28 марта 2024, четверг, 21:57
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Тузіну» — 15

«Тузіну» — 15

Як стварыць найбуйнейшы музычны партал Беларусі насуперак усяму.

2 сьнежня беларускі музычны інтэрнэт-партал TuzinFM адзначыў 15-годзьдзе. У гэты дзень у Менску прайшоў канцэрт «Героі году», які «Тузін» апошнія пяць гадоў праводзіць у фармаце музычнай прэміі — галоўнаму музычнаму адкрыцьцю і найлепшаму гурту году. Напярэдадні Свабода пагутарыла з заснавальнікамі праекту пра гісторыю яго стварэньня і разьвіцьця, паведамляе «Радыё Свабода».

Што такое TuzinFM

Прыватны некамэрцыйны партал, створаны, каб прасоўваць і папулярызаваць беларускую (найперш беларускамоўную) музыку.

Гэта гіт-парады, найбуйнейшы легальны каталёг беларускамоўных песень, навіны айчыннай альтэрнатыўнай музыкі, энцыкляпэдыя, дзе ў альфабэтным парадку разьмешчаныя старонкі выканаўцаў, а таксама канцэрты, разнастайныя праекты, радыё і тэлепраграма.

«„Тузін“ — выдатны прыклад упартай добраахвотнай працы на карысьць беларускай культуры, — падсумоўвае музычны журналіст, крытык, прадусар і кіраўнік праекту Experty.by Зьміцер Безкаравайны. — Усе гады партал адыгрывае важную ролю ў шэрагу вымярэньняў і напрамкаў. Гэта адкрытая для ўсіх, у тым ліку дэбютантаў, пляцоўка беларускамоўнай музыкі. Гэта маштабны архіў зьвестак і запісаў. Гэта шэраг выдатных праектаў на карысьць беларускай музыкі і культуры, якія мелі шырокі розгалас».

Як нарадзіўся TuzinFM і хто яго стварыў

Музычны партал «Тузін гітоў» (першапачатковая назва) зьявіўся ў байнэце 12 кастрычніка 2003 году.

Праект стварылі тры чалавекі: Сяргей Будкін, Вецер Мэханічны і Аляксей Мінчонак. Агулам жа за ўвесь час праз «Тузін» прайшлі дзясяткі чалавек.

«Музыка фармавала мяне як асобу. Беларуская музыка зачаравала яшчэ ў школе, — расказвае заснавальнік і кіраўнік парталу Сяргей Будкін. — Памятаю, як убачыў першы канцэрт „Песьняроў“ у 1997-м. І інтарэс перарос у жаданьне нечага большага.

Калі ўжо працаваў у „Нашай ніве“, зьявілася ідэя зрабіць у газэце гіт-парад, а пасьля думка высьпела і дарасла да ідэі самастойнага праекту. Дзякуючы нашай сустрэчы зь Ветрам Мэханічным, які тады якраз выкупіў дамэн fromby.net, мы запусьцілі сайт „Тузін гітоў“».

Дырэктар рэклямнай студыі «Адліга» Анатоль Лазар, які ў «Тузіне» працаваў пад творчым псэўданімам Вецер Мэханічны, успамінае:

«Я прапанаваў распрацаваць для гіт-параду беларускамоўных песень тэхнічныя рэсурсы, запусьціў сайт і працяглы час зьяўляўся яго выдаўцом, забясьпечваў яго функцыянаваньне.

Была задума стварыць на дамэне fromby.net мультыкультурны партал, і „Тузін“, які тады разьмясьцілі на адрасе music-fromby.net, мусіў быць адной зь яго частак (былі яшчэ photo.fromby.net, theatre.fromby.net, forums.fromby.net ды іншыя. Але „Тузін“ — адзіны праект, які жывы і па сёньняшні дзень».

Хто займаецца «Тузінам» цяпер? «Онлайнам — я адзін, і гэта праблема, — кажа Сяргей Будкін. — А офлайн у нас сфармавалася цэлая каманда, якая налічвае чалавек 30 і робіць тэлепраекты і ўсе праекты, большыя за сайт».

Першапраходцы

«На той момант толькі ў мяне быў досьвед запуску інтэрнэт-рэсурсаў, дый тое дробных, — расказвае выдавец сайту Вецер Мэханічны. — І Сяргей Будкін, і Аляксей Мінчонак, і Андрэй Навумовіч, які праграмаваў-перапраграмоўваў — мы ўсе фактычна праходзілі гэта ў першы раз. І самым вялікім адкрыцьцём было тое, што ў нас усё атрымалася».

Паводле выдаўца, яны шмат у чым сталі першапраходцамі на беларускай музычнай арэне: гіт-парад з магчымасьцю галасаваць і вызначаць пераможцаў — такога не было нідзе.

Пасьля зьявілася першая легальная фанатэка кампазыцый у МР3-фармаце. «Мы з кожным уладальнікам правоў або выканаўцам дамаўляліся асабіста, ніколі не дазвалялі сабе нешта „сьцягваць“ цішком», — кажа Вецер Мэханічны.

На «Тузіне» заўжды быў інтэрактыў. У часы, калі яшчэ не было магчымасьці камэнтаваць артыкулы на сайтах, на «Тузіне» зьявілася «Гасьцёўня» — карыстальніцкі форум.

«Гэта была такая лінейная дошка паведамленьняў, дзе зьяўляліся сотні паведамленьняў за дзень. Былі сваркі, плёткі — усё як належыць», — кажа сузаснавальнік і выдавец «Тузіну».

Мэтад «перакідваньня:» як вытрываць 15 гадоў без стабільнага фінансаваньня

Як кажа Вецер Мэханічны, распрацоўка сайту, гостынгі, тэхнічнае ўтрыманьне каштавалі грошай, але паколькі на 99% работа вялася на валянтэрскіх пачатках, «ня так ужо і цяжка было стварыць і падтрымліваць сайт — бо была каманда, людзі, апантаныя ідэяй, мэтамі».

Так было 15 гадоў таму. Але сёньня «Тузін гітоў» ужо больш, чым проста сайт. Як удаецца арганізоўваць усе шматлікія праекты бяз сталага фінансаваньня?

«Некаторыя праекты робяцца з дапамогай партнэраў, якія выступаюць у ролі мэцэнатаў і суарганізатараў. У іншыя — гастролі, канцэрты, фэсты — мы ўкладаемся самі з разьлікам потым атрымаць нейкі прыбытак, — тлумачыць Сяргей Будкін. — Недзе заробім грошы — і перакідваем на тыя важныя праекты, дзе зарабіць немагчыма. Такімі „перакідваньнямі“ ўсё і працуе.

Праўда, канцэрты мы цяпер амаль перасталі праводзіць, бо за грошы людзі на іх ня ходзяць. Бясплатна — ходзяць. Я неяк заўважыў: у клюбе са 100 чалавек 65 бясплатных. Людзі, пэўна, не разумеюць мэханізм працы, бо калі робіш канцэрт, дык сябры і знаёмыя лічаць нармальным прашчаміцца бясплатна, а на бары патраціць 50 рублёў. Да таго ж канцэрты пэрыядычна забараняюць».

Сяргей Будкін кажа, што раней зарабляў журналістыкай, а «Тузінам» займаўся ў вольны час. Але пасьля расчараваньня ад выбараў 2010 году зарэгістраваў ІП і цалкам прысьвяціў сябе «Тузіну». І «ўсё стала атрымлівацца хутчэй, бо падаставаў з шуфляды даўнія ідэі, да якіх проста не даходзілі рукі».

Але і цяпер ня ўсё гладка.

«Гады два мы не маглі фінансава „пацягнуць“ новы рэдызайн „Тузіну“. Сайт быў фактычна мёртвы. Пайшлі амаль усе людзі, і я ўжо гатовы быў кінуць усё... Але раптам узьнік Павел Бераговіч (мэцэнат, расейскі бізнэсовец, кіраўнік фонду „Вяртаньне“. — рэд.) і проста перадаў нам грошы на рэдызайн».

Пра аўдыторыю сайту і незалежнасьць ад лічбаў

У пэўны час «Тузін гітоў» стаў адным з самых наведвальных і папулярных музычных рэсурсаў у Беларусі. За месяц сайт наведвалі дзясяткі тысяч чалавек. У 2014-2015 годзе, як кажа іншы тузіновец, лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка, цягам двух тыдняў колькасьць галасоў за асобныя песьні ў гіт-парадзе выходзіла на тысячы.

На пытаньне пра цяперашнюю наведвальнасьць парталу (каля 20 тысяч за месяц паводле SimilarWeb) Сяргей Будкін адказвае, што раней і для яго лічбы былі важныя: ён некалькі разоў на дзень глядзеў, колькі чалавек прыйшлі на сайт, прагаласавалі, спампавалі песьні. І на той час лічбы «былі калясальныя для інтэрнэту — напрыклад, па выніках першых 5 гадоў выклалі 450 беларускіх песень, якія былі спампаваныя звыш 1,5 млн разоў».

«Але ў пэўны момант гэта перастала мяне цікавіць. Адпала патрэба ў веданьні лічбаў, таму што яны на маю дзейнасьць ніяк не ўплываюць. Я ўсё адно буду рабіць тое, што я хачу, і буду імкнуцца рабіць гэта цікавей», — кажа Будкін.

«Радыё Тузін» і забароны

З 2004 году «Тузін Гітоў» выпускае радыёперадачу свайго гіт-параду пад назвай «Радыё Тузін», якую вядзе саліст «Палаца» Алег Хаменка. Ад пачатку перадача выходзіла на беларускім «Радыё Рокс», з 2005 году — на «Радыё Мінск», з 2006 — на «Радыё Рацыя» (Беласток).

Пасьля непрацяглай супрацы з «Радыё Рокс», дзе праграму вялі вядоўцы радыё, у праект прыйшоў музыка — лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка.

«На той момант „Тузіну“ трошачкі не хапала публічнай асобы. І так склаліся зоркі, што ёю стаў я», — кажа Алег Хаменка.

Тады праект запусьцілі на «Радыё Мінск», дзе ён праіснаваў год, нягледзячы на тое, што пачаўся пэрыяд забаронаў беларускіх музыкаў.

«А пасьля яны запанікавалі, што забароненыя гурты гучалі ў эфіры. Некаторыя песьні мы знарок давалі фрагмэнтам — там, дзе да нас маглі зь нейкіх прычын прычапіцца. Напрыклад, мы не круцілі апошнія такты адной з маіх улюбёных песьняў гурту Ultraвожык «Атлянтыда», — дзеліцца музыка.

Праграму забаранілі, і з таго часу радыёвэрсія «Тузіну» перайшла на «Радыё Рацыя».

Пра скандалы з накруткамі, DoS-атакі і крытыку журналістаў

Калі пачаўся праект, камандзе давялося сутыкнуцца ня толькі з пазытыўным стаўленьнем і дапамогай, але і з пэўным нэгатывам у свой адрас.

«Нас ніхто не ігнараваў: альбо дапамагалі, альбо сварыліся на нас. І таму, што мы былі першымі, іншыя казалі: „Ды яны там, пэўна, усё падтасоўваюць і ўзнагароды даюць толькі сваім сябрам“, — расказвае Вецер Мэханічны. — Былі і нейкія скандальчыкі: прыйшоў адміністратар, знайшоў накруткі і сьсек гэтыя галасы за некалькі дзён, а аўтар і выканаўца гэтай песьні крыўдзіцца. DoS-атакі на нас былі, завальвалі сайт».

Паводле вядоўцы радыёвэрсіі гіт-параду Алега Хаменкі, камандзе давялося вельмі шмат змагацца з «накруткамі» галасоў на гіт-парадах і ўкласьці сродкі ў барацьбу зь імі.

Таксама аб праекце ня вельмі добра адгукаліся некаторыя журналісты. Казалі, што «Тузін» манапалізаваў усю сфэру: маўляў, калі цябе няма на «Тузіне», цябе няма ў беларускамоўнай музыцы.

«Але мы былі заўсёды адкрытыя, і нават гэтыя журналісты заўсёды мелі рупар на нашым сайце», — дадае Вецер Мэханічны.

Рэйтынгі — для гісторыі

Фундамэнтальнымі і важнымі падсумаваньнямі онлайн-дзейнасьці «Тузіну», на думку яго заснавальнікаў, зьяўляюцца рэйтынгі-падсумаваньні, складанкі найлепшых песьняў, бо гэта тое, што «застанецца для гісторыі». Такія топы найлепшых песень вызначаюць усе сусьветныя музычныя СМІ, але ў Беларусі, паводле Будкіна, акрамя «Тузіну» такой практыкі не было.

«Хоць усе, хто працуе з інфармацыяй і можа паўплываць на тое, што аўдыторыя будзе больш ведаць пра нешта, мусяць гэта рабіць пастаянна і пэрыядычна», — перакананы ён.

Сярод найбольш значных рэйтынгаў, складзеных камандай «Тузіну» — «Сто найвялікшых беларускіх песень» і «60 беларускамоўных гітоў сучаснасьці».

Для першага рэйтынгу Будкін і Ко апыталі 100 экспэртаў розных часоў: ад Зінаіды Бандарэнкі і кінарэжысэра Ўладзімера Арлова, які здымаў першыя ролікі «Песьнярам», да сучасных прамоўтэраў, прадусэраў, гукарэжысэраў. Агулам у сьпіс трапілі каля 2 тысяч песьняў, зь якіх адабралі 100 найпапулярных.

Але, як сказаў кіраўнік «Тузіну», рэакцыі на выданьні абодвух сьпісаў былі не заўжды толькі пазытыўнымі, сутыкаліся і з нэгатывам з боку музыкаў. Былі людзі, якія проста казалі: «Раз мяне няма ў сьпісе, я больш ня буду сюды заходзіць».

Як «Тузін» выйшаў за межы сайту

Пачаўшыся як гіт-парад, пазьней сайт стаў зьмяшчаць музычныя навіны, рэцэнзіі, меркаваньні экспэртаў; дадаліся архівы, музычная бібліятэка зь песьнямі, відэа. А зь цягам часу вялікая колькасьць праектаў пачала адбывацца па-за межамі парталу.

«Цяпер „Тузін“ існуе ў розных якасьцях і разьвівае ўжо нават не музычную тэму. Паступова ён перарос сам сябе, і мне проста цікава за гэтым назіраць. Спачатку проста мусіла быць таблічка, а ўрэшце атрымалася такая сабе культурніцкая міні-карпарацыя», — разважае Сяргей Будкін.

«Тузін» спрыяў зьяўленьню музычных складанак і офлайн-праектаў накшталт «Песьні свабоды», «Апошні золак», «Re:Песьняры», «Перазагрузка», «Засьпявай», «Тузін.Немаўля», «Нерасстраляныя» і многіх іншых. Некалі браў удзел у арганізацыі музычных фэстываляў «Рок па вакацыях», Bela Music, прэміі «Рок-каранацыя», зладзіў вялікую колькасьць імпрэз, сярод якіх сэрыі акустычных канцэртаў «Тузін. Unplugged» і «Жывы Тузін».

«Дзякуючы TuzinFM мы паўдзельнічалі ў вельмі годных і цікавых праектах: „Re:Песьняры“ (трыб’ют на гурт „Песьняры“), „Нерасстраляная паэзія“. Абодва нашыя альбомы былі прэзэнтаваныя на партале. Песьні, альбомы, кліпы нашага гурту ўдзельнічалі ў традыцыйных галасаванках на сайце „Тузіну“. Усё гэта, зразумела, спрыяла пашырэньню кола нашых слухачоў», — кажа лідэр гурту Dzieciuki Алесь Дзянісаў.

«Некаторыя праекты важныя тым, што пасьля іх нешта засталося ці яны выканалі канкрэтную місію. Напрыклад, з дапамогай канцэрту памяці Анатоля Сыса ў Чырвоным касьцёле ў 2007 годзе мы сабралі грошы на помнік паэту. Таксама цешыць, што мы пасьпелі ўшанаваць пры жыцьці Міхала Анемпады става і Аляксандра Кулінковіча», — мяркуе Будкін.

Сяргей Будкін заўважае, што ўся дзейнасьць «Тузіну» адбываецца «насуперак нечаму».

«Мы ідзём насуперак тэме, насуперак абставінам, „насустрач ветру“. Пастаянна пераадольваеш абыякавасьць, часам поўную, да любой тэмы, якую раскручваеш.

Фактычна беларуская музыка як такая цікавіць нуль людзей — прынамсі, часам так здаецца. Нават прабіць публікацыі ў іншых СМІ практычна нерэальна, бо цяпер СМІ ў асноўным дбаюць пра тое, каб дагадзіць чытачу, а не падцягнуць яго да больш высокага ўзроўню, паказаць яму нешта іншае. І атрымліваецца, што маладыя цікавыя беларускамоўныя выканаўцы проста не трапляюць у стужкі навінаў.

Раней выхад нейкага праекту, прэзэнтацыя яго ахоплівалі ўсіх, хто хоць неяк цікавіўся беларускай музыкай. Калі б „Я нарадзіўся тут“ выйшаў цяпер, думаю, ён бы патануў у інфармацыйнай хвалі і ў поўнай абыякавасьці».

Будкін лічыць, што шмат якія праекты «Тузіну» прайшлі незаўважанымі і пакуль недаацэненыя, таму яны яшчэ могуць «стрэльнуць» пазьней, а пакуль праект «працуе на апярэджваньне».

«Ня хочацца пакрыўдзіць людзей і называць іх „нявысьпелымі да ўспрыманьня“, але ёсьць такое адчуваньне, што ў Беларусі пакуль усё адбываецца на ўзроўні прамаўленьня алфавіту. Глеб (Лабадзенка, на курсах „Мова нанова“. — рэд.) вучыць людзей чытаць па-беларуску, размаўляць, працуючы замест усяго Міністэрства адукацыі і навучальных установаў; Сяржук Доўгушаў — сьпяваць беларускія песьні. Прамаўляюцца простыя рэчы, якія павінны былі быць закладзеныя даўно», — кажа кіраўнік «Тузіну».

«Ня ўсё толькі беларускамоўнае — беларускае»

«Фактычна праект наш не пра музыку, калі разабрацца. Ён пра павагу да сябе. І пра беларускую мову, беларускую мэнтальнасьць хутчэй. Мы дасьледуем рэчаіснасьць і хочам паўплываць на яе з дапамогай такога інструмэнту, як музыка. Таму ў нас выключна беларускамоўны гіт-парад», — падсумоўвае Сяргей Будкін.

Пры гэтым ён адзначае што калісьці ўпарта ставіў знак роўнасьці паміж беларускамоўнай і беларускай музыкай, але цяпер разумее, што гэта было няправільна, бо «некаторыя расейскамоўныя музыкі нават большыя беларусы, чым некаторыя з тых, хто беларускамоўны», у нейкіх наборах якасьцяў, здольнасьцяў.

«Але тым ня менш „Тузін“ застаецца беларускамоўным, таму што мы хочам, каб беларускай мовы было больш. І мы ў сілах зрабіць гэта на сваёй дзялянцы», — падкрэсьлівае ён.

«Для выканаўцаў, якія сьпяваюць па-беларуску, „Тузін“ — гэта велізарная падтрымка, і я вельмі ўдзячная Сяргею Будкіну за гэта, бо ніякай іншай альтэрнатывы для музыкаў у Беларусі няма, — кажа сьпявачка гурту NAKA і акторка Наста Шпакоўская. — Музыка і творчасьць у Беларусі ўвогуле мала падтрымліваюцца, таму кожны рух у гэтым кірунку вельмі дарагога каштуе».

Як памежнік стаў беларускамоўным праз «Тузін»

Замест адказу на пытаньне, што матывуе яго займацца праектам вось ужо 15 гадоў, заснавальнік і нязьменны кіраўнік сайту Сяргей Будкін дзеліцца гісторыямі і ўспамінамі, якія яго натхняюць.

«Былі мы ў Ашмянах на нейкім сэмінары, і да нас падышоў памежнік. Ён быў беларускамоўным, а гэта рэдкасьць. Сталі распытваць, як ён прыйшоў да беларускай мовы, а ён мне расказвае (ня ведаючы, хто я): „Даўно, калі вучыўся, натрапіў на такі цікавы сайт — „Тузін гітоў“. Вось гэта на мяне паўплывала так, што стаў беларускамоўны“.

Шмат хто, наслухаўшыся „Тузіна“, упершыню выступіў зь беларускай песьняй. Мы заўжды прапаноўваем музыкам, якія нават не карыстаюцца беларускай мовай, запісаць беларускамоўную вэрсію сваёй песьні. І часта яны пагаджаюцца. Людзі проста пра гэта раней ня думалі, для іх гэтага пытаньня не стаяла. Але калі ім паказваеш, у асноўным ставяцца зь вялікай прыязнасьцю».

Музычныя CD «Тузін. Перазагрузка» (2009) і «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» (2011) зь перакладзенымі на беларускую мову песьнямі беларускіх і замежных выканаўцаў выдалі разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі!».

«Спачатку мы проста мелі на мэце „перазагрузіць“ у беларускі сьвет айчынных выканаўцаў, якія раней не сьпявалі па-беларуску і недаацэньвалі магчымасьці беларускай мовы. Шмат з тых, да каго мы зьвярталіся, не зразумелі наогул, навошта гэта, але знайшліся і тыя, на каго гэта моцна паўплывала».

У другой частцы «Перазагрузкі» на беларускую мову пераклалі песьні замежных выканаўцаў: тады па-беларуску загучалі гіты Андрэя Макарэвіча, гуртоў «Мумий тролль» і «Смысловые галлюцинации» (Расея), «Воплі Відаплясава» (Украина), Аляксандра Рыбака (Нарвэгія), Dreamgale (Швэцыя), Zdob Si Zdub (Малдова) ды іншых.

«Сярод іншага, закінулі праз Уладзімера Цэсьлера (беларускі мастак, дызайнэр. — рэд.) ідэю паўдзельнічаць у праекце Андрэю Макарэвічу. Памятаю, зь якім хваляваньнем пытаў у Цэсьлера, як прайшла размова. Спачатку Андрэй пасьмяяўся, сказаў: «Які ж я беларус, чаго я буду па-беларуску сьпяваць?» Але аднойчы, дзякуючы спрыяньню шмат каго, хто гэтую тэму «праціскаў», у маёй слухаўцы загучаў голас Макарэвіча: «Ну што, Сярожа, я еду запісвацца». — «Як, калі?» — «Ды вось заўтра, я ўжо ўзяў квіток».

«Нейкім цудоўным чынам у нас атрымалася, хоць цяпер для мяне гэта выглядае фантастыкай», — кажа Будкін.

«Тузін. Немаўля»

Унікальны праект Tuzin.fm і Падляскай опэры і філярмоніі, у межах якога тры беларускія выканаўцы напісалі арыгінальную музыку да трох першых беларускіх нямых кінафільмаў — «Прастытутка» (1926), «Кастусь Каліноўскі» (1927) і «У агні народжаная» (1929).

«Хацелася «дастаць той пласт кіно, пра які ня ведаюць нават выкладчыкі, самога факту існаваньня якога ў прынцыпе няма ў прасторы. Адну з прэзэнтацыяў правялі на кінафэстывалі „Лістапад“. Фактычна, атрымалася, што мы заплацілі грошы, каб людзі паглядзелі гэтыя фільмы на вялікім экране — упершыню за 70 гадоў», — расказвае Сяргей Будкін.

Казкі кіраўніка менскай «Талакі», гісторыка і пэдагога Сержука Вітушкі тады агучылі вядомыя выканаўцы, паэты і пісьменьнікі, акторы і нават амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

«Мы пасьпелі запрасіць Сяргея Вітушку на прэзэнтацыю зь Вільні ў Менск, дзе ён даўно ня быў. І ўразілі словы ягонай жонкі Людвікі, што мы рэальна працягнулі яму гэтым жыцьцё. Тады ён ужо паступова паміраў, але гэты праект, які выходзіў на „Радыё Рацыя“, ён слухаў, і ўсё гэта яго неяк жывіла», — расказвае Будкін.

Сумесны музычны праект беларускіх музыкаў і праваабарончага цэнтру «Вясна» супраць сьмяротнага пакараньня, запісаны на канцэрце.

Будкін: «Мы прыдумалі цэлую вялікую гісторыю, унікальны праект са струнным квартэтам, зь пясочным шоў, анімацыяй, нейкімі адмысловымі відэазастаўкамі, адмысловай графікай, пэўным канцэптам і ўнікальным матэрыялам».

«Засьпявай»

Конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай» праводзіцца з 2014 году. Музыкі ад 16 да 30 гадоў могуць выслаць запіс песьні на верш аднаго зь ляўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют», каб пазмагацца за грашовы прыз, студыйны запіс ды іншыя ўзнагароды.

«Спачатку „Засьпявай“ вырашылі рабіць проста ў фармаце конкурсу, а потым праект разросься ў адукацыйную рэч, у працу спалучэньня дзьвюх творчых плыняў, якія ў наш час існуюць паасобку — сучасная беларуская музыка і сучасная беларуская паэзія. Таму ў межах адукацыйных сэсій „Засьпявай“ мы апавядаем ня толькі пра чыста практычныя рэчы (як прадаваць сваю музыку, працаваць над іміджам, як стварыць і запісаць песьню, як працаваць са СМІ і г.д.), але і пра гісторыю беларускай музыкі і паэзіі ў кантэксьце сусьветнай».

«(Не)расстраляныя» (2017-2018)

Праект памяці «(Не)расстраляныя» вяртае імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры і ўшаноўвае цэлую эпоху. Ён разросься з музычнага ў адукацыйны, потым у кніжны, а пазьней, відавочна, разрасьцецца ў тэатральны, а можа і ў кіношны, перакананы Будкін.

«Калі ладзіўся праект „Нерасстраляныя“, адным зь лектараў паклікалі паэта Андрэя Хадановіча, які тады нічога ня ведаў пра расстралянага паэта Юлія Таўбіна. Ён адмыслова рыхтаваўся да лекцыі, дасканала вывучыў біяграфію і так зачараваўся ягонымі вершамі, што ўжо па-за праектам уклаў кнігу выбраных вершаў. Яно стала працаваць далей: цяпер і музыкі пішуць, просяць падказаць тэкст каго-небудзь з „Расстраляных“, і ўжо па-за праектам запісваюць песьні», — кажа Будкін.

«Belsat Music Live»

Першы тэлевізійны праект у гісторыі «Тузіну». Паводле Будкіна, абсалютная большасьць беларускіх музыкаў ня маюць якасных жывых відэазапісаў. «Таму спрабуем гэта выправіць. Мяркую, што ў нас матэрыял і вынік, можа, нават лепшы, чым у іншых краінах, і некаторыя выпускі проста на галаву вышэйшыя за нейкія выпускі ВВС.

Пасьля выхаду чарговай праграмы з гуртом, які існуе ўжо 10 гадоў, чуеш захопленыя камэнтары: „Дзякуй, што адкрылі для нас такіх музыкаў“. Гэта і весела, і сумна, што ў нас маладым лічыцца гурт, пакуль ён... не распаўся».

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях