімір Мулявін. Трэці – Ігар Лучанок. Кожны гэты складнік самастойны сам па сабе, і кожны – вялікая з’ява культуры. Але сабраныя ў адным месцы ў адным часе і ў адно цэлае стала проста фенаменальнай з’явай.

Я хацеў бы, каб такія людзі жылі і сёння з намі, бо ў нашым жыцці патрэбна нацыянальная культура, якой можна ганарыцца. Як бы нешта і зараз ёсць, але такіх асобаў і такіх з’яваў, на жаль, ужо няма. Цяжка патлумачыць, чаму так адбываецца, і ад гэтага крыху сумнавата. А весялей тое, што на фізічнай смерці творцы ўсё не заканчаецца. І музыка Ігара Лучанка будзе гучаць вечна.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях