14 декабря 2018, пятница, 11:53
Спасибо вам
Рубрики

Як віцябляне перамаглі АЭС

2

Меў рацыю папа Ян Павал II, калі казаў – «Ня бойцеся!».

Трыццаць гадоў таму грамадзкасьці Віцебска ўдалося спыніць будаўніцтва атамнай станцыі.

Аднойчы Алесь Адамовіч, які ў ліку першых пачаў грымець у чарнобыльскія званы, распавёў мне, як пасьля аварыі на ЧАЭС старшыня Савету міністраў СССР Мікалай Рыжкоў завяршыў нейкую нараду словамі ўдзячнасьці беларусам: «Пагутарыш з украінцамі – і адчуваеш сябе як выціснуты лімон: аднаго ў іх не хапае, другога, тое ім дай, гэтае падкінь. Бясконцыя прэтэнзіі і патрабаваньні. Іншая справа – беларусы: сказалі, нам нічога ня трэба, з Чарнобылем самі справімся!»

І ўсё ж, саюзны прэм’ер перабольшыў альтруізм кіраўнікоў БССР: тое-сёе яны ў Масквы папрасілі.

А менавіта – атамную станцыю.

Праз год пасьля Чарнобылю.

У 1987 годзе была прынятая Пастанова ЦК КПСС і Савету міністраў СССР ад 1 ліпеня і сумесная пастанова ЦК КПБ, Саўміну БССР і Мінэнэрга СССР ад 26 жніўня аб будаўніцтве Беларускай АЭС.

«У мэтах забесьпячэньня ўводу ў дзейнасьць у чатырнаццатай пяцігодцы магутнасцей на Беларускай АЭС даручыць Дзяржпляну БССР і Галоўнаму вытворчаму ўпраўленьню энэргетыкі і электрыфікацыі Беларускай ССР прыняць меры для паскарэньня вышукальных работ і выбару пляцоўкі для будаўніцтва гэтай станцыі» – прадпісвала пастанова.

Пасьля вывучэньня некалькіх варыянтаў праекціроўшчыкі спыніліся на Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці. Праектныя работы ажыцьцяўла кіеўскае адзьдзяленьне інстытуту «Атамэнэргапраект».

Чаму нельга было будаваць атамную станцыю

Уласна, падзагаловак гэтага разьдзелу мусіў бы быць крыху іншым, без «было»: «Чаму нельга будаваць АЭС увогуле». Бо, як і трыццаць гадоў таму, я застаюся перакананым праціўнікам атамнай энэргетыкі, і ўзьвядзеньне Астравецкай АЭС лічу памылкай (дай Бог, каб памылка гэтая не зрабілася катастрафічнай).

Але вернемся ў 1988 год.

Тэкст пастановы я, тады карэспандэнт газэты «Віцебскі рабочы», раздабыў пазьней, а ў ліпені 1988-га толькі даведаўся, што АЭС зьбіраюцца будаваць, і намеры гэтыя самыя сур’ёзныя, і ўжо нібыта бачылі вышукальнікаў-праекціроўшчыкаў у розных месцах Гарадоцкага раёну (агулам, вывучалася 28 пляцовак).

За адну ноч напісаў артыкул «Мяжа» – паводле назвы адной з вёсак, каля якой сьвідравалі зямлю атамшчыкі.

Аргумэнтацыя была наступная.

Па-першае, фактар экалягічны: на Беларускай АЭС плянавалася ўсталяваць такія ж рэактары, якія былі і на Чарнобыльскай (хаця і мадыфікаваныя), а значыць, над Віцебскам, як і над усёй Беларусьсю, павісьне пагроза новай катастрофы. Але нават і без такой пагрозы АЭС сама па сабе – гэта бомба пад будучыя пакаленьні па той простай прычыне, што ня знойдзеныя спосабы поўнай утылізацыі ядзерных адходаў, якія выпрацоўваюцца ў выніку дзейнасьці атамнай электрастанцыі (у дужках заўважу, што сытуацыя засталася такая ж, якой яна была і ў 1988 годзе. Так што за Астравецкую АЭС давядзецца расплачвацца нашчадкам, зрэшты, як і за ўсе іншыя АЭС).

Нарэшце, месца, абранае пад будаўніцтва, не было ідэальным з сэйсмалягічнага пункту гледжаньня: у даведцы інстытуту «Атамэнэргапраект», якую ўдалося мне атрымаць, пазначалася, што тут «максымальна-разьліковы землятрус не перавышае 5-6 балаў». Каб рэактар пахіснуўся – дастаткова.

Другое – у будаўніцтве АЭС не было эканамічнай неабходнасьці, Лукомьльская электрастанцыя выпрацоўвала дастаткова энэргіі – яе цалкам хапала на патрэбы Віцебшчыны, ды і іншых вобласьцяў. Мініатам СССР хацеў скарыстаць Беларусь як чарговую пляцоўку для сваіх экспэрымэнтаў. Затое была прыманка: у даведцы «Атамэнэргапраекту» з чыстай наіўнасьцю (альбо – бессаромнасьцю, гледзячы як ацэньваць) казалася, што «ў тэхніка-эканамічным абгрунтаваньні будаўніцтва Беларускай АЭС будзе разгледжана пытаньне магчымасьці і мэтазгоднасьці цепласнабжэньня г. Віцебска і рэгіёну ад гэтай станцыі».

Трэцяе – гэта дэмаграфічныя наступствы, якія непазьбежна з’явіліся б у выпадку ўзьвядзеньня новага «гораду энэргетыкаў». Гэта азначала б ужо поўнае, на дзясяткі кілямэтраў, «вымываньне» вясковага насельніцтва – на фоне вялікай колькасьці прышлых з іншых рэспублік тагачаснага СССР.

Але самым моцным, як падавалася, быў апошні аргумэнт, які ня меў непасрэднага дачыненьня ні да ядзернай энэргетыкі, ні да эканомікі, ні да дэмаграфіі.

Усё пералічнае вышэй, тэарэтычна, можна было аспрэчваць ці, як мінімум, перавесьці ў дыскусійнае рэчышча. Ня знойдзены спосабы ўтылізацыі ядзерных адкідаў? Навука ідзе наперад, праз дзесяць гадоў знойдуць (паўтаруся – не знайшлі і праз трыццаць). Мадыфікаваны стары рэактар? Дзясяткі такіх рэактараў працуюць, выбухнуў толькі адзін, у Чарнобылі – цяпер, пасьля дапрацоўкі, ня выбухне. І без АЭС хапае электраэнэргіі? Заўтра можа не хапіць. Вы баіцеся, што прыедзе некалькі дзясяткаў тысяч людзей з іншых рэспублік? А як жа сацыялістычны інтэрнацыяналізм?..

Бясспрэчным, аднак, было іншае: абсалютнае ігнараваньне ініцыятарамі будаўніцтва АЭС меркаваньня жыхароў Віцебшчыны. Як сказалі б цяпер – грамадзкай думкі. У якім 1978 годзе на грамадзкую думку не зьвярнулі б увагі – ніхто ж ніколі не апытваў жыхароў Кіева ці Гомельшчыны, калі праектавалі Чарнобыльскую АЭС.

Але на двары былі іншыя часы. І асабліва цынічна выглядала тое, што рашэньне разьмясьціць у Беларусі АЭС было прынятае ўсяго праз год пасьля таго, як выбухнуў Чарнобыль.

Радыеактыўнае мяса – на беларускі стол. І ня толькі на беларускі

У 1988 годзе інфармацыя пра рэальныя наступствы Чарнобыля заставалася засакрэчанай.

Працытую фрагмэнт таго свайго артыкулу як ілюстрацыю тагачасных сумневаў і пытаньняў, на якія мы ня мелі адказаў:

«Ці праўда, што не адным толькі жыхаркам паўднёвых раёнаў рэспублікі варта ўстрымацца ад родаў? Ці на самой справе ступень забруджанасьці некаторых раёнаў большая, чым абвясьцілі афіцыйна? І чаму нас не інфармуюць пра радыяцыйную сытуацыю ва ўсіх буйных гарадах рэспублікі, як гэта рэгулярна робіцца на Ўкраіне? Кажуць, што гандаль вядзе патаемны абмен прадуктамі – «брудныя», з паўднёвых раёнаў, завозяць у вобласьць у абмен на «чыстыя». Каму верыць: сьведчаньням з сэрыі «А вось яшчэ гавораць…» альбо афіцыйным крыніцам? Распаўсюднікі першых часам некампэтэнтныя, але шчырыя, аўтары другіх скампрамэтавалі сябе хлусьнёй. Але ж сапраўды, мільёны кіляграмаў забруджанага мяса схаваны ў магілёўскіх і гомельскіх лядоўнях – уявіце, што іх выкінулі на паўпустыя прылаўкі»..

Гэтыя радкі тады выклікалі абурэньне высокіх начальнікаў, мяне абвінавачвалі ў распаўсюдзе плётак і неправеранай інфармацыі і імкненьні «нагнясьці страх».

Праз два гады, калі я ўжо быў членам часовай камісіі Вярхоўнага Савета па ацэнцы дзеяньняў службовых асобаў у справе ўтойваньня інфармацыі аб аварыі на ЧАЭС, даведаўся, што ісьціна куды больш страшная.

Нам удалося знайсьці дакумэнт 1986 году, якім Саўмін БССР зацьвердзіў магчымасьць закупкі мяса без уліку радыеактыўнай забруджанасьці. Вось цытата з афіцыйнай справаздачы нашай парлямэнцкай камісіі, якую на паседжаньні Вярхоўнага Савета 13 чэрвеня 1991 прачытаў старшыня камісіі дэпутат Рыгор Вячэрскі:

«Быў дадзены загад зьмешваць брудныя і чыстыя тушы жывёлін у прапорцыях ад 1:10 да 1:1. Забруджанае мяса непрыхавана развозілася па краіне. Толькі са складу «Заходні», што ў Смалявічах, які наведала наша камісія, дзясяткамі і сотнямі тонаў забруджанае радыенуклідамі мяса было адгружанае ў 55 пунктаў рэспублікі. Каля 2 000 тонаў забруджанага радыенуклідамі мяса знаходзіцца на гэтым сховішчы і сёньня. Гэтае мяса адпраўлялася «ад Масквы да самых да акраін» – ад Брэсту да Ташкенту. Гэта сьвядомае злачынства, бо мяса ішло ў ежу людзям, у тым ліку і дзецям».

Між іншым, у адной з паўднёвых рэспублік адмовіліся прымаць эшалён з беларускім мясам пасьля таго, як праверылі яго на радыеактыўнасьць. Эшэлён вярнулі ў Менск з рэкамэндацыяй – мяса зьнішчыць, а вагоны падвергнуць дэзактывацыі (сумняюся, што гэта было зроблена).

Але гэтыя ды падобныя факты будуць абнародаваныя пазьней. А тады, у 1988-м, да нас глуха даходзілі толькі чуткі.. Ну а тых, хто спрабаваў даведацца праўду, білі па руках.

Начальства робіць выбар

Вышэй цатаваныя радкі з майго артыкулу тады так і не былі апублікаваныя – рэдактар «Віцебскага рабочага» катэгарычна адмовіўся: «Ня варта нагнятаць страсьці і пужаць людзей».

Раздрукаваў праз капірку некалькі асобнікаў і аддаў сябрам. Але ўжо праз пару тыдняў бачыў свой тэкст ў руках зусім незнаёмых мне людзей – нехта (хутчэй за ўсё, супрацоўнікі інстытуту цепла і масаабмену АН), памножылі яго на рататары (правобраз сучаснага ксэраксу).

Скажу шчыра, што ў мяне зусім не было намеру займацца арганізацыяй нейкай грамадзкай акцыі, шырокага пратэсту – усё, што я думаў пра АЭС, я напісаў у артыкуле. Мяне ў той час больш цікавіла тэма рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў і – тэатар (нават атрымаў запрашэньне ад рэктара тэатральна-мастацкага інстытута ў асьпірантуру на тэатразнаўства). «Палітыкі» я наеўся ў войску, у якасьці камсорга ракетнага дывізіёна, і спадзяваўся, што з «дэмбелем» на «палітыцы» скончана.

Так бы і здарылася – калі б не пазыцыя кіраўніцтва Віцебскай вобласьці, найперш тагачаснага першага сакратара абкаму партыі Уладзімера Грыгор'ева.

З ягоных вуснаў прагучалі заявы, пасьля якіх увязацца ў барацьбу было, як кажуць, справай гонару.

Тое пазьней будзе ўспрымацца парадаксальна, але першым пра магчымае будаўніцтва АЭС на Віцебшчыне паведаміў сам Грыгорʼеў, выступаючы ў чэрвені 1988 на сустрэчы дэлегатаў XIX партканфэрэнцыі з прадстаўнікамі грамадзкасьці. Ён нават выказаў сумнеў у мэтазгоднасьці такога праекту. Але неўзабаве зьмяніў пазыцыю і пачаў увогуле абвяргаць сам факт намеру такога будаўніцтва.

Грыгорʼеў заяўляў, што ніякай атамнай станцыі будаваць на Віцебшчыне не зьбіраюцца, што ўсё гэта – плёткі безадказных асобаў, якія такім вось сумнеўным чынам імкнуцца здабыць сабе палітычны капітал.

І тут варта сказаць пра самога Грыгорʼева, які быў адным з цэнтральных пэрсанажаў той «атамнай» гісторыі. Тым болей гэта можа быць цікавым у кантэксьце наступных падзеяў – у 1990-м на зʼезьдзе КПБ Грыгорʼеў прэтэндаваў на месца 1-га сакратара ЦК КПБ, а значыць, у крытычныя дні жніўня 91-га ад яго б шмат што залежала ў лёсе Беларусі.

Уладзімер Грыгорʼеў быў прысланы ў Віцебск на пасаду 1-га сакратара абкаму замест памерлага папярэдніка, калі яму было 45 гадоў, і гэта, безумоўна, сьведчыла пра бліскучую карʼеру, значная частка якой прайшла на камсамольскіх пасадах, аж да першага сакратара ЦК ЛКСМБ і сакратара ЦК саюзнага камсамола. Пабываў Грыгорʼеў і ў апараце ЦК КПСС – адкуль, з падачы Лігачова і быў накіраваны ў Віцебск.

Выглядала, новую пасаду Грыгорʼеў успрымаў як пляцдарм для яшчэ большага карʼернага ўзьлёту – і, паклаўшы руку на сэрца, яго наўрад ці за гэта варта было асуджаць (хаця мы тады – асуджалі), бо які палітык не імкнецца ўзьняцца вышэй?

А быў Грыгорʼеў не гаспадарнікам, а менавіта палітыкам, з разьлікам на зьнешні эфэкт. Ва ўсялякім разе, гэтак успрымаўся. Ён любіў эфэктыўныя акцыі, якія патэнцыйна маглі прыцягнуць увагу найперш саюзнай прэсы. Так, аднойчы пажадаў стварыць у Віцебску 15 кавярняў-рэстаранаў у нацыянальным калярыце 15-ці саюзных рэспублік (калі не памыляюся, кіраўнікі гарадзкога «абшчапіту» выдахліся на сёмым, узьбецкім абʼекце – дыфіцыт прадуктаў ужо істотна адчуваўся).

Аднак бясспрэчным плюсам Грыгор’ева была здольнасьць, пры патрэбе, перагледзіць сваю пазыцыю. Ён мог слухаць апанэнтаў (хаця і не заўсёды).

У некаторых выпадках Грыгорʼеў здолеў перагледзець сваю пазыцыю. Так было са зьнішчэньнем гістарычнай забудовы горада, гэтак здарылася і з Шагалам (тут Грыгорʼеў эвалюцыянаваў ад абвінавачваньня вялікага мастака ў «самым рэакцыйным сіянізьме» да спрыяньня стварэньню музэю Шагала і арганізацыі «Шагалаўскіх чытаньняў»).

А вось у сытуацыі з Віцебскай АЭС у Грыгорʼева мужнасьці не хапіла. Пры тым што ён быў зусім не ў захапленьні ад пэрспектывы ўзьвядзеньня атамнай станцыі на тэрыторыі вобласьці: хаця б таму, што доўгае, не на год і не на два будаўніцтва, не абяцала хуткіх палітычных дывідэндаў.

Не ўспрыняў ідэю АЭС і тагачасны старшыня Віцебскага аблвыканкаму Уладзімер Кулакоў, але ўжо з рацыянальных прычынаў: для энэргазабесьпячэньня вобласьці хапала Лукомльскай электрастанцыі. Свае сумневы ён нават выказаў на сэсіі Вярхоўнага Савету БССР. Як мне потым стала вядома, Кулакоў спрабаваў давесьці сваю пазыцыю да менскага кіраўніцтва і «кулюарным спосабам», але атрымаў водпаведзь: «Хочаш сядзець без электрычнасьці, у цемры?» Старшыні аблвыканкамаў пры тым, што па тагачаснай субардынацыі лічыліся другімі асобамі ў вобласьці, нават з пачаткам перабудовы мусілі займацца толькі гаспадарчымі справамі і заставацца ў цені першых сакратароў.

Вось тут бы Грыгор’еву і зьвярнуцца па дапамогу да грамадзтва – маўляў, давайце аб’яднаем намаганьні, разам адаб’емся ад «ядзернага падарунка», балазе час гэтаму спрыяе – цяпер галоснасьць і перабудова. Такая пазыцыя абапіраньня на грамадзкую думку, як пазьней паказаў прыклад Ельцына, магла быць стартам у самую што ні ёсьць вялікую палітыку – але праўда і тое, што куды больш шанцаў было зламаць сабе шыю.

І Грыгор’еў выбраў – заяўляць грамадзтву, што ніякага будаўніцтва АЭС на Віцебшчыне не плянуецца.

Што праўда, пазыцыя Грыгор’ева нічым не адрозьнівалася ад паводзінаў у падобных сытуацыях абсалютнай большасьці партыйных (ды і ня толькі партыйных) кіраўнікоў усіх рангаў. За дзесяцігодзьдзі камуністычнага рэжыму зь ягонымі рэпрэсіямі, пакорнасьць вышэйстаячаму начальству выпрацавалася на ўзроўні біялягічнага рэфлексу.

Грыгорʼеў спадзяваўся, што праблема сьцішыцца сама па сабе.

Актывісты таксама робяць выбар

Але – цішыні ня здарылася.

Мы ўтварылі ініцыятыўную групу, куды ўвайшлі выкладчыкі тэхналягічнага інстытуту Эсьфір і Валянцін Арловы, загадчык кафэдры гэтага інстытуту Іван Сьцяпанаў, інжынэр Аляксандар Берагейка і ягоная жонка Тацьцяна, рабочыя Сяргей Цярэнцьеў і Уладзімер Шанец, навуковец Юры Хлопкаў, настаўнік Мікалай Намесьнікаў, актывісты клюбу Узгор’е доктар Міхась Паўлаў і археоляг Ігар Цішкін…

Гэта менавіта ім віцябляне павінны быць удзячныя за тое, што ў пары дзясятках кілямэтрах ад гораду ня вырас атамны монстар.

Ці была ўпэўненасьць у перамозе?

Вы самі адкажаце на гэтае пытаньне, калі прыгадаеце, што Беларуская АЭС павінна была ўзводзіцца паводле пастановы ЦК КПСС. Пастановы ЦК, хаця і часам ня цалкам выконваліся, але ніколі не адмяняліся. Ва ўсялякім разе, пад уплывам грамадзкасьці. Гэта часткі грамадзкасьці («буржуазныя элемэнты», «кулакі», урэшце, «ворагі народа») «адмяняліся» пастановамі ЦК, сьціраліся ў «лягерны пыл».

І ўсё ж, настроеная нашая ініцыятыўная група была рашуча. Ня здарылася і асаблівых дэбатаў пра тактыку дзеяньняў: вырашылі апэляваць непасрэдна да жыхароў горада.

А менавіта – зьбіраць подпісы.

І – максымальна шырока інфармаваць грамадзтва пра небясьпеку АЭС, што ўжо было на мне як на журналісьце.

Памятаю, доўга думаў над фармулёўкай звароту, пад якім трэба зьбіраць подпісы, зрабіў дзясятак варыянтаў, з рознай аргумэнтацыяй, але ніводны варыянт не задавальняў, пакуль ня вырашыў, што тэкст мусіць быць максымальна ляканічным.

Гучаў ён так: «Мы супраць будаўніцтва Беларускай АЭС і плянаў разьмяшчэньня яе на тэрыторыі Віцебскай вобласьці» – тым самым, мы адрыналі ня толькі варыянт станцыі на Віцебшчыне, але і ўвогуле ў параненай Чарнобылем Беларусі.

У выніку, пад гэтымі словамі падпішацца каля 40 тысяч віцяблянаў – здаецца, тое была першая ў гісторыі Беларусі гэткая маштабная грамадзкая акцыя.

Артыкул здымаюць з паласы, пікетоўшчыкаў затрымліваюць

Сама ж барацьба з АЭС разгортвалася даволі драматычна і імкліва.

29 верасьня галоўны рэдактар «ЛіМу» Анатоль Вярцінскі надрукаваў мой артыкул «Мяжа», што яшчэ больш раззлавала абласное начальства: «Хлусьня! Ніхто АЭС будаваць не зьбіраецца!»

Тады разам з Валянцінам Арловым і фатографам Уладзімерам Базанам мы паехалі ў Гарадоцкі раён, – некалькімі днямі раней Аляксандар Берагейка нарэшце знайшоў тую пляцоўку, дзе поўным ходам ішлі геоляга-разведвальныя работы пад будучы катлаван. Уладзімер зрабіў здымкі, я напісаў вялікі артыкул і аддаў яго рэдактару «Віцебскага рабочага» Уладзімеру Скапе.

18 кастрычніка Грыгор’еў прыйшоў на партыйны сход у нашу рэдакцыю. «Можаце друкаваць, грамадзтва трэба ўздымаць супраць АЭС!» – нечакана рэвалюцыйна-дэмакратычна заявіў першы сакратар абкаму, і я са спакойным сэрцам разам з Тадзіянай Тодараўнай Кляшторнай паехаў у Менск, дзе назаўтра ў «чырвоным касьцёле» адбылося паседжаньне па ўтварэньню «Мартыралёгу Беларусі» і Аргкамітэту БНФ.

У пятніцу 21 кастрычніка мой нарыс «Чорная багна» (паводле назову мясцовасьці, дзе зьбіраліся будаваць АЭС) быў набраны і завярстаны на трэцюю паласу суботняга нумару «Віцебскага рабочага».

Аднак ў 18 гадзінаў Грыгор’еў пазваніў рэдактару і загадаў матэрыял зьняць. З-за гэтага выпуск на некалькі гадзінаў затрымалі, а назаўтра на месцы майго артыкулу выйшаў сумнавядомы пасквіль «Эвалюцыя палітычнага невуцтва», у якім аплёўваліся «Талака», Вінцук Вячорка ды іншыя, як нас тады называлі, «нефармалы».

У газэце было зьмешчанае і інтэрвію з першым намесьнікам старшыні Віцебскага аблвыканкаму Уладзімерам Цацохам, дзе ў адказ на пытаньне ананімнага карэспандэнта, ці праўда, што зьбіраюцца будаваць АЭС, той адказаў – «чуткі носяць правакацыйны характар і ня маюць пад сабой сур’ёзных падстаў. Яны распаўсюджваюцца асобнымі безадказнымі грамадзянамі з мэтай нагнясьці абстаноўку, стварыць напружаную атмасфэру ў працоўных калектывах… Рашэньня ўраду рэспублікі аб будаўніцтве ў нас атамнай станцыі няма».

(Пазьней Цацоха прызнаўся, што сам упершыню даведаўся пра гэтыя свае словы, узяўшы ў рукі газэту. Сапраўдны аўтар публікацыі так і застаўся невядомы).

Таджы ж я напісаў адкрыты ліст Грыгор’еву, дзе наўпрост пытаўся ў кандыдата ў члены ЦК КПСС, дзе ён быў шчыры – калі на сустрэчы ў рэдакцыі ўхваліў публічнае абмеркаваньне мяркуемага будаўніцтва АЭС, ці калі загадаў зьняць матэрыял з нумару?

У лісьце запатрабаваў неадкладнага спыненьня вышуковых работаў у Гарадоцкім раёне, выбачэньня перад членамі ініцыятыўнай групы і тымі тысячамі віцяблянаў, якія паставілі свае подпісы супраць АЭС, спыненьня перасьледу студэнтаў пэдагагічнага інстытута, якіх 20 кастрычніка міліцыя затрымала за збор подпісаў.

Вялікая частка людзей усё яшчэ верыла таму, што заяўляюць афіцыйныя асобы, і некалькі дзён члены ініцыятыўнай «антыядзернай» групы адчувалі на сабе недаверлівыя позіркі некаторых з тых, хто ім паверыў.

Непрыемныя былі тыя дні і тыя адчуваньні.

Станюта і Быкаў супраць АЭС

А 2 лістапада ў маскоўскай «Литературной газете» быў надрукаваны ліст беларускіх пісьменьнікаў з пратэстам супраць будаўніцтва Віцебскай АЭС. Яго падпісалі Васіль Быкаў, Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Пімен Панчанка, Віктар Казько, Аляксей Дудараў, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законьнікаў.

А яшчэ мне перадалі лісты з подпісамі актораў – нашых, віцебскіх «коласаўцаў» і менскіх «купалаўцаў»; сярод апошніх была і Стэфанія Станюта.

Тое было моцнай падтрымкай для нас.

7 лістапада на дэманстрацыі «у гонар Вялікага Кастрычніка» людзі несьлі транспаранты «Мы – супраць Віцебскай АЭС!». Ініцыятыўная група, ва ўсялякім разе, яе ядро, ня мела да гэтага дачыненьня: людзі самі намалявалі такія лёзунгі, і, не паддаючыся на ўгаворы кіраўнікоў прадпрыемстваў, прынесьлі транспаранты ў калёны.

Грыгор’еў загадаў даставіць мяне да яго на гутарку. У кабінэце першага сакратара прысутнічала і парторг нашай рэдакцыі Ніна Тулінава (напэўна, у якасьці сьведкі). Размова ў нас была даволі жорсткая, з абодвух бакоў. Было бачна, што Грыгор’еў ледзь стрымлівае сябе. Ён катэгарычна запатрабаваў спыніць збор подпісаў і ўвогуле зьвярнуць кампанію супраць АЭС. Я сказаў, што ня бачу ніякай магчымасьці гэта зрабіць і параіў Грыгор’еву падтрымаць грамадзкі антыядзерны рух.

Разьвіталіся мы кожны пры сваёй пазыцыі.

Віцэ-прэм’ер як «некампэтэнтная» асоба

І раптам у сярэдзіне лістапада менскія газэты надрукавалі гутарку з намесьнікам старшыні Савету міністраў Л. Фірысанавым і кіраўніком «Белэнэрга» Г. Хартановічам, у якой тыя прызналіся: так, рашэньне пра будаўніцтва АЭС прынятае, бо… – і далей ішоў пералік аргумэнтаў, чаму яе трэба будаваць.

Пасьля гэтага нікога агітаваць ужо было ня трэба – на віцебскіх заводах адбываліся стыхійныя сходы, людзі ня тое што былі гатовыя, а наўпрост патрабавалі ад нас правесьці агульнагарадзкі мітынг, на якім запатрабаваць адстаўкі тых, хто хлусіў ім у вочы.

І тады рэспубліканскае і віцебскае кіраўніцтва выступіла дуплетам.

24 лістапада 1998 г. «Звязда» надрукавала паведамленьне «У ЦК Кампартыі Беларусі і Савеце Міністраў БССР»: «… Віцебскаму абкаму КПБ і аблвыканкаму правесьці растлумачальную работу з насельніцтвам аб тым, што рознага роду некампэтэнтныя сьцьвярджэньні аб будаўніцтве АЭС ня маюць падстаў, а толькі адцягваюць людзей ад выкананьня вялікіх і складаных праграм, намечаных XXVII з’ездам КПСС, XIX Усесаюзнай партыйнай канфэрэнцыяй і ХХХ з’ездам Кампартыі Беларусі».

Здагадваюся, зь якімі пачуцьцямі чыталі гэтую заяву віцэ-прэм’ер Фірысанаў і кіраўнік «Белэнэрга» Хартановіч, якія некалькімі днямі раней «некампэтэнтна сьцьвярджалі», што АЭС будзе будавацца.

Аўтадафэ не атрымалася

Загад ЦК Грыгор’еў выканаў у той жа дзень – у актавай залі тэхналягічнага інстытуту сабралі прадстаўнікоў грамадзкасьці, запрасілі і нашу ініцыятыўную групу.

Прыехала і абласное тэлебачаньне – здымаць палітычнае фіяска «нефармалаў».

Грыгор’еў заявіў, што «ніякага будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Віцебскай вобласьці не плянавалася і не плянуецца». Мне прыйшлося выйсьці на трыбуну і працытаваць фрагмэнт сумеснай пастановы ЦК КПБ, Савету Міністраў БССР і Мінэнэрга СССР аб будаўніцтве станцыі.

1-шы сакратар Віцебскага абкома КПБ Уладзімер Грыгор’еў і журналіст Сяргей Навумчык у часе дыскусіі адносна Беларускай АЭС. 24 лістапада 1988
Фота Ул. Базана

1-шы сакратар Віцебскага абкома КПБ Уладзімер Грыгор’еў і журналіст Сяргей Навумчык у часе дыскусіі адносна Беларускай АЭС. 24 лістапада 1988. Фота Ул. Базана.

«Ну што, гэта ёсьць ісьціна, тое, што тут надрукаванае? Я такой пастановы ЦК ня ведаю!» – гэтыя словы члена абодвух ЦК (саюзнага і беларускага) патанула ў абураных галасах аўдыторыі.

Але потым выступіў выкладчык тэхналягічнага інстытута М. Сямёнаў – ён сказаў, што два дні таму быў у Гарадоцкім раёне, на свае вочы бачыў групу вышукальнікаў «Кіеўатамэнэрга», бачыў тэхніку, бурыльныя машын:

«Кіраўнік спрабаваў нас пераканаць, што ў Беларусі не хапае двух мільёнаў кілават-гадзін. Якая магутнасьць гэтай станцыі? Ён сказаў: шэсьць мільёнаў, тры рэактары. Тады я задаў пытаньне: навошта ж нам вырабляць лішнюю энэргію і прадаваць яе за мяжу?… ЦК КПБ і Саўмін БССР выйшлі з хадатайніцтвам пабудаваць гэтую станцыю, ён нам зачытаў…»

Калі Сямёнаў расказаў, што праекціроўшчыкі мяркуюць ператварыць возера Вымна ў «акумулятар вады», набіраючы яе з Дзьвіны, а потым, пасьля выкарыстаньня на АЭС, скідваць ваду ў Дзьвіну зноў, заля выбухнула абурэньнем.

Тэлевізыйнай групе далі каманду зварочваць апаратуру – было зразумела, што ніякага рэпартажу з аўтадафэ над «безадказнымі асобамі» не атрымаецца.

Мы перамаглі.

Наколькі мне вядома, Грыгор’еў быў вымушаны зьвязвацца з Масквой і патрабаваць спыненьня вышукальных працаў, скардзячыся, што сытуацыя ў Віцебску можа выйсьці з-пад кантролю.

На Віцебскай АЭС была пастаўленая кропка.

Бо – не пабаяліся

Чаму віцяблянам трыццаць гадоў таму ўдалося дамагчыся скасаваньня пастановаў ЦК і ўраду адносна будаўніцтва АЭС?

Думаю, што не малую ролю ў посьпеху адыграла самаадданасьць членаў віцебскай ініцыятыўнай групы, гатоўнасьць людзей, імёны якіх я называў вышэй, ісьці, што называецца, да канца.

Але гэтыя намаганьні ня мелі б выніку, калі б самі віцябляне не адчувалі адказнасьці за лёс уласны і лёс сваіх нашчадкаў.

І быў яшчэ адзін вельмі важны фактар – адсутнасьць страху, заснаваная на абуджэньні пачуцьця ўласнай годнасьці.

Людзі абурыліся тым, што начальства наплявала на чарнобыльскую бяду, што ім адкрыта хлусяць. Людзі перасталі баяцца казаць у вочы праўду самаму высокаму начальству. Яшчэ праз год людзі выйдуць на плошчы, выберуць сваіх дэпутатаў, а ў 1991-м дамогуцца Незалежнасьці.

Усё ж, меў рацыю папа Ян Павал II, калі зьвяртаўся да суайчыньнікаў са словамі – «Ня бойцеся!»

Сяргей Навумчык, «Народная Воля»