28 марта 2024, четверг, 16:09
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як паўстанцы і этнографы давялі, што беларусы і расіяне – розныя народы

Як паўстанцы і этнографы давялі, што беларусы і расіяне – розныя народы

Чаму нашыя продкі стрымалі ідэйны наступ русіфікатараў.

Як уяўлялі сабе беларусаў-літвінаў расійскія аўтары ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя? З большага, ад моманту захопу беларускіх зямель Расійскай імперыяй пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з нас намагаліся зрабіць людзей другога гатунку.

Расійская палітычная вярхушка ўспрымае ўкраінцаў, беларусаў і расіян як адзін народ. Асабліва адметна, гэтыя палітыкі і культурныя дзеячы — не імперыялісты, не рэакцыянеры, не цемрашалы, гэта зусім цывільныя людзі, некаторыя атрымалі адукацыю ў прэстыжных заходніх універсітэтах. Яны ўпэўненыя, што Расія, Украіна і Беларусь — гэта адна тэрыторыя, «але так гістарычна склалася, што дзве вобласці (Украіна і Беларусь) выдзеліліся ў асобныя дзяржавы. Так бывае. Былі ж дзве нямецкія дзяржавы. Зараз — тры расійскіх дзяржавы: Маларосія, Беларосія і Вялікаросія. Калі-небудзь і гэта пройдзе»… — перакананы галоўны рэдактар «Эха Масквы» Аляксей Венедыктаў.

Тэксты і думкі падобнага зместу апошнім часам часта блукаюць у расійскіх СМІ і палітычнай літаратуры ў сувязі з падзеямі на Украіне. Звяртае на сябе ўвагу тая самаўпэўненасць і публіцыстычная лёгкасць, з якой аўтар праводзіць аналогіі і гістарычныя паралелі паміж нямецкімі і «расійскімі» дзяржавамі: «Так бывае… Калі-небудзь і гэта пройдзе». Беларусь і Украіна як дзяржавы для Венедыктава, як і наогул для Крамля і расійскай палітычнай эліты, — гэта гістарычнае непаразуменне.

Заўважым, што Адольф Гітлер у свой час лічыў і Аўстрыю часткай Германіі, і гэта было дастатковай падставай, каб далучыць яе да Германскага Рэйха.

Такога кшталту непаразуменні і парадоксы з’явіліся не сёння. Яны сустракаліся ў расійскім друку і сотню гадоў таму. Сітуацыя ва Украіне і паспешнае далучэнне Крыма агалілі старыя праблемы і паказалі цану імперскіх ідэалагем аб Вялікай Русі і трох брацкіх народах, якія тая нібыта «з’яднала навекі».

Адначасна тут узнікае мноства пытанняў. Адно з іх — што гэта за народы-этнасы — рускія, украінцы і беларусы, аб паходжанні і ментальнасці якіх спрачаюцца навукоўцы і палітыкі вось ужо на працягу болей за два стагоддзі з часоў падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння тагачаснай Літвы (ВКЛ) да Расійскай імперыі?

Рэлігія і мова

Асноўным крытэрам этнічнай ідэнтыфікацыі мясцовага насельніцтва пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі была рэлігія: усе каталікі і грэка-каталікі (уніяты) лічыліся палякамі, а праваслаўныя — рускімі. У той час гэта быў свайго роду кампраміс паміж заходняй і ўсходняй (расійскай) цывілізацыйнымі плынямі — хаця ён і не адпавядаў еўрапейскім стандартам, навуковым крытэрам нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Да грэка-каталікоў (уніятаў) адразу пасля падзелаў яшчэ не было адкрытай і трывала вызначанай афіцыйнай пазіцыі. Лагічна было называць іх, па старой памяці, літвінамі. Але ж гэта супярэчыла імперскай ідэалогіі заходнерусізму, якая не прызнавала беларусаў-літвінаў за самастойны народ.

Пасля скасавання ўніяцкай царквы і пераводу масы сялянства, а часткова і дробнай шляхты ў «рускую веру», большасць насельніцтва Беларусі была гвалтоўна аднесена да рускай народнасці.

Пасля паўстання 1863 года разам з узмацненнем русіфікацыі і змены этнасацыяльнай палітыкі ў бок саступак сялянству асноўным крытэрам этнічнай ідэнтыфікацыі станавілася не рэлігія, а мова.

Менавіта ў гэты час польская мова, паводле царскага ўказа, была забаронена ў афіцыйным ужытку і сістэме адукацыі, адзінай дзяржаўнай мовай прызнавалася руская. Такім чынам русіфікацыя распаўсюджвалася на сялян-каталікоў і дробную шляхту — усіх, хто размаўляў на мясцовым беларускім «наречии».

Мова як ідэалогія

Выхадзец з мясцовага ўніяцкага асяроддзя Павел Баброўскі звяртаў асобую ўвагу на мясцовы фальклор і родную мову, якую лічыў асноўным паказчыкам, «які адрознівае адзін народ ад другога, бо мова — нібы родавы герб, што перадаецца народу ў спадчыну ад яго продкаў, яна з’яўляецца люстэркам, у якім выразна адбіваецца яго характар, мараль і нават цэлая гісторыя краю; мова жыве з народам, разам з ім развіваецца і памірае».

Аднак ідэалагічны падтэкст разважанняў аўтара не дазволіў яму быць паслядоўным. Ігнаруючы іншыя характэрныя адзнакі этнічнай прыналежнасці, у прыватнасці, нацыянальную самасвядомасць, радавод і сямейнае паходжанне, аўтар залічыў да рускага народа ўсіх тутэйшых сялян (у тым ліку і каталікоў), якія размаўлялі па-беларуску, а каталіцкую шляхту і невялікую частку мяшчан, што размаўлялі па-польску, аднёс да палякаў.

Гэта якраз і было ўвасабленнем ідэалагічнай канцэпцыі заходнерусізму на практыцы. Такога кшталту метадалагічныя (дакладней, ідэалагічныя) падыходы шырока ўжываліся ў гістарычных і этнаграфічных працах другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. З-за гэтага нярэдка стваралася сітуацыя абсурду: сваякі, чальцы адной сям’і (родныя браты, адзін — каталік, другі — праваслаўны) афіцыйна станавіліся прадстаўнікамі розных нацый!

У шматлікіх публікацыях, якія знаёмілі расійскую грамадскасць з Беларуссю, стала фігуруе зыходны пастулат аб адзінай зямлі Рускай, што складаецца з трох частак: Вялікай Русі (або Вялікаросіі), Малай Русі (Маларосіі) і Белай Русі (Беларусіі).

У папулярнай кнізе «Сярод балот і лясоў», выдадзенай у пачатку ХХ стагоддзя (аўтар М. Гуленка) чытаем: «Рускі народ падзяляюць на тры сям’і — вялікарусаў, маларосаў і беларусаў… Размаўляюць яны ўсе па-руску, але на трох розных дыялектах (літаральна — «наречиях»)». І далей: «Больш за сто гадоў таму ўся Беларусь зноў была вернутая Расіі».

«По наружности…»

Зыходзячы з ідэалагічнай канцэпцыі заходнерусізму, расійскія аўтары падкрэслівалі адзінства Русі і яе славянскага народа — вялікарусаў, беларусаў, маларосаў. Аднак, калі гаворка заходзіла пра канкрэтны вобраз (тыпаж) беларуса і яго духоўны склад, дык тыя ж аўтары малявалі тып беларуса, які прыкметна адрозніваўся ад «велікаруса».

Каб захаваць дакументальнасць падачы, некаторыя тэксты расійскіх аўтараў прывядзём у арыгінале.

Р. Папоў у «Чытаннях для войск і народа» (1879) піша: «Даже по самой наружности своей белорусы во многом отличаются от великорусов и малороссов. Белорусы по большей части среднего роста, часто и того менее, приземисты, одутловаты с лица, которое всегда круглое, часто без бороды, вообще жидкобороды и имеют обыкновенно глаза серые и волосы русые. В 40, много 50 лет белорус выглядит совершенным стариком, особенно женщины, которые стареют весьма рано, хотя в молодости многие из них отличаются и свежестью и красотою».

Папоў паўтарае тое, што пісаў А.М. Семянтоўскі ў кнізе «Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні» (1872). Такое ж вызначэнне этнаграфічнага тыпу беларуса праходзіць і праз шэраг афіцыйных выданняў з грыфам «Разрешено цензурой». Паўтараецца яно і ў артыкуле «Беларусы» вядомага энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона: «По наружности белорус резко отличается от великоруса. Он редко бывает более среднего роста, а часто менее; скорее приземист, чем строен; одутловат; волоса русые; глаза малооткрытые, как бы вдавленные, чаще всего серые; лицо круглое. В 40, много в 50 лет белорус выглядывает совершенным стариком…»

Падобны ці блізкі да яго антрапалагічны тып беларуса з «мастацкім ухілам» і суб’ектыўнымі (асабістымі) эмацыйнымі ацэнкамі, малюе аўтар брашуры Е.Э. Сно «У балотах Палесся». «Белорус, — піша ён, — нисколько не похож на своего родного брата — великоруса. Перед нами — маленький человечек с белокурыми волосами, светлыми глазами, с бледным маловыразительным лицом, оттененным жиденькой бородкой. Этот тщедушный человек представляет полную противоположность сильной, коренастой фигуре великоросса; также и лицо его, добродушное, с робким взглядом, не похоже на лицо великоросса, выражающее большей частью степенное достоинство».

Далей аўтар са спагадай апісвае бедную хату селяніна, яго сціплы побыт і харчаванне. Аднак яго аповед пра незайздросную долю беларуса нярэдка набывае характар гратэску: «Стены (в доме) окружены лавками, сделанными очень неумело, часто кривоногими… У белорусов нет никаких способностей к ремеслам, и это отзывается на всем его хозяйстве. В этом отношении белорус также не похож на великоросса, который, как говорится, — «на все руки мастер».

Гаротны стан мясцовых сялян, беднасць, забітасць, абыякавасць да жыццёвых абставін прыхільнікі афіцыйнай школы заходнерусізму вытлумачвалі цяжкім гістарычным мінулым беларускага народа, які доўга трываў пад гнётам Літвы і панскай Польшчы.

Тут варта нагадаць, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі прайшло больш за стагоддзе. А эканамічнае становішча мясцовага працоўнага люду, яго паўсядзённы ўклад (калі зыходзіць з гэтых натуралістычных апісанняў) нібы засталіся на першабытным узроўні.

Пан сахі і касы

Экстрапаляцыя ідэалогіі заходнерусізму, як і іншых вялікадзяржаўных канцэпцый, на гуманітарныя навукі была жорсткім цэнзурным патрабаваннем для даследчыкаў гісторыі, мясцовай этнаграфіі, вусна-паэтычнай творчасці. Як ні дзіўна, падобная формула захоўвалася на працягу многіх дзесяцігоддзяў, у тым ліку і ў савецкую эпоху.

Але ад «афіцыйна-цэнзурнага» вобразу беларуса адрозніваюцца краязнаўчыя нататкі тых, хто жыў сярод народа і меў магчымасць непасрэдна назіраць паўсядзённы побыт жыхароў, працоўны і святочны рытм жыцця, паводзіны ў розных жыццёвых сітуацыях, духоўныя памкненні, інтарэсы, звычаі. Іван Эрэміч бачыў у экзатычных абразках Палесся, у немудрагелістым і практычна вывераным ладзе жыцця беларуса-палешука, як і ў спосабах уладкавання культурнага асяродку, манеры апранацца і інш., рацыянальны кансерватызм і мэтазгоднасць, адвечную гармонію мясцовых жыхароў і прыроды. «Стагоддзі праляцелі над імі, амаль не закрануўшы іх сваім разбуральным крылом. І ў вядзенні дамашняй гаспадаркі, і ў будаўніцтве хаты, і ў мове, і нават у правах і звычаях — усё ідзе так, як гэта было ў часы дахрысціянскія».

Аўтар з цеплынёй узнаўляе духоўны склад палешука, надзяляе яго лепшымі маральнымі якасцямі. «Паляшук, — піша ён, — істота даволі добрая, адкрытая, паслухмяная, удзячная, цнатлівая, цярплівая, працалюбівая. Паляшук вельмі рэдка наносіць крыўду, яшчэ радзей помніць яе… Ён падзеліцца з бедным апошнім кавалкам свайго чорнага хлеба… У выпадку цяжкасці жыццёвай ношы, вы не пачуеце ад палешука ні папрокаў, ні стогнаў. Цярплівасць, з якой ён нясе крыж свой, унікальная… Працавітасці палескага прасталюдзіна нельга не надзівіцца. Ён працуе не толькі з ранку да вечара, але і раніцай, і вечарам, і нават уначы».

Нават дзіўна, што праца І. Эрэміча была надрукавана ў часопісе «Вестник Западной России» (1867), які зусім не славіўся дэмакратычнымі традыцыямі.

Не менш пераканаўча і праўдзіва, хоць і з прыязным гумарам, падае замалёўкі этнаграфічнага тыпу беларусаў-літвінаў, карэнных жыхароў міжрэчча Сожа і Дзясны, Марына Косіч. Яна звяртае ўвагу на багацце і непаўторную архаіку вусна-паэтычнай творчасці, народны характар і этнічную псіхалогію, пластычнасць і вобразнасць мыслення, адаптацыю да існуючай этнасацыяльнай рэчаіснасці. «Літвін, — піша яна, — з выгляду непаваротлівы, рухі яго замаруджаны, ходзіць, «як пень праз калоду», непрадпрымальны, бестурботны, аднак пры неабходнасці працуе шмат для свайго пражытку. А як толькі міне крайняя патрэба, заўсёды лічыць за лепшае пагуляць, чым шукаць заробкаў». Аднак жа на падзёншчыне, заўважае Косіч, літвін робіць «абы як, цяп-ляп», «робе і паглядае, як вол з-пад ярма; цюкне разоў паўдзісятка, ды барджэй люльку ў зубы».

Шмат увагі яна надае звычаям і абрадам, дапасаваным да каляндарных свят, народным песням і аўтэнтычным мясцовым гаворкам. «Змусьце беларускую жанчыну, — піша яна, — расказаць што-небудзь, услухайцеся ў гэтую мову, і вы знойдзеце ў ёй своеасаблівую мяккасць і лёгкасць гукавых спалучэнняў».

Аналагічныя характарыстыкі беларусаў мы сустракаем у П. Баброўскага, М. Без-Карніловіча, М. Дамантовіча, Р. Эркерта і іншых расійскіх аўтараў. М. Дамантовіч вылучаў чарнігаўскага літвіна ў асобы этнаграфічны тып, што складае «супрацьлегласць стэпавіку», жыхару паўднёвай часткі губерні. Ён адзначае незвычайную вынослівасць мясцовага літвіна ў экстрэмальных сітуацыях, кемлівасць, хітрасць, мудрагелістасць у адказах, суровасць і «апатычную бестурботнасць».

Мінула паўтара стагоддзя — час немалы нават па гістарычных мерках, аднак цяпер з вуснаў расійскіх палітычных і культурных дзеячаў зноў гучаць словы пра ўкраінцаў, беларусаў і расіян як адзін народ, нібыта гістарычна з’яднаны навекі — тэзы, што не адпавядала навуковым крытэрам нацыянальнай ідэнтыфікацыі яшчэ стагоддзі таму.

Віктар Цітоў, «Новы Час»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях